50195.fb2 Скарб Загорскай камяніцы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Скарб Загорскай камяніцы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Калі Мікола, адкасаўшы штаны, выйшаў на бераг Казы, то адразу ўбачыў Алеся. Ён даплятаў лазовы кош з даўно нарэзаных, паскепленых і вымачаных дубцоў.

— Чаго ты туды хадзіў? — паказаў рукою на суседні хутар.

— Каня глядзеў… Сняжка…

— А можа, Анюту? — хітрыя Алесевы вочкі прыжмурыліся, пасуровелі.— Ведаеш што… Не хадзі больш туды. Да іх ноччу нейкі чалавек наведваецца. Тата казаў. А можа, яны, Ваўчкі, з бандай звязаны. Ты чуў, што ў Рудачках банда ёсціка? — раптам як аглушыў ён Міколу, хоць голас крыху прыцішыў.

— Не, а што?

— А тое… Тупік камсамольцаў збірае на аблаву, як на ваўкоў, значыць… Усім стрэльбы дае.

— Можа, вінтоўкі? — паправіў яго Мікола. — Стрэльбы — гэта паляўнічыя. А ў Рудачках і праўда ваўкі водзяцца здаўна, там іх логава ёсць.

А сам падумаў: «Мусіць, Тупік і ездзіць бандыта злавіць, не толькі да Гэлькі…»

— І паляўнічыя ў ход ідуць…

— А хто ж там, у Рудачках?

— Невядомыя, чужыя… Учора ў Пабярэжжы Максіма абрабавалі, забралі кумпякі, кілбасы… — і раптам: — Хадзем, я табе нештачка пакажу — дык ахнеш! — Алесь таямніча азірнуўся, сабраў свае дубцы, узяў гатовы ўжо кош і пашыбаваў ад рэчкі паперадзе. — Пад падлогай знайшоў… Дзе сячкарня стаіць.

— Што знайшоў? — ідучы следам, спытаў Мікола, поўны нецярпення хутчэй даведацца пра Алесеву знаходку.

— Тайна! Я там пятак згубіў, у дзірку між падлогі заваліўся. Узадраў дошку, пачаў шукаць, а там — ой-е-ей! От сам убачыш, дапраўдачкі,— як і бацька, прамовіў ён гэтае слова.

Мікола ведаў — сячкарня стаяла ў самым куце аборы, звычайная, на два выгнутыя літарай «г» нажы. Там не раз хлопцы рэзалі зімою для сівулі сечку з сухога бульбоўя і саломы. Была сячкарня ёмкая, вострая, добра замацаваная. І проста дзіву даваліся «паны», што ўвесь гэты інвентар — трыер, сячкарня, малатарня, касілка і іншыя дробныя прылады — стаяў сабе ў аборы нейкай непатрэбшчынай. А ў калгасе — ён толькі-толькі заснаваўся — ніякіх сельскагаспадарчых прылад, апроч плугоў ды баронаў, не было і звання. Як разумеў Мікола, хутарское па нейкіх незразумелых прычынах чамусьці не хацелі браць. Ужо шмат пазней хлопцы даведаліся, што, апроч сячкарні, усе тыя машыны былі папсаваныя. Рамантаваць іх не было каму, ды і запасных частак адшукаць было цяжка. У аборы ж машыны не ржавелі, бо былі пад добрым дахам. І чакалі яны свайго часу надзейна захаваныя…

У старой аборы была прахалода. Можа, таму, што там заўсёды панаваў паўзмрок і гуляў ветрык: вядома, стадола, лічы, без дзвярэй, без столі, а ў шчытах дзіркі.

Калі хлопцы праз нахіленыя дзверы — яны, вялізныя і цяжкія, на адной пятлі навіслі над уваходам, гатовыя ў любы момант абурыцца, — зайшлі ўсярэдзіну, то першае, што ўбачылі,— у куце прамільгнуў нейкі руды звярок. І нырнуў пад падлогу там, куды вёў Міколу Алесь, у не закрытую маснічынай адтуліну.

— Во, халера, што гэта за звер там схаваўся? — аж сумеўся ад нечаканасці Алесь.

— Шашок, — няпэўна адказаў Мікола.

— А ён кусаецца?

— Сунь палец — адшчыкне! — мабыць, прыдумаў на хаду Мікола, бо пра шашкоў ён ведаў не больш за Алеся. — Курэй, ведаеш, як рэжа!

А ў нас іх няма. Хай у вёску бяжыць курэй рэзаць… — Алесь спыніўся і зазірнуў у адтуліну. — Там яно ляжыць, куды той чортаў шашок нырнуў…

— Што ляжыць?

Замест адказу Алесь схапіў жалязяку, якой, відаць, падымаў маснічыну, пагрукаў ёю па падлозе і, нахіліўшыся, выцягнуў з-пад падлогі доўгую і цяжкую, крыху прыржавелую вінтоўку.

— Во… Прыедзе Тупік — аддадзім, — сказаў ён. — Можа, спраўная. А пакуль няхай ляжыць.

— Пачакай! Давай перахаваем яе.

— А нашто?

— Нехта ж паклаў яе тут… Можа, які бандыт. А мы перахаваем — не знойдзе. Дай патрымаць, — папрасіў Мікола.

Перадаючы сябру вінтоўку, Алесь нібы раіўся з ім:

— Дапраўдачкі, перахаваем! А што потым? Га? А калі з-за яе ды непрыемнасці, га?

І гэтае «дапраўдачкі», і пакорлівасць, з якой Алесь згадзіўся перахаваць вінтоўку, і няўпэўненасць, нават разгубленасць — усё ў ім было ад бацькі. Таму хоць Мікола і меншы за яго ростам, і маладзейшы на паўгода, аднак Алесь яму падпарадкоўваўся, слухаўся яго як старэйшага.

— Ніякіх непрыемнасцей не будзе, калі сам не прагаворышся каму. Ясна? Ні слова! — ужо тонам загаду прамовіў Мікола. — А цяпер давай яшчэ пашукаем тут… Патрымай, — перадаў ён яму вінтоўку. А сам, худы, вёрткі, як той шашок, спрытна юркнуў пад падлогу, ад якой да зямлі было з паўметра: падваліны былі тоўстыя, няйначай, з дубу. Прысеў і азірнуўся. Убачыў непадалёк два жывыя вугельчыкі, здагадаўся — звярок. А бліжэй, каля падваліны, згледзеў нейкую скрынку, падпоўз, памацаў, паспрабаваў рукой скрануць з месца. Скрынка была дужа цяжкая, але паддалася.

— Ну, што там так доўга? — не стрываў, спытаў зверху нецярплівы Алесь.

— Ды от… нейкая скрынка тут. Пакратаў, дык там нешта блямкае…

— Не чапай! А то, можа, якая бомба?

Ды не такі Мікола, каб адступіцца, спалохацца. Цікаўнасць узяла верх. Хоць і худы, а сілы ў ім — за двух. Узяўся за выступ дошкі на скрынцы і моцна пацягнуў на сябе. Дошка суха стрэліла і адламалася.

Усунуў руку ўсярэдзіну і адразу ж здагадаўся: патроны!

— Ой! — спалохана ўсклікнуў Алесь. І голас яго чуўся ўжо крыху далей. — Што там у цябе страляе? Мікола! Што ў цябе там такое?

— Аа-а-а-апчхі! Аа-ат-ап-чхі! — пачулася з-пад падлогі, а неўзабаве высунулася рыжая ад парахні Міколава галава, потым дзве рукі. У кожнай з іх былі новенькія, аж бліскучыя патроны. — Во што там… Гэта да вінтоўкі. Усё перахаваем, калі сцямнее. Дай пакуль вінтоўку сюды…

Яны акуратна заклалі маснічыну і выйшлі з аборы, дамовіўшыся, што, як сцямнее, усё перанясуць да млына і там схаваюць у невялікай прыбудове, дзе раней стаялі вагі і розныя скрынкі, а цяпер толькі валяюцца абрубкі гнілых, нікому не патрэбных дошак…

Начныя госці

Вестка пра тое, што да Ваўчкоў нехта ходзіць, занепакоіла Міколу. Яму так хацелася зноў сустрэцца з Анютай, пагаварыць з ёй, расказаць, як ён аднойчы, ловячы рыбу, выцягнуў з-пад калоды чорную гадзюку, як бярэ рака толькі за спіну, бо яго клешні, бывае, ціснуць дужа балюча, да крыві. І наогул, у яго ёсць што расказаць, але…

Здаля відаць, як Анюта носіць дровы пад павець ля хлява і складае іх там. За дзень Ваўчок наколвае цэлую гару. А яна вось, гэтая кволая дзяўчынка, носіць. Міколу шкада Анюту. Памог бы, але зноў той ваўкаваты Ваўчок вызверыцца. Не любіць ён чужога вока на хутары. Пра Тупіка гэткае казаў, што хоць вушы затыкай. І Гэльку не пускае ў Калінаўку, у хату-чытальню, каб вучылася хоць трохі чытаць. Ды наогул, пасяліўся ён на хутары Красоўскага невядома чаму. Сваю хату ў Пабярэжжы аддаў сястры-бабыльцы, а сам сюды прыехаў «панаваць», няйначай разбагацець, раскашавацца на панскай зямлі захацеў. Але без каня ці многа той зямлі спажывеш? У калгасе не дадуць, туды трэба самому завесці каня ці карову, а ўсё гэта Ваўчок пакінуў у Пабярэжжы. Конь чамусьці неўзабаве паў, і ніхто не ведае — чаму, па якой прычыне. Быў не дужа стары, жывы, здаровы, а паў за які тыдзень, аднойчы ноччу. Раніцою вароты хлява адчынілі, паглядзелі — ляжыць конь здубянелы ўжо…

Пагаворвалі, што сястра, каб не весці ў калгас, нечым атруціла яго, але доказаў ніякіх не было. Ды і Ваўчкам на хутары конь быў вунь як патрэбны — шкадавалі яго, аж плакалі. Асабліва — жанчыны…

«Гаруюць людцы, як і мы», — успомніў Мікола матчыны словы пра зарачанскіх «паноў» і яшчэ больш зашкадаваў Анюту, якую прымушае так цяжка працаваць айчым. І тут жа падумаў, што вось у яго ні бацькі, ні айчыма няма, адна маці, і гэта добра: ніхто імі не камандуе, а з маці добра, яна шкадуе, любіць яго…

«Калі б Міхала не забілі на граніцы…» — заўсёды, калі было цяжка, казала маці. Так, Міколаў бацька загінуў на польскай граніцы ў дваццаць чацвёртым годзе, дзе служыў на заставе пагранічнікам. Загінуў у няроўным баі з бандай парушальнікаў, і таму маці выдзелілі на Міколку пенсію, раз у год выдавалі ў сабесе то штаны, то чаравікі, то які картовы гарнітурчык…

Ахоплены ўспамінамі, Мікола падышоў да рэчкі і доўга ўглядаўся на суседні хутар — ці скора ўжо там Анюта скончыць сваю працу і прыбяжыць сюды мыцца ці паласкаць бялізну? Звычайна яна пасля якой бруднай працы адразу бегла да рэчкі, скідала сукенку і ў споднім, падкасаўшы, лезла на мелкаводдзе, мылася, пляскалася як гусыня і вылазіла ўся змоклая хоць выкручвай. А цяпер вось чамусьці знікла з вачэй і не паказваецца…

І чаго гэта ты гадзінамі глядзіш туды? — раптам проста над галавою загрымеў Алесеў голас. Адкуль ён тут узяўся? Мікола азірнуўся і нікога не ўбачыў.

— Эй, дзе ты тут?

— Глядзі вышэй! — Алесь сядзеў на густой, разгалай вярбе, пад якой стаяў Мікола, і ўсміхаўся на ўвесь рот. — У мяне лепшы назіральны пункт! Дапраўдачкі…

Міколу аж няёмка зрабілася: думаў, што за ім ніхто не сочыць, а тут вось як яно атрымалася — Алесь цяпер усё ведае, яго запаветную тайну.

— І даўно ты тут сядзіш?