50195.fb2
— Рэнцы можна да гуры!
«Рэнцы… Да гуры… Зыгмусь. Так змяніў голас, халера, што не пазнаць».
Ігнат паволі падняўся, павярнуўся тварам да Зыгмуся:
— Тваё шчасце, што я цябе пазнаў адразу, — зманіў ён, — а то кулю то ўжо схапіў бы… — І ён паказаў руку з браўнінгам, бы прывязаным да далоні.— Калі я хаджу па такіх мясцінах, то зброя заўсёды напагатове, я мог стрэліць і не ўстаючы, на твой голас…
— Няўжо?
— Як плюнуць…
Зыгмусь дробненька засмяяўся:
— А мяне ты ўсё ж не ўбачыў, хоць прайшоў зусім блізка. От скажы, дзе я стаяў?
— За ядлоўцавым кустом, — кінуўшы вачамі наўкола, наўгад прамовіў Ігнат.
— Угадаў.
— Я многае ўгадваю. Толькі от ніяк не магу здагадацца, нашто сёння Адам каня з канюшні звёў.— Ігнат загаварыў суха, з папрокам у голасе. — Конюх нарабіў такога вэрхалу, што гэта можа нам дорага каштаваць.
— Пся крэў! — вылаяўся Зыгмусь. — Яму ж было загадана ісці цішком, у вёску не заходзіць.
«Загадана ісці… А куды? Значыць, нешта яны зноў надумалі. Трэба дазнацца як найхутчэй».
— Куды яшчэ яго паслалі? — спытаў ён абыякава, быццам гэта яго не дужа цікавіла.
— Стары ўсё мудруе. На сувязь паслаў да свайго знаёмага, недзе пад Халопенічы… І сам туды хоча збегчы.
— Там хапае і без яго, ёсць каму магазіны чысціць.
— Хай і ён збегае.
«Вось табе, Ігнаце, і новае заданне», — сам сабе падумаў Ігнат, а ўголас сказаў:
— Збяжыць з такім сыночкам. Ды ён жа сваёй рызыкай на след навядзе! Няўжо старому гэта не ясна?
— Хто ж думаў, што Адам так зробіць. Пехатой ісці паленаваўся…
— А дзе стары?
— На млыне дрыхне. Яны там з Крывым гарэлкі насмакталіся. Навошта ты толькі яе і прынёс.
— Прасілі ж, не мая, а дзяржаўная, — ухмыльнуўся ён.
— І шмат яе там, у Ваўчка, схавана?
— Ёсць.
Яны паволі ішлі ўздоўж ручая, мірна гутарылі, хоць у Ігнатавай душы бушавала бура. Да арышту хаўруснікаў заставаўся яшчэ дзень, а яны ўжо, бач, прымаюць новыя захады, разбягаюцца. А можа, гэта і добра, што Адам на сувязь паехаў? Ад яго нітачка пацягнецца і да тых, хто хаваецца і ў Халопеніцкім раёне, хто і там рабуе магазіны, рэжа калгасную жывёлу?
— Пойдзем да млына, — раптам прапанаваў Зыгмусь. — Трэба разам падумаць. Можа, на час перабрацца і нам да Крывога ў Галае балота? Там спакайней.
— Толькі не туды! — запярэчыў Ігнат.
— Чаму ж?
— На тое балота і так вялікае падазрэнне.
— Адкуль ведаеш?
— Сам Тупік у канторы казаў, жонка чула.
— А што ён казаў? — не адставаў з пытаннямі Зыгмусь.
— Што Галае балота, як скула пад бокам, усялякая, маўляў, набрыдзь туды цягнецца. От тут і падумай, дзе лепш…
Да млына яны выйшлі з боку лазнякоў, якія апошнімі гадамі заглушылі прырэчны луг, некалі чысты і травяністы. Пралезлі між паляў і праз дзірку ў падлозе — яна была ў метры ад зямлі — выдраліся наверх, стаіліся.
— Чуеш? — шапнуў Ігнат Зыгмусю. — Храпуць, канспіратары… Бяры іх цёпленькімі…
Зверху, з крупадзёркі, даносіўся прыглушаны храп.
— Давай напалохаем! — гарэзліва загарэліся малыя Зыгмусевы вочкі. Такая яго гарэзлівасць ніяк не стасавала да аброслага шчэццю твару, да зморшчынак на вузкім лобе. Па ўсім відаць, не малады ўжо, а гарэзіць, як дзіця.
— Яны і так напалохаюцца, калі пачуюць, што натварыў у Замошшы Адам.
Паціху прабраліся па крутой лесвіцы на другі паверх, падышлі да самай скрыні, у якой спалі, як звязаныя, бандыты, нават пакраталі Панаса за нагу — хоць бы што!
— От гэта со-он! — гучна сказаў Ігнат. — Мне дома ды такі б, а то толькі мучаюся, а не сплю…
Пачуўшы голас, абодва падхапіліся, бы над імі стрэлілі.
— Га? Што, хто тут? — вылупіў сонныя вочы Крывы Панас.
— Міліцыя, — усё ж не стрываў, пажартаваў Зыгмусь.
— А яна і праўда можа тут быць, — сказаў Ігнат, — бо той рыжы ёлупень каня звёў з канюшні, конюх бачыў,— звярнуўся ён да Смоля. — Гэта ты яму загадаў на крадзеным кані ехаць? Ды яго ж зловяць на паўдарозе…
— Чорт яму загадвае, — буркнуў стары, вылузваючыся са скрыні, увесь у саломе, якая пад бакамі пацерлася ледзь не на мякіну. — Я строга загадаў ісці пешкі, нідзе не вытыркацца, не пакідаць следу…
Падняўся і Крывы Панас, цёмны як хмара. Сеў на край скрыні, пачаў закурваць папяросу.
— З вамі звяжыся, дык у бяду трапіш, — прабурчаў,— тут і свайго клопату хапае. Ці дадуць цяпер тых коней мне?
— Нічога, скора ўжэ развяжамся ўсе, — уставіў Зыгмусь. — А от коней трэба здабыць любымі сродкамі.