50195.fb2 Скарб Загорскай камяніцы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

Скарб Загорскай камяніцы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

Міроніха яе супакоіла:

— Што там магло здарыцца? Можа, дзе белку ганяець, яны гэтакія — абы-чым заняцца.

— Ой, не кажы, Клавачка, мой Коля попусту час не бавіць, ён парадак любіць… Трэба ісці шукаць! — стаяла на сваім Мар'я, яна адразу і пайшла, але яе спынілі.

— Чакай ужо, разам пойдзем, толькі вось рукі спаласну, — Міроніха завіхнулася да сянец, прынесла конаўку вады і збольшага абліла, памыла рукі, выцерла аб зашмальцаваную на жываце сукенку, і яны рушылі былі ўжо за веснічкі, як убачылі, што ад рэчкі, ведучы Сняжка за повад, ішоў паперадзе Мікола, а далекавата ззаду за канём крочыў Тупік.

— Так і ёсць! Нешта здарылася, — зноў пляснула далонямі Мар'я і пабегла насустрач, але на паўдарозе спынілася, пачакала і вярнулася разам з сынам, заклапочаная і строгая: нешта ж ёй Мікола сказаў такое, што азмрочыла яе твар.

— Вось бачыш, Алесь твой дома ўжо, — паказваючы на Алеся бізуном-пляцёнкай, весела сказаў Тупік, падыходзячы да іх і прыпадаючы на нагу. — Шмат рыбы налавіў?

— Ды ўсяго кіло са два, — сказала за сына Міроніха. — А што, скажыце, у вас там здарылася такое, што вы ўдвух ідзяцё, га?

— Сустрэў во па дарозе, — цяпер Тупік паказаў на Міколу і перавёў гамонку на другое: — Ці не будзе ў вас халодненькай, крынічнай глынуць, а то нешта рот абсмяжыла, хоць салёнага і не еў, здаецца, — усміхнуўся, выцер сасмяглыя вусны, і ад гэтай просьбы, ад добрага настрою, ад спакойнага голасу ўсе адразу супакоіліся, быццам нічога і не здарылася.

Алесь прынёс з сянец тую ж медную конаўку вады, і Тупік асушыў яе да дна, нават і кропелькі палічыў. Аддаў Алесю конаўку і звярнуўся да жанчын: — Трэба мне ў вас тут гаспадарку агледзець, абору, млын… Можа, што і ў калгасе спатрэбіцца, трыер там які…

Ён пусціў каня ў сад пасвіцца, а сам і праўда пайшоў адразу да млына.

— Хадзем, Клаўдзя, даполем твае грады, а то гэтыя непаседы толькі з работы зрываюць, — сказала Мар'я. Па ёй відаць было, што яна ўжо ведае, чаму так доўга не было Міколы і чаму ён прыйшоў з Тупікам. Ды Клаўдзя не такая дапытлівая, каб назаляць сваімі пытаннямі, у яе і свайго клопату хапае. Толькі махнула рукою:

— Хадзем…

Калі хлопцы засталіся адны, Мікола ціха сказаў:

— От добра, што я пабег!.. Гэта ж такое магло здарыцца, нават не верыцца цяпер…

— Што? Што магло здарыцца? — аж падаўся да сябра Алесь, з нецярпеннем чакаючы адказу. Тут Мікола і расказаў Алесю ўсё, што з ім здарылася ў лесе, ніколечкі не прыбаўляючы, не перабольшваючы. Алесь і так толькі войкаў ды аберуч хапаўся за галаву.

— Што цяперака будзе! — пабедаваў ён. — Ён можа наш хутар спаліць…

— Не спаліць, Тупік тут пільнаваць яго будзе, засаду на яго зробіць.

— Якую засаду?

— Звычайную. Засядзе куды-небудзь у патаемнае месца і будзе чакаць…

— Вось бы ды з ім у тую засаду!

— Няможна! Там, можа, страляць будуць…

— Э-эх, дарэмна мы такую вінтоўку ды на кнігі змянялі! Вот бы цяпер і спатрэбілася. А то чытай тыя кнігі.

— Кнігі для нас вунь як лепш за тую вінтоўку! — запярэчыў Мікола. — От збегай і прынясі якую, будзем чытаць і юшку гатаваць…

Яны спярша пачысцілі рыбу і пачалі абіраць бульбу для юшкі. Тая бульба — з дзесятак — пасохла ўся, парабілася смарчкамі, учарнела, парасла сіняватымі парасткамі, але што ж гэта за юшка без бульбы, і хлопцы абіралі яе дбайна, акуратна, каб лішняга не зрэзаць у шалупінне.

А калі ўжо юшка гатавалася ў невялічкім цынкавым вядзерцы на агні, які расклаў сярод двара Мікола, Алесь прыцёг старую, без вокладкі, кнігу і сказаў:

— Чытаем далей?

Мікола задумаўся. Акуратна абклаўшы вядзерца сухім яблыневым суччом, якога багата было ў садзе ля плота, куды некалі сцягвалі зрэзаныя сукі ад яблынь, ціха прамовіў:

— Прадказанні, сны… Што гэта? От жа і ў кнізе няма адказу. А я ж сёння таксама, можна сказаць, дзіўны сон сасніў, гэта ж мне быццам было прадказанне…

— А я дык нічога не сню, — прастадушна засмяяўся Алесь. — Як лягу — бы ў вір галавой! — і дадаў: — Во, слухай, што піша вядомы англійскі доктар… — Ён разгарнуў кнігу і прачытаў: — «Прадказанні часта з'яўляюцца людзям з хваравітай псіхікай, з павышанай нервовай адчувальнасцю». Значыць, ты — псіх! — аж зарагатаў ён. — Хворы псіх!..

— Чалавек з павышанай нервовай адчувальнасцю — не хвароба, а прыроджаная якасць, асаблівасць натуры — таксама там напісана. І не доктарам, а прафесарам… На сёмай старонцы… Прачытай, калі не верыш.

— Табе я веру. От лепш паслухай, што я выкапаў,— і ён зноў прачытаў: — «Выпадак пяты… У спякотны дзень маладая жанчына мыла на дварэ ў балеі бялізну. Яе шасцігадовы сын падбег і сказаў: «Мама, я пайду на рэчку пакупаюся». Але жанчына насварылася на яго і забараніла аднаму хадзіць на рэчку. Неўзабаве яе змарыў сон, і яна прылегла ў цяні на разасланай коўдры. І ўбачыла жахлівы сон, што быццам яе сын падбег да рэчкі і, скочыўшы з высокага берага ў ваду, пачаў тапіцца. Яна нахілілася, каб уратаваць яго, і сын балюча схапіў яе ручкай за твар. Ад болю і страху жанчына прачнулася. Твар яе яшчэ, здавалася, гарэў у тым месцы, за якое схапіўся сын…

Тут падышла суседка і спытала, што гэта ў яе за чорная пляма на твары? Жанчына пабегла ў хату і зірнула ў люстэрка: на шчацэ чарнелі адпячаткі пяці маленькіх пальчыкаў…

Прадчуваючы бяду, яна кінулася шукаць сына, але яго нідзе не было. Тады перапалоханыя жанчыны пабеглі да рэчкі. Там, пакрыты з галавой вадою, моцна ўчапіўшыся пасінелымі рукамі ў звіслую з берага траву, быў хлопчык: ён утапіўся, як пасля выявілася, у той момант, калі жанчына ў сне ратавала яго… Выпадак шосты…»

— Досыць! — перапыніў яго Мікола. — Гэтая кніга не для нас. Яе і Пікуліку нельга паказваць…

— Чаму? — не зразумеў такога запалу Алесь.

— Як там у прадмове сказана? Містыка ўсё гэта, адным словам — лухта. Давай лепш Чэхава.

Алесь глядзеў на збялелы Міколаў твар і нічога не разумеў. Сказаў пакрыўджана:

— Сам жа пачаў чытаць гэтую кнігу.

— Спярша мне было цікава. Я хацеў многае зразумець, ды бачу, што не для нас гэта яшчэ… Не для нас! — паўтарыў ён, і было бачна, што той «выпадак пяты» яго дужа ўразіў і растрывожыў.

«Відаць, Мікола і сапраўды вельмі расхваляваўся», — падумаў Алесь, сам яшчэ добра не ўсведамляючы значэння апошняга слова — што гэта за такая псіхіка і з чым яе ядуць?

— Пара ў юшку цыбулю кідаць, — сказаў Мікола і ўстаў ад агню, які ўжо амаль згас, і толькі яркае вуголле зырка тлела абапал вядзерца, якое прыемна булькатала і разносіла казытлівы пах рыбы. Узяўшы з Алесевых рук кнігу, аднёс яе дадому і зайшоў у гародчык насашчыкваць цыбулі.

Ён і сапраўды быў вельмі ўражлівы, да хваравітасці. Шкадаваў, здавалася, увесь свет. У каго якая бяда — у Міколы па ёй сэрца баліць. Ён шкадаваў зімою птушак, і хоць іншы раз бывала самаму галаднавата, выносіў ім апошнюю крошку хлеба; шкадаваў мушку, якая трапіла ў павучынне, і заўсёды выбаўляў яе з бяды. Любыя пакуты ўзяў бы на сябе Мікола, каб толькі другім было добра, каб толькі другія не адчулі тых пакут…

Вось чаму і пабег ён за Гэлькай, нават не раздумваючы пра небяспеку, рызыкуючы сабою, сваім жыццём, каб засцерагчы яе ад бяды. І цяпер быў рады, што яно сапраўды так сталася: Гальцы пагражала небяспека…

На абед запрасілі і Тупіка. Ён не адмовіўся, а дастаў са сваёй сумкі ладны кус сала і паўбохана «свойскага» хлеба, да таго падрумяненага, што аж слінкі цяклі. Усё паклаў на стол, пакроіў на кавалкі і падсунуў кожнаму.

— Прызнацца, абрыдла сухамяць… А юшкі дык не каштаваў ужо, можа, з год! — ён прычмокваў, круціў галавою і падміргваў хлопцам. — Сма-а-ака-та якая! Язык праглынеш.

А хлопцы ўчапіліся зубамі ў сала, якога таксама не елі даўно, вусны іх ільсніліся ад тлушчу, вочы гарэлі.

— Самая лепшая рыба — гэта сала! — сказаў са смехам Алесь, казаў не сваё, а пачутае ад бацькі, але ўсім было весела ад гэтага вядомага жарту, бо сёння на стале было, як ніколі, багата ўсяго.

Міроніха апроч сырадою паставіла яшчэ місу тварагу. Адным словам, абед быў шыкоўны.

— Ай ды рыбка! — усё хваліў Тупік.

— Мы б гэтай рыбкі ву-у-унь колькі налавілі, калі б яшчэ ўдвух, — пачаў Алесь, ды Тупік яго перапыніў: