50195.fb2 Скарб Загорскай камяніцы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 29

Скарб Загорскай камяніцы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 29

— Ды што ты! Той валун і трактарам не зрушыш, ён, пэўна, больш тоны важыць.

— Дык што ж тады?

— Убачым! — коратка кінуў Ігнат. — Цяпера галоўнае падрыхтавацца як след, не даць ім апамятацца. З раёна памочнікі будуць?

— Два.

— То й хопіць. У барановы рог скруцім!

— Балакай… А ці варта табе выкрывацца? А раптам ды яшчэ не ўсё, не канец? Можа, яшчэ спатрэбішся…

Ігнат засмяяўся, ад чаго скура абапал тонкага носа змаршчынілася:

— Ці не думаеш ты збавіцца ад мяне? А хто ж табе на вяселлі граць будзе? Дарэчы, калі думаеш жаніцца? І дзе? Не ў тваім жа пакойчыку, тут і тром не развярнуцца.

— Грымець асабліва не будзем, — адказаў Тупік. — Збяру сваякоў — малодшы брат у мяне ёсць, дзядзькі ды пляменнікі,— сяброў і памочнікаў, ды пададзімся на хутар. Там прасто-ора! Ды і пажыву пакуль там. А як знясём — нешта збудую сабе ў вёсцы, складзем чатыры вуглы… Старшыня сельсавета абяцаў памагчы.

— Ды і мая не адмовіць! Дай бог толькі, каб усё добра склалася, то, можа, што і на пасаг вымеркуем. Праўда, у сельсавецкай касе не дужа багата, але нешта ды знойдзецца. Вось калечка залатога не абяцаем. А парася прырэжам…

— Ніякіх калечкаў, а тым больш — залатых! — засмяяўся Тупік. — Вяселле будзе пралетарскае…

— Во — гэта гаворка! — пачулася ад дзвярэй. Там, з невялічкаю кашолкай у руках, накрытай кавалкам белага паркалю, стаяла Марыля, Ігнатава жонка — малая, круглатварая жанчына з вясёлымі карымі вачамі і ў меру кірпатым носам. — Вяселлі я люблю. Праўда, сваё мы з Ігнатам так і не згулялі, усё адкладвалі на лепшыя часы, а яны, тыя часы, і цяпер недзе йдуць…

— А мы з Валодзем заадно давай! — падхапіў надзвычай вясёлы сёння Ігнат. — Прыціснем свайго вепручка — ды на агульны стол! Раскашуемся…

— Ды ладна ўжо! — махнула рукою жанчына. — Дзяцей ужо скора жаніць… От хіба тут раскашуйцеся. — Яна пасунула на стале разам з гросбухам паперы і газеты і паставіла туды кашолку. — Ешце от бульбу гарачую з мачаннем на смажаніне… Цёпленькае ўсё. І сырадойчыкам запівайце, а я пабегла на луг.

Яна гэтак жа непрыкметна, як і з'явілася, знікла, быццам і не было яе тут.

Калі знялі з кашолкі паркаль, то на ўвесь пакой запахла смажанінай.

— Добра… Вельмі добра! — паціраючы рукі і ўдыхаючы носам казытлівы паз смажаніны, прамовіў Тупік.

— Што — добра? — вымаючы з кашолкі ўсё на разасланы паркаль, спытаў Ігнат.

— Харошая жонка — добра! Усё табе на сподачку… Харошая яна ў цябе, Ігнат, руплівая і ўвішная. Тут была, тут няма. І па гаспадарцы справілася, і ў калгасе — наперадзе. Не абы-як, пусці-павалюся…

— Хіба твая Гэлька горшая будзе? От ужо, як гаворыцца, пазайздросціў старому, маладую беручы… Давай от цяпера і памаўчым, тут, бачыш, ёсць над чым папрацаваць.

Усё і сапраўды было смачнае. Ад бульбы ў місе яшчэ ішла пара. Мачанне было ў другой місе. Малако — у невялічкім гладышы.

— От толькі лыжка адна! — развёў рукамі Ігнат.

— Гэтай бядзе мы паможам, — засмяяўся Тупік, вымаючы са сваёй паходнай сумкі, якая была заўсёды цераз плячо, відэлец-лыжку, складзеную надвое. — Без гэтай прылады я — нікуды! Як араты без плуга…

Толькі яны ўладкаваліся за сваім застоллем, як у кантору ўварваўся стары калгасны конюх. Хударлявы твар яго быў узрушаны, аж пачырванелы, вочы гарэлі халодным злосным агеньчыкам. Прама з парога загаварыў, заікаючыся:

— В-в-вы тут, г-гэна, палуднуеце, тав-варыш Т-ту-пік, а ў нас т-там, г-гэна, ч-чап-пэ…

— Што там у вас? — не зразумеў Ігнат.

— Ч-чапэ…

— Якое яшчэ чапэ? — уставіў слова і Тупік.

— Р-раб-буюць сяр-род б-бела дня… Я, г-гэна, толькі з мехам за аўс-сом д-для с-стаеннік-ка п-пай-шоў, а ён, г-гэна, з-за к-каня, ас-сядлаў яшчэ, г-гад, і х-х-ходу. Была б с-стрэльба, г-гэна, то, дальбог, с-смальнуў бы…

— Хто там вас рабуе? — адразу адчуўшы штосьці няладнае ў незразумелай гаворцы старога, Тупік устаў, падышоў да яго. — Гавары толкам!

— Д-ды г-гэны… п-п-пісарчук б-былы. Я крычу — стой, п-паганец, а ён, г-гэна, т-толькі д-дул-лю м-мне п-паказаў, от як було…

— Та-ак, було, скажам прама, не дужа цікава, — у задуменні прамовіў Тупік і звярнуўся да Ігната: — Чуў?

— Чуў…

— Ідзі, дзядзька Міхей, а то яшчэ што там здарыцца. Разбяруся… — Калі стары выйшаў, усё нешта мармычучы сабе пад нос, дадаў: — Вось і дасядзеліся… Бандыты пад самым носам коней крадуць. А для чаго? Ідзі, брацішка, дазнайся. Гэта па тваёй ўжо часці, Ігнат. А пакуль даямо.

Ды ежа ўжо не здалася такой смачнаю, як спачатку, апетыт сапсуўся. Сяк-так даелі мачанне, запілі ўсё малаком, проста з гладыша, нагбом па чарзе.

Ігнат зірнуў на Тупіка.

— Адразу і ісці?

— Ідзі… Што яны яшчэ там замыслілі — каб усё ведаць, каб ніводнага кроку не ўпусціць. Тэпай у Мокры Лог…

— А ты — на хутар?

— Не. Хутары яны чапаць не будуць, бо там ляжыць іхняе дабро, а коней траляваць сосны Крывы Панас папрасіў на суботу, значыць, да суботы там будзе ціха…

І зноў давялося Ігнату збірацца ў дарогу, у сваю штодзённую разведку.

Тупік адразу пайшоў на канюшню. «Толькі б не разбегліся зайцы, — думаў ён. — Засталося два дні. Ці будзе вартая тая аўчынка вырабкі?..»

Ён меў на ўвазе загад райміліцыі сачыць за злачынцамі да таго часу, пакуль не адкапаюць скарб. На гэта цяпер і працаваў Ігнат…

Белая

У адчыненае акно пачуўся Міронаў голас:

— Хлопцы, прымайце гасцей!

— А хто там, тата? — спытаў Алесь.

— Настаўнік з вучнямі…

Хлопцы ад нечаканасці аж лыжкі пакідалі, паўсхопліваліся з-за стала і кінуліся апранацца, бо за сталом сядзелі толькі ў адных трусах. І не прымаць жа тых гасцей у такім пакоі, дзе і ложкі засланы толькі шэрымі старымі коўдрамі — у людзей, бачылі, яны засланы прыгожымі посцілкамі, тканымі на восем ці нават больш нітоў,— і на стале цэлы вэрхал, ды і падлога не мецена.

І таму яны паспяшаліся тым гасцям насустрач, выйшлі на падворак і ўбачылі Анюту і Пікуліка з двума хлопцамі і адной, ва ўсім белым, дзяўчынай. Хлопцаў яны ведалі, то былі іх аднакласнікі з Замошша, а вось дзяўчыну бачылі ўпершыню. Даволі поўная, бялявая, з блакітнымі, вельмі светлымі вачамі і круглым тварам, яна выдавала надзвычай мажнай у параўнанні з танклявай Анютай. Ва ўсіх у руках былі звязкі кніг. Напэўна, тых, што засталіся ў старым куфэрку…

— Дзень добры, мае ўдарнікі! — весела зазначыў настаўнік і падышоў да хлопцаў, падняў вышай пакунак. — Бачыце, які скарб нясём? Па вашай падказцы! Нешта ж вас на лузе больш не відно…