50195.fb2
Знадворку пачулася гамана, і ў млыне прыціхлі, трывожна насцярожыліся.
— Сюды, сюды давайце, тут шчупак! — хтосьці крыкнуў зусім блізка.
— Дзеці,— з палёгкай выгукнуў Крывы Панас.
— Добрыя дзеці, ужо камсамольцы, пэўна, — прашыпеў Зыгмусь. — Усюды іх поўна, нідзе ад іх не схаваешся. Што яны там робяць?
— Рыбу ловяць, — зірнуўшы праз невялічкае акенца ў франтоне, да якога толькі ён і мог дацягнуцца, удакладніў Ігнат і зноў звярнуўся да старога Смоля: — Калі твой малец назад вернецца?
— Ён назад не вернецца. Я да яго пайду…
— Месца надзейнае?
— Леснічоўка. Хутар у глухамані, туды ўлетку ніхто не дабіраецца, бо вёскі далёка, з аднаго боку балота, а з другога — рэчка. Узімку толькі дровы і бяруць. Зімовая дарога там непадалёк.
— А як жа твой дойдзе? Ды яшчэ на кані…
— У леснічоўцы стары егер, яшчэ панскі, жыве, дык ён і сустрэне мальца. Мы з ім добра знаёмыя, яшчэ як я туды на паляванне ездзіў. Гэта каля вёскі Гаці.
Так, паступова, кропля за кропляй, стары выклаў усё бы на далоні, і Ігнату гэтага было дастаткова, каб скласці пэўнае ўяўленне — дзе, прыкладна, тая мясціна знаходзіцца.
Аднаго не мог зразумець Ігнат — на што разлічваюць такія вось тыпы, як Зыгмусь ды Смоль. Ну, год яны пахаваюцца, два, а што потым? Іх жа ўсеадно — рана ці позна — выкрыюць, зловяць, асудзяць. Старое ж не вернецца, гэта ім таксама ясна, як божы дзень…
— Месца надзейнае, — як бы ў роздуме сказаў Зыгмусь. — Дзе цяпер тое надзейнае месца, калі кожны шчанюк за табой сочыць? За мяжу падавацца трэба…
— Падавайся, там цябе так і чакаюць, — агрызнуўся стары Смоль. — Прыстрэляць на той мяжы, як зайца.
«Ага, вось, аказваецца, была іхняя надзея, — зноў падумаў Ігнат і ў душы пасміхнуўся толькі.— Пакуль тая мяжа, мы вас і тут пераловім да аднаго. Не толькі ж адзін Ігнат ходзіць па вашых слядах, а ўвесь народ з вас воч не зводзіць, бо вы — стрэмкі на жывым целе грамадства і вас трэба як мага хутчэй абясшкодзіць. Стрэмкі… Стрэмкі…» — колькі разоў паўтарыў ён у думках, знайшоўшы нарэшце тое слова, якое цалкам адпавядала думкам, характарызавала тых злачынцаў.
І Ваўчок таксама стрэмка. Ігнату ўспомнілася, як Іван завёў яго ў каморку — туды меў права заходзіць толькі сам гаспадар, жанчын не пускаў,— як адсунуў убок шафу пры сцяне, а за той шафай рассунуў на сцяне ў бокі дзве шырокія дошкі, за якімі была крыху меншая каморка. Вось у той патаемнай каморцы і хаваў ён нарабаванае дабро Смоляў-Смольскіх, пэўна, спадзяваўся, што з цягам часу ўсё застанецца яму…
— Нешта, гэна самае, галава смыліць, — узняў скрыўленую набок галаву Панас. — Можа, прапусцім што, га?
— Прапусцім, — пагадзіўся і Зыгмусь. — Толькі ці тут?
— Тут, — упэўнена сказаў Ігнат. — Ці ж хто здагадаецца, што мы пры самай дарозе сядзім? Ды пакуль што і баяцца няма каго, Тупік у раён паехаў, там, відаць, і заначуе…
— Добра мець такога памагатага, як ты, — грукнуў Ігнату ў грудзі кулаком Зыгмусь. — Лоўка ты канцы хаваеш, проста пазайздросціць трэба… Усё ведаеш, кругом бачыш. Нездарма цябе трымаў пры сабе Скуратовіч…
— Хто старое памяне…
— Не буду, не буду, — падняў абедзве рукі ўгору Зыгмусь. Ён ужо глядзеў, як старыя — Смоль і Панас — наразаюць на нейкай дошчачцы скрылькі ружовага сала, лусты хлеба, як кладуць пук зялёнай цыбулі, як дастаюць з каша пляшку магазіннай гарэлкі, і яго вочкі-свярдзёлачкі загарэліся. — Эх, і сербану ж я зараз гэнай юшкі! Даўно не піў, і не цягнула, а сёння, халяра, нешта хочацца…
У старым млыне балявалі аж да вечара, калі непадалёк ад млына прагрукатала фурманка і пачуліся задорныя юначыя галасы:
— А юшку ўсё ж згатавалі!
— І рыбу яны ловяць спрытна, хутарскія хлопцы!
— Як тут цікава!
— Я рад, што гэты дзень прайшоў так удала, а заўтра, думаецца, будзе яшчэ весялей, — пачуўся і мужчынскі голас. — Заўтра — усе на лугі!
— О, чуеце? — узняў руку ўгору Зыгмусь. — Заўтра — усе на лугі йдуць.
«Нічога, стрэмкі, заўтра ўжо вы будзеце баляваць у іншым месцы».
Так думаў Ігнат, спускаючыся па сходках уніз, на прыволле. Удыхаючы вячэрні водар на поўныя грудзі, ён радаваўся, што фінал, да якога ішоў, здавалася, так доўга, ужо блізка…
Ноччу жыхалі ў вокны бліскавіцы, час ад часу даносіліся глухія грымоты. «Пэўна, задажджыць», — думалася Мірону, які варочаўся на ложку і ніяк не мог заснуць. Не спалася яму, мабыць, ад таго, што гэтая ноч, як ніколі, трывожная, цёмная, з бліскавіцамі і пагрозлівым далёкім гулам, а — ён ведаў — бандыты хадзілі вакол хутара, недзе тут. «Ці заваліў я хоць завалу ў сенцах?» — успомніў ён і, не давяраючы памяці, босымі нагамі патэпаў у сенцы.
Завала была на месцы, усё зроблена як след, звечара, але Мірон памацаў яе рукамі, яшчэ пастаяў крыху ў сенцах, паслухаў. Знадворку не даносілася ніякіх падазроных гукаў…
З таго часу як Мірон расказаў Тупіку пра Крывога Панаса і Смоляў, запаў страх у яго душу, яму ўсё здавалася, што надыдзе час — і хутар запалае сярод начы, і яны ўсе пагараць, не ўратуюцца. Колькі ўжо разоў яму нават сніліся пажары, ён усхопліваўся з ложка як апантаны, сэрца калацілася, рукі дрыжалі. І пасля такога сну доўга не спалася, а раніцою ён уставаў разбіты, з галаўным болем.
«Сёння апошняя ноч… Апошняя, — думалася яму, і на душы крыху спакайнела, — заўтра іх паловяць…»
Мірон паціху дабраўся да ложка і лёг. Неўзабаве вярнулася да яго мяккая і пяшчотная дрымота. Пад грукат грому ён і заснуў…
Раніцою ўсе ўсталі раней звычайнага. На дварэ хмарыла, але ўжо не грымела. Міроніха выпаліла ў печы, напякла жытнікаў — пульхных бліноў з жытняй мукі на сыроватцы, намяшала місу тварагу і паставіла сярод стала. Як на свята!
— Наядайцеся аж да вечара, — сказала яна і сама пабегла накарміць прысіўленым варывам парсючкоў — свайго і Мар'інага — бо Мар'я, можна сказаць, і рабіла толькі на Міроніху, абшывала і абмывала яе сям'ю, і ўсе хадзілі заўсёды дагледжаныя, чысцюткія, хоць на якой адзежыне былі лата на лаце.
Хоць надвор'е і сапсавалася, усе збіраліся на луг, нават малы Пеця, які ад таго радаваўся, аж без угавору з'еў цэлы блін з тварагом.
— Я ўжо ўмею сена варочаць, — хваліўся ён.
— Варочаць ты ўмееш, хату можаш уверх дном перавярнуць, — казаў Мірон паблажліва.
Праз якую гадзіну хутар апусцеў, бы ў ім ніхто і не жыў, і толькі навязаная ў садзе карова бесклапотна скубла траву ды час ад часу ўзнімала галаву, чакаючы гаспадароў.
Толькі Алесь і Мікола сёння ішлі не на луг. Улучыўшы момант, яны звярнулі да рэчкі, ды Мірон угледзеў.
— Вы куды гэта цягу даяце? Я за вамі даўно сачу, за вашымі шэптамі…
Мікола спыніўся, ціха, таямніча сказаў:
— Так трэба, дзядзька Мірон. Заданне ў нас, Тупік прасіў.
Нічога не адказаў Мірон хлопцам, махнуў рукою і пайшоў даганяць жанчын, якія былі ўжо за першымі кустамі…
А хлопцы подбегам кінуліся да хутара Красоўскага, каб там, падпільнаваўшы, як Ваўчок пойдзе з дому, падаць умоўны сігнал: запаліць дымавы касцёр на ўзгорку за хутарам. Там ужо загадзя нарыхтавана сухое голле і цэлы лоўж свежых яловых лапак. Тыя лапкі задымяць так, што далёка ўбачыш…
— Тупік казаў, як запалім, самім схавацца ў бярэзніку, — пачаў Алесь, калі яны абагнулі хутар і спыніліся зводдаль у жыце. Адтуль усё, што робіцца на хутары, было відаць як на далоні.
— Схаваемся… Нам да бярэзніку дабегчы — мінутка.