50195.fb2 Скарб Загорскай камяніцы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 35

Скарб Загорскай камяніцы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 35

— Я цяпер нічога не баюся! — бадзёрыўся Зыгмусь.

Але дажджу яшчэ не было. Хмары варочаліся над хутарам, бы застылі на адным месцы. Жыхалі маланкі, і раз-пораз грымела, страляла бы з гарматы.

Праз нейкі час з дапамогай трох коней і чатырох дужых дзецюкоў — Зыгмусь усё паходжваў — валун скрануўся, уздыбіўся, як наравісты конь, і паволі споўз у яміну.

От тады і падляцеў Зыгмусь, ухапіў рыдлёўку і пачаў шалёна капаць якраз пасярэдзіне той мясціны, дзе ляжаў валун. Усе глядзелі на яго моўчкі, чакаючы таго выніку, да якога імкнуліся так зацята.

Нарэшце рыдлёўка грукнула ў штосьці цвёрдае, шкрабанула па ім раз, другі, і вось ужо ўсе ўбачылі даволі вялікі, акаваны жалезам куфэрак.

— Памажыце дастаць! — Зыгмусь нахіліўся і пачаў рукамі разгортваць вакол куфэрка жоўты жвір. І ўсе загаварылі, нахіліліся, пацягнуліся дрыготкімі рукамі, нічога больш не бачачы і не чуючы, забыўшыся на перасцярогу. А калі ўзняліся разам з куфэркам, то ўсе, як па камандзе, знямелі: вакол іх, бы з-пад зямлі выраслі, стаялі з вінтоўкамі напагатове шэсць вайскоўцаў, а крыху воддаль, перакрыжаваны рамянямі, як прывід, узвышаўся магутны і непераможны ахоўнік парадку і закону міліцыянер Тупік.

— Вы ўсе арыштаваны! — заглушаючы грымоту з неба, прагучаў яго голас. — Кідайце зброю…

Зыгмусь, захілены Крывым Панасам, ірвануў абрэз і, наставіўшы яго на Тупіка, націснуў на спускавы кручок. Ціха, глуха кляцнуў баёк. І ні гуку, ні стрэлу.

— Кінь гэтую цацку, Зыгмусь, яна не стрэліць, бо я спіліў баёк на затворы, — зноў пачуўся Тупікаў голас, і Зыгмусь, глуха застагнаўшы, кінуў абрэз у траву. Туды ж паляцеў і Смолеў самапал.

— Гэта я яму такі абрэз падсунуў, я падсунуў,— нарэшце ачуняў ад здранцвення Ваўчок. — Усе яны тут адна хеўра, і гэты, і гэты, і наш паважаны рахункавод. У бандзе ён быў, у Скуратовіча…

— І я тут выпадкова, — пачаў Крывы Панас, але Тупік перапыніў яго:

— Ведаю. Ты са Смолем і яго сынком выпадкова абрабаваў магазін і выпадкова схаваў усё дабро ў зямлянцы, якую выкапаў на выспе Галага балота… А ты, Ваўчок, хаваеш у каморы дабро Смоляў-Смольскіх таксама выпадкова?

Маўчалі ўсе. І толькі Зыгмусь круціўся і выў, як ад зубнога болю.

— Чаму ж ты, Ігнат, свой пісталецік не аддаеш? Чаму? — пытаўся ён роспачна.

— А нашто? — усміхнуўся Ігнат. — Яшчэ ж Адам з новай хеўрай недзе бадзяецца, спатрэбіцца пісталецік… — Ігнат падышоў да Тупіка і штосьці шапнуў яму на вуха.

— Правакатар! — аж прысеў, аж пасінеў ад злосці Зыгмусь. — Чула маё сэрца… І Скуратовіча ты ўпёк чонаўцам, гад!

— Упёк, — спакойна адказаў Ігнат і загадаў вайскоўцам: — Вядзіце іх да машыны. І гэтага, — паказаў на Ваўчка, — хопіць яму на волі разгульваць, чужым дабром жыць. Саўдзельнік злачынцаў павінен і адказваць, як злачынца.

Хмару бы хто перасек вялізным агністым мячом, і адразу так стрэліла, што ўсе аж угнуліся. Ваўчок зноў перахрысціўся, затуліўшыся ад людзей.

І тут здарылася непрадбачанае: Зыгмусь, як стаяў, абсунуўся на куфэрак і зароў бугаём:

— Не адда-а-ам! Маё ўсё гэта!.. Маё-о-о!

Яго ледзьве адарвалі ад куфэрка, скруцілі рукі і звязалі ззаду. А ён усеадно штурхаўся і кідаўся да куфэрка, вочы яго дзіка гарэлі.

— Усё, што знаходзіцца там, не тваё, Зыгмусь, а народнае, і пойдзе яно на паслугу сапраўдным гаспадарам, хто кроўю і потам здабываў яго вам, былыя паны… Вось паглядзі, што тут, паглядзі ўважліва…

Ігнат збіў з куфэрка малы ржавы замок і ўзняў вечка. Усе знямелі ў другі раз, цяпер ужо не ад страху, а ад вялікага здзіўлення: у куфэрку ляжала золата і серабро — усё, што меў колісь багаты Загорскі касцёл, абрабаваны былым ксяндзом, родным братам пана Гурэцкага. Хавалі яны гэтае дабро ўдвух, і ведаў пра тое адзін толькі Зыгмусь…

— Ну! — павысіў голас Ігнат. — Што цяпер скажаш, пан Зыгмусь? Чыё гэта дабро?

Маўчаў Зыгмусь. Яму ўспомнілася, як яны з бацькам хавалі той скарб шасцерыком спараных коней, думалі — не прападзе дабро, чакалі часу. А яно вось як выйшла…

— А як жа я? — неяк дзіўна спытаў сярод цішыні Ваўчок. — А як жа хата, сям'я?

— Няма ў цябе ні хаты, ні сям'і, вырадак, — сказаў Тупік, лёгка піхнуўшы Ваўчка ў спіну. — Учарнелі ўсе ад цябе там, хоць уздыхнуць з палёгкай. Вядзіце іх усіх!

Крывы Панас крочыў апошнім. Ён угнуўся і скрывіўся яшчэ больш, маўчаў, толькі раз-пораз кідаў злыя позіркі на Ігната і нібы ўсё сіліўся нешта ўспомніць.

— Гадзіннік! — нарэшце сказаў ён адно толькі слова і зноў сцішыўся, пайшоў шпарчэй.

Крытая, з кратамі на акенцах, машына стаяла на дарозе сярод жыта. Калі яна туды падышла, ніхто не чуў. Ды гэта цяпер не мела ніякага значэння. Арыштаваных упіхнулі ў машыну, дзверы за імі зачыніліся надоўга…

Па даху машыны забарабаніў буйны летні дождж, змываючы сляды і справы злачынцаў…

Кожнаму — сваё

Звестка пра тое, што на хутары Гурэцкага палавілі бандытаў, што пад валуном адкапалі багаты скарб, імгненна абляцела вёскі. А калі на дзвюх фурманках вывозілі дабро ад хаткі Крывога Панаса, куды ўсё зносілі з Галага балота аж шэсць чалавек, то сышліся паглядзець на дзіва такое ледзь не ўсе жыхары Калінаўкі.

— От, ваўкалака, гэтулькі дабра нахаваў,— толькі разводзілі рукамі адны, а другія, больш дасведчаныя, зазначалі з ухмылачкай:

— Хіба ж не прыкмячалі людзі, што не голы і не галодны Панас ходзіць? А дзе ж ён працаваў калі? Раней трэба было за яго брацца…

— Ад Ваўчка не меней вывезлі…

— Але ж то, казалі, не ягонае, ён толькі хаваў…

— Адна хеўра, адна ім дарожка…

Пагаварылі дні са тры і забыліся, як забываліся на любую навіну, якая, часам, далятала ў гэты глухі куток. І ўжо новымі клопатамі жылі людзі, а такіх клопатаў — і сена назапасіць, і агароды дагледзець, і на працу хадзіць — хапала ў кожнага.

На хутары Красоўскага апошнімі днямі стала людна. Туды з Замошша перабраўся Тупік, рыхтаваліся да вяселля, таму цікаўных было шмат. Сяброўкі неслі маладусе свае падарункі. Хто — кавалак белага кужалю, хто — крамную хустку, хто — крыху скаромніны ці яек. Час быў цяжкі, хоць галоўная галадуха і мінула ўжо. Але людзі жылі дружна, спачувалі адно аднаму і памагалі, чым маглі, як сваякі.

Нават суседзі другога хутара не стаялі ўбаку. Міроніха пачала стаўляць на стол толькі кіслае малако, а смятану збірала і збіла з яе фунты тры масла, жаўтлявага, як сонца бы празрыстага.

Мірон з хлопцамі — нават малы Пеця памагаў — зрабілі праз рэчку, дзе даўней быў масток, пераправу, паклаўшы побач дзве абчасаныя алешыны, прымацавалі на коліках парэнчу з доўгай сасновай жэрдкі — гэта каб госці з вёсак не мачылі ногі, каб ішлі ахвотней.

Цяпер, седзячы на гэтай кладцы, хутарскія хлопцы паціху гутарылі, чакаючы, калі ж на ўзгорку з'явіцца Анюта са сваёй новай сяброўкай. Пасля першай сустрэчы Стэфа так пасябравала з Анютай, ёй тут так было хораша, што прыбягала яна на хутар ледзь не штодня. І з той першай сустрэчы раптоўна бы хто падмяніў Алеся, яго стала проста не пазнаць: ён пачаў больш прыдзірліва сачыць за сваім знешнім выглядам, адзежа на ім цяпер была не толькі чыстая, але і заўсёды адпрасаваная, валасы ўжо не разляталіся, а ляжалі роўненька, зачэсаныя на прабор, прылізаныя гліцэрынай, за якой хлопец спецыяльна хадзіў у краму. Кавалер, ды і толькі!

Мікола радаваўся, гледзячы на сябра, радаваўся яго такой раптоўнай перамене, а яшчэ больш таму, што — і гэта было бачна! — Алесь пачаў абыякава адносіцца да Анюты, быццам не заўважаць яе. Уся хлапечая ўвага цяпер была скіравана толькі на Стэфу. Такі кірунак дало само жыццё, і хлопцы пайшлі па яго сцяжынах без аглядкі…

— Унь, ідуць ужо! — першы заўважыў дзяўчат Алесь і падхапіўся, сышоў на бераг, пацёр аб траву новыя рудыя сандалі, што надзеў упершыню.

За ім падняўся і Мікола, які таксама на гэты раз быў абуты ў чаравікі, хоць і не новыя, але яшчэ даволі прыстойныя. Знешне спакойны, нават залішне строгі з твару, толькі адзін ён ведаў, як трымціць ад хвалявання яго сэрца, як падкрадаецца да скроняў цеплыня. Хваляваўся ён пры кожнай выпадковай сустрэчы, пры кожным спатканні. Гэта было прыемнае хваляванне, яно будзіла ў ім новыя сілы і думкі, напаўняла ўсю яго істоту шчымлівай радасцю нязведанага пачуцця…

Сёння Стэфа была ў шыкоўна расклешанай васільковай сукенцы з кароткімі рукавамі, і яе белыя поўныя рукі кантрасна выдзяляліся на сінім фоне сукенкі.

«Усеадно — Белая», — падумаў Мікола і ўсміхнуўся сваёй той думцы, і гэтая натуральная ўсмешка была заўважана.

— Нешта пан Мікола з нас пасміхаецца! — звяртаючыся да Анюты, заўважыла Стэфа. — Ці не заўважыў ён што на маім твары? Зірні, Анюта…

— А можа, на маім? — у сваю чаргу спытала Анюта, і дзяўчаты паглядзелі адна на адну ўважліва.

— Гэта ён ад радасці, што вы прыйшлі! — зусім шчыра сказаў Алесь.