50195.fb2 Скарб Загорскай камяніцы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 31

Скарб Загорскай камяніцы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 31

Сказаў зусім іншае:

— Алесь таксама харошы таварыш…

— А ўсё-ткі пакінуў нас! — не здавалася Анюта. — І ты пакінеш мяне калі?

— Ніколі…

— Навечна?

— Навечна…

Гэта была як бы клятва, якую яны так нечакана далі адно аднаму. І таму абое адразу змоўклі, засаромеўшыся. Стала нібы ніякавата. Гэта ж тая Стэфа падштурхнула Анюту на прызнанне. Стэфа ці хто іншы? Можа, яна, Анюта, баялася вось так нечакана калі-небудзь застацца адна…

Таму, каб знайсці які занятак, узялі кнігі, развязалі адзін пакунак, разглядалі іх, захапляліся вокладкамі, дзіўнымі, падчас, назвамі.

Неўзабаве да іх далучыліся астатнія, і было бачна, што Алесь меў перавагу над замашанскімі хлопцамі. Твар яго проста гарэў ад узрушанасці, вочы блішчалі, і сам Алесь быў надзвычай мітуслівы, гаваркі.

— Я ж казаў, што спадабаецца, казаў! Гэтай карціне — цаны няма, яна, можа, арыгінальная, — гаварыў ён Стэфе, якая слухала яго ўважліва, падтаквала і паводзіла сябе так, быццам яны знаёмыя ўжо даўным-даўно…

— Добра ў вас тут, чыста… Не тое што ў вёсцы — каровы скапыцілі ўсю вуліцу, свінні зрылі,— казала Стэфа. Казала аднаму Алесю, быццам каля іх нікога не было.

— Хутары будуць зносіць, — весела гаварыў Алесь, таксама ні на каго не зважаючы, — а мы ў вёску пераедзем.

— У нашу?

— Можа, і ў вашу…

— А можа, і ў Калінаўку, — пасміхнуўся Мікола. — Назад дадому. Я так думаю…

— Дапраўдачкі, можа, і ў Калінаўку, — згадзіўся Алесь. — Школа ж у нас адна! — ужо весялей дадаў ён. — Дзе тут ні жыві, у Калінаўцы ці ў Пабярэжжы, у школу ў Замошша пойдзеш…

— Хлопцы! Хутарскія… Ідзіце сюды, — паклікаў здаля Тупік, і Мікола з Алесем подбегам кінуліся да яго.

— Цягніце сюды і свае кнігі, адбяром для бібліятэкі… Яна ў нас цяпер унікальная будзе! Разумееце?

— Не, — шчыра прызнаўся Алесь.

— Ну, асаблівая, якой пакуль ні ў адной школе няма і не хутка будзе…

— Дык мы мігам!

Яны пабеглі па кнігі, якія хавалі на гарышчы ў скрынцы.

— Ой, Мікола, якая яна-а… Уся белая нейкая. Валасы аж свіцяцца…

— Белая і ёсць, — згадзіўся Мікола. — Я б так і зваў яе — Белая… — Ён засмяяўся, але не зласліва, а хутчэй добразычліва. — Што, падабаецца?

Алесь не адказаў.

Мікола паглядзеў на сябра паблажліва, раскудлачыў яго «салому» на галаве.

— А як жа Анюта? Ты ж, бывала, ля рэчкі гадзінамі стаяў, вочы праглядаў: ці не пакажацца Анюта?

Алесь махнуў рукою, як ад надакучлівай мухі.

— Адчапіся са сваёй Анютай… Думаеш, я сляпы, нічога не бачу? Толькі пасміхаецца яна з мяне, усё на цябе вочы струніць… Надакучыла.

— А гэтая?

— Гэтая… Здаецца, нішто, пасябруем з гэтай. Я пастараюся ўжо, дапраўдачкі.

— І проста ж у цябе ўсё неяк, Алесь. Я дык не ўмею так.

— Ты — цялё.

— Дзякую.

— Калі ласка! Што гавару, тое і думаю.

— Гэта, мусіць, добра так, — у роздуме прамовіў Мікола. — Але не кожны так зможа.

Яны забраліся на печ, адкінулі ў столі вечка і вылезлі на гарышча. І хоць там было прыцемна, хлопцы ўсё ж заўважылі, як некалькі шэрых камячкоў пакаціліся ад скрынкі, дзе ляжалі кнігі, у куткі.

— Гэта ж мышы! — першы здагадаўся Мікола і, усунуўшы ў скрынку руку, дадаў: — Яны ж да нашых кніг дабраліся!

На шчасце, кнігі былі цэлыя. Толькі ў адной, самай тоўстай, у рыжай скураной вокладцы, мышы адгрызлі ражок.

— Абнюхалі нядаўна, — сказаў Алесь, беручы кнігі і кладучы іх, як дровы, адна на адну на левую руку. — Добра, што сёння па іх прыйшлі…

— Сёння наогул добры дзянёк! — весела ўсклікнуў Мікола, выбіраючы са скрынкі астатнія кнігі. Выбралі да адной, сабе пакінулі толькі два дадаткі да часопіса «Огонек» ды тыя незразумелыя «Прадказанні», што без пачатку і без канца. Такую кнігу ў бібліятэку не аддасі: шкодная — так вырашылі хлопцы, — разбяруцца пасля, як павырастаюць.

На падворку госці ўжо чакалі хлопцаў, і як толькі яны падышлі, адразу накінуліся на свежыя кнігі, чыталі назвы і дзівіліся.

— Пачытаць такія кнігі будзе карысна і нам, настаўнікам, — задаволена гаварыў Пікулік, выбраўшы таўшчэзны збор твораў у шасці тамах Пісарава. Адным словам, было пра што пагаварыць, але ж было што і несці. І таму, калі ўжо збіраліся ісці назад у вёску, Алесь нясмела прапанаваў Пікуліку:

— Можна і мы паможам занесці?

— А што! — адразу згадзіўся той. — Я не думаў, што кніг набярэцца столькі…

— А назад як? — спалохана зірнула на Міколу Анюта. — Вы ж назад толькі ўдваіх…

— Назад іх на кані падвязём, — паабяцаў Пікулік. — Ды з добрай аховай. А яшчэ лепш… — Ён падумаў хвіліну, дадаў: — Вы тут пагуляйце, а я ўлегцы дадому падскочу, каня прыганю з драбінкамі…

Стрэмкі

Зыгмуся і Смоляў ні ў капліцы, ні ў Мокрым Лозе не было, і Ігнат ламаў галаву — дзе яшчэ яны маглі хавацца? Змораны ад хуткай хады, ён спусціўся на самае дно Лога і прыпаў да крыніцы. Не зрабіў і трох глыткоў, як хтосьці цяжкім ботам ступіў яму на спіну.

— Не рухацца! — загадаў незнаёмы хрыплы голас.

Ігнат не рухаўся. Абапершыся далонямі на прахалодную муражыну, ён ліхаманкава думаў — хто б гэта мог быць? Каб даведацца, трэба зірнуць. Або пазнаць па голасу. А каб пазнаць па голасу, трэба гаварыць.