50195.fb2
— А нам адным нельга пакідаць хутара, бандыты тут яшчэ водзяцца, — сказаў ён і зірнуў на незнаёмую, якая ад ягоных слоў ажно ўсклікнула.
— Гэта праўда? — спытала яна ціхім грудным голасам. — А ноччу тут вам не страшна?
— Ноччу мы спім, — жартам адказаў Алесь, таксама не зводзячы з дзяўчыны цікаўных вачэй. Было бачна, што яна і сваім белым адзеннем, і сваім светлым абліччам дужа ўразіла хлопца.
— Як ціка-ава! — глядзела на яго і незнаёмая.
— Ну, калі такая справа… — Пікулік не ведаў — верыць хлопцам ці не, і таму дадаў памяркоўна: — То да суботы пасядзіце. А ў суботу ўвесь народ выходзіць на апошні штурм паплавоў… Бачыце — сухмень, жніво падпёрла…
— У суботу-то мы пойдзем! — сказаў Алесь. — А нашы зноў усе будуць?
— Усе, — адказаў Пікулік, кладучы на траву свой важкі пакунак. — Нават, вось, Стэфа пойдзе, наша новенькая сямікласніца. Знаёмцеся, мая пляменніца. А я пакуль пагавару з гаспадарамі…
І ён пакіраваў у сад, дзе Міроніха і Мар'я пароліся ў градах з буйнай зелянінай гуркоў, морквы ды цыбулі.
— Дык цябе Стэфай зваць? — адразу падышоў Алесь да дзяўчыны. — А мяне — Алесем. Кладзі і свае кнігі на мурог, ён у нас чысты… — Ён узяў з яе рук пакунак, выбраў лепшае месца і паклаў яго там. — Хадзем, я табе цікавую карціну пакажу…
— Хадзем, — адразу згадзілася Стэфа, зірнула на хлопцаў і пайшла за Алесем.
Мікола і Анюта пераглянуліся, і твары іх асвяціліся ўсмешкамі: пэўна, яны ў гэтую хвіліну падумалі адно і тое ж, так здараецца ў сяброў.
— Мы таксама хочам паглядзець карціну, — непрыязна зірнуўшы ўслед Стэфе і Алесю, сказаў замашанскі хлопец Андрэй. — Пайшлі, Паўло…
Другі, больш сарамлівы, адказаў:
— Нас жа не запрашалі…
— Дачакаешся тут!
— Ідзіце, — ледзь усміхнуўся Мікола, — карціна і праўда вартая…
Так Мікола і Анюта засталіся адны.
— І як гэта Ваўчок аддаў усе кнігі? — спытаў Мікола.
— Пікулік з паперкай прыйшоў. Ад сельсавета…
— Упіраўся?
— Не. Адразу аддаў. Казаў яшчэ, што думаў папаліць іх, каб куфэрак ачысціць.
— Яму куфэрак, бач, даражэй за кнігі… Во — цемната! Ці прачытаў ён хоць адну?
— А ён зусім чытаць не ўмее. Распісваецца і то крывымі крыжыкамі.
— Як гэта?
— Тры крыжыкі ставіць замест прозвішча. Мікола засмяяўся. Засмяялася і Анюта, і твар яе раптам пасумнеў. Мікола заўважыў гэта.
— Анюта, — сказаў ціха, — мне здаецца, што нашаму Алесю там хлопцы кухталёў надаюць…
— За што?
— Не за што, а за каго…
— А-а… І я гэта заўважыла.
— Таму і засумавала адразу?
— Во — выдумаў! Я проста ўспомніла, што і мая мама не ўмее чытаць. Думаю, абавязкова навучыць яе чытаць, каб і яна ўмела, — задуменна сказала Анюта. — Я от… як пачну чытаць, дык, здаецца, і жыву ў іншым свеце. Адарвуся ад кнігі — і сумна робіцца…
— Глядзі ты! — здзівіўся Мікола. — І ў мяне такое адчуванне, што жыву ў іншым свеце…
Анюта зноў паглядзела на Міколу сумным позіркам.
— І яшчэ мне страшна за цябе… Той Зыгмусь жа недзе ходзіць яшчэ тут, ён табе адпомсціць… Сюды можа ноччу прыйсці…
— Не прыйдзе, засады пабаіцца. У нас засада нанач — Тупік казаў.
— Гэта добра…
— Анюта, праўда, што ў вас хутка вяселле будзе?
— Ага… Як тых бандытаў паловяць.
— Ну, то гэта ўжо скора. У нядзелю, — шматзначна зірнуў на яе Мікола.
— Адкуль ведаеш?
— Не казаў бы, каб не ведаў,— ухіліўся ад адказу Мікола. Ён быў рады, што Анюта клапоціцца аб ім, баіцца за яго. І яе ніколечкі не хвалюе тое, што Алесь павёў Стэфу паказваць карціну, якую яны ўжо ачысцілі ад пылу, працерлі анучкай, краёк якой змачылі ў алеі.
— Мікола, — сказала Анюта, і голас яе ўздрыгнуў.— А ты… От скажы, ты ніколі не будзеш такім?
— Якім? — насцярожыўся ён.
Яна кіўнула галавою ў бок хаты, наблізілася да яго і шапнула на вуха:
— Такім, як Алесь…
Ён не зразумеў яе і нічога не адказаў, толькі ў грудзях адчуў гарачую хвалю ад дотыка яе вуснаў да краёчка вуха, ад цеплыні, якая адразу прабілася да сэрца.
Тады яна растлумачыла:
— От Алесь убачыў новенькую і пабег за ёю, нават на нас з табою забыўся.
Ён зразумеў. І ад таго, што зразумеў, разгубіўся, не ведаў, як адказаць, каб не пакрыўдзіць Анюту. Назваць яе самаю прыгожаю — саромеўся. Ды і ці словы цяпер галоўнае? Вось яны адны, ім хораша. Гэтага досыць…