50195.fb2
— Трэба яго злавіць, — прастадушна сказаў Алесь.
— Трэба, — згадзіўся Тупік. — Тут ты, брацішка, маеш рацыю. А пакуль вам такі загад: з дому не адыходзіцца, ніякай самадзейнасці. Я тут буду, з вамі, толькі не ў хаце, а ў аборы.
— У засадзе? — зірнуў на яго Мікола.
— У засадзе…
На тым і пагадзіліся.
Ігнат рыхтаваўся да сустрэчы ў Мокрым Лозе. Апроч невялікага пісталеціка — браўнінга, — які ён паклаў у бакавую кішэню фрэнча, узяў яшчэ фінку і гранату. Фінку засунуў за халяву бота, як сапраўдны бандыт, а гранату паклаў у кішэню галіфэ. Узброены да зубоў, ён і выйшаў з вёскі адвячоркам, калі сонца ўжо хавалася за зубчатым краем лесу — недзе а дзесятай гадзіне.
Тая акалічнасць, што Зыгмусь гнаўся за Гэлькай, прымусіла Ігната быць вельмі асцярожным і ўважлівым — ці не збіраецца той Зыгмусь «ірваць кіпці» адсюль? Інакш, чаго б гэта яму цяпер выкрываць сябе? Незразумела. А можа, той Зыгмусь ужо і пра яго, Ігната, што ўведаў? Цяпер вось выкрыў сябе, навокал загамоняць — можа і ў хамут ударыць, збегчы ў іншае месца, і тады ўсе яго, Ігнатавы, задумы паляцяць да д'ябла. І яшчэ добра, калі збяжыць адзін. А як і тых бандытаў павядзе за сабою? А ты, Ігнат, хіба ведаеш, якая ў іх ёсць зброя? Не, не ведаеш…
Усе гэтыя пытанні і прымусілі Ігната быць пільным і ўважлівым, да ўсяго гатовым.
Вядома, арыштаваць усіх разам можна ў любы час. Але ж трэба пачакаць, пакуль не стане ясна — дзе ж захавана тое багацце, пра якое вось ужо колькі часу гаворыць Зыгмусь. Яно, безумоўна, ёсць, недзе захавана. А Зыгмусь цягне з пошукам. Можа, і ведае тое месца прыблізна, ніяк не знойдзе? І ці знойдзе калі? А што будзе тады, калі яны з Тупікам і скарбу таго не ўбачаць, і бандытаў з вока ўпусцяць? За такую работу іх, безумоўна, па галоўцы не пагладзяць…
Ігнат дастаў з кішэні паперку, якую пакінуў яму Тупік, і зноў — у які ўжо раз! — прабег вачамі па няроўных радках: «Зыгмусь пачаў дзейнічаць адкрыта — рабіць засады, напады… Абясшкодзь неадкладна!..» Абясшкодзь. Лёгка сказаць. А як ты яго абясшкодзіш, калі пэўна не ведаеш, дзе ён зараз, у гэтую хвіліну, знаходзіцца? Начаваць пачаў на млыне, на другім паверсе, спіць у скрыні крупадзёркі — гэта вядома. Наслаў там сабе сена, кінуў нейкую старую коўдру, але ўсё ж ямчэй, чым проста ў лесе, на голай зямлі. А днюе то на могілках, то ў Мокрым Лозе. Значыць, ходзіць блізка ля хутароў, можа па дарозе і чырвонага пеўня падкінуць. А вось не робіць гэтага. Чаму? Таксама немалаважнае пытанне: папярэджваў жа, што спаліць хутар. Можа, гэта звязана з тым невядомым скарбам? Можа, у хаце ён дзе схаваны? Таксама трэба пранюхаць…
Адным словам, клопату ў Ігната хапала, адказнасці — таксама. У асноўным уся адказнасць па выяўленню і абясшкоджванню злачынцаў ляжыць на Тупіку, а ён прыданы ў дапамогу. Апроч таго, ёсць яшчэ тры чалавекі з мясцовага актыву, якія дапамагаюць ім, але тыя толькі для засад, для арышту, дзе патрэбна сіла большая, чым яны з Тупікам…
«Сёння ўсё вырашыцца — калі і дзе браць тое асінае гняздо. А браць яго трэба раптам, знянацку і ўсё адразу, а то патрывожаныя восы дужа злыя і куслівыя, яны разлятуцца і будуць нападаць на любога, хто ім трапіцца на шляху, будуць джаліць балюча…»
Так разважаў Ігнат, ідучы на апошняе баявое заданне. А ці апошняе? Вунь, за Халопенічамі, зноў сельмаг абабралі, з калгаснага статка трох падцёлкаў звялі… Не гэтыя ж, не Панас з хеўрай ды не Зыгмусь. Значыць, новыя зладзюгі аб'явіліся. «Могуць і туды паслаць, — нявесела падумалася Ігнату. — Толькі там ужо няма Тупіка. І не будзе такіх хлопцаў, як Алесь і Мікола. Яны ж так нам дапамаглі!.. А Мірон? Не будзе іх — будуць другія. У нас цяпер народ не той, што, бывала, раней, ён не баіцца ніякіх бандытаў, ён усё бачыць і заўсёды дапаможа — у гэтым наша сіла…»
Наперадзе, за нешырокімі вастраверхімі, бы свечкі, кустамі ядлоўцу мільгануў цень. Ігнат прысеў, прыслухаўся. Так, у тым баку чуваць чыесьці крокі… Вось яны заціхлі. «Можа, лось», — падумаў Ігнат і пайшоў на тое месца, дзе бачыўся яму цень. Толькі ласіных слядоў не заўважыў, хоць мох там быў крыху прымяты. Э-э, ды гэта ж чалавечыя сляды! Інстынктыўна паклаў правую руку пад крысо фрэнча, намацаў у кішэні рукаятку пісталеціка, хаця разумеў, што нападаць на яго ніхто не будзе: бандыты ж «свае», і Тупік — свой. Ды Тупік жа цяпер на хутары ў засадзе…
Якая там засада! Наўмысна каня ў сад пусціў, каб палохаць засадай, адганяць ад хутароў нязваных гасцей: уберагчы хутары — таксама іхняя справа, міліцыі.
Раптам ззаду, як стрэл:
— Стой!
Ігнат спыніўся, замёр на месцы. Голас, што яго спыніў, знаёмы, Зыгмусеў гэта голас. І таму, не паварочваючыся, спакойна сказаў:
— От зараз як улуплю табе знянацку ў лоб кулю, тады будзеш ведаць, як людзей пераймаць…
— Гы-гы-гы, а хіба маеш кулю? — зарагатаў той.
— Маю…
— От жа не змеціў мяне, от жа скажы — лоўка падкраўся?
— Проста — рысь! — павярнуўся да Зыгмуся Ігнат. — Толькі я ўмею страляць і не павярнуўшыся, на голас…
— Пакажы от тое, з чаго страляеш… Можа, і мне пару патронаў дасі? Га?
— Не наган, во што… — Ігнат паказаў Зыгмусю браўнінг, каб паглядзець на яго вочы. Не, яны не запаліліся, як бывала заўсёды, калі ён бачыў зброю.
— Пшыпалка, проша пана, а не зброя! — грэбліва скрывіўся Зыгмусь. — Ёй толькі мух на сцяне біць.
— Добрую дзірку і ў чэрапе зробіць, — запярэчыў Ігнат. Ён глядзеў на гэтага малога, прыгорбленага, з малымі свінячымі вочкамі, вузкалобага чалавека, які і ішоў неяк бачком, як малпа, і яму так карцела прыціснуць яго да зямлі і пад пісталетам прымусіць сказаць, дзе захавана бацькоўскае дабро. Толькі тая акалічнасць, што непадалёк могуць быць і другія яго хаўруснікі, прымусіла Ігната адкінуць прэч спакуслівыя думкі, стрымацца.
— Пойдзем? — неяк раптоўна пазмрачнеўшы, быццам тыя Ігнатавы думкі перадаліся яму, спытаў Зыгмусь. — А то нейкі ты злы сягоння.
— Пойдзем, а то тут быць небяспечна.
— Ведаю. Тупік на маім хутары засеў. От бы жыўцом яго, га? Ды падсмажыць…
— А калі ён не адзін?
— Адзін! З хлопцам на кані ехаў… Той пракляты конь мне ўсё дзела сапсуў, каб не ён, то злавіў бы я шчанюка…
— А памочнікі ехаць не будуць, — не звярнуўшы ўвагі на незадаволенасць Зыгмуся канём, папярэдзіў Ігнат. — Яны табе такімі сцежкамі пройдуць, што толькі войкнеш. Засады так і робяцца — што навідавоку, тое для дурняў.
— Во ў іх як!
— Усюды яно так. Скуратовіч, бывала, толькі так і заманьваў малыя групы чонаўцаў: сядзе на якім хутары з ад'ютантамі, а банду ў лесе напагатове трымае — вазьміце яго.
— Цяпер часы скуратовічаў мінулі…
— Дык навошта ж ты людзей пужаеш? Навошта лішні шум робіш? От наедзе міліцыя, ды і схопяць нас тут, як сляпых кацянят, цёпленькіх. Нашто табе была тая дзеўка?
— Яна ж Тупікава нявеста! Майго заклятага ворага! — усклікнуў Зыгмусь, забягаючы наперад.
— Дык за гэта забіваць?
— А можа, я і не забіў бы, — зазірнуў знізу ўгору Зыгмусь, вышчарыўшы рудыя рэдкія зубы. — Сам бы, можа, на ёй ажаніўся. У каплічцы нашай павянчаліся б… Гы-гы-гы!
— От цяпер мне трэба і падумаць…
— Што?
— Ці звязвацца з такімі хлапчукамі.
— Я не хлапчук табе! — зноў звёў чорныя бровы Зыгмусь. — Усё роўна адпомшчу, не забыў яшчэ, як той Тупік тату рукі круціў ды рэвальверам пад нос тыцкаў!
— Бо твой татачка тады хацеў кокнуць Тупіка з абразанкі, ды прамахнуўся…
— Нешта ты яго шкадаваць пачаў,— падазрона зірнуў на Ігната Зыгмусь. — Ці не знюхаліся, можа? Адам, пісар, казаў, што ты часцяком да Тупіка хадзіў… га? Ці праўда?
— Каб усё ведаць пра свайго ворага, трэба сачыць за кожным яго крокам, чуць, што ён гаворыць, бачыць нават, што ён есць, — адказаў на гэта Ігнат.
— А-а, хіба так…
«Іменна — так, — насмешліва падумаў Ігнат. — Іменна таму я і з табою, боўдзіла!»