50195.fb2
— Стой! — раптам схапіў за руку Міколу Алесь, быццам той збіраўся некуды збегчы ад яго. — Ты не падумаў, чаму іменна гэтая карціна ляжыць тут, у кнізе? І ці не сцеражэ што-небудзь тая Марыя ў пакоі? Між імі існуе нейкая сувязь…
— Усё марыш яшчэ адзін скарб знайсці? — усміхнуўся Мікола. — Шукай…
— А чаму б і не? У гэтых паноў вунь колькі золата было. Маглі ж яны яшчэ дзе-небудзь прыхаваць.
— Тады трэба ўздзіраць дошкі за карцінай, — параіў яму Мікола, параіў жартам, а потым задумаўся і дадаў: — Пайшлі?
— Пайшлі… Я толькі вазьму табурэтку, а то высака, не дастанем…
Святая Марыя, як здалося хлопцам, цяпер глядзела на іх не так весела, як у першы раз, а з нейкім дакорам, але яны не дужа сумеліся ад такога яе пагляду, падставілі грубаватую і шырокую табурэтку, залезлі на яе абодва. Асцярожна — карціна была цяжкая — знялі ланцужок-почапку з меднага крука, прыбітага да сцяны двума цвікамі.
На выцвілых зеленаватых, з залацістымі макамі шпалерах ярка вызначыўся квадрат: за карцінай шпалеры не так выцвілі. Хлопцы глядзелі на той квадрат і не ведалі, што рабіць далей.
— Давай здзяром шпалеры, — сказаў Алесь, дастаў з кішэні абломак нажа, які спецыяльна прыхапіў, і выразаў квадрат. Мікола дапамог яму адарваць той квадрат. Пад шпалерамі ім адкрыўся крыху меншы квадрат, пафарбаваны ў руды колер. Гэта была звычайная фанера, прыбітая па вуглах да сцяны цвікамі.
І калі спачатку хлопцы яшчэ ні ў што не верылі, то цяпер яны не паверылі сваім вачам: сумненняў быць не магло — перад імі адкрыўся тайнік.
— Вось гэта цуд! — усклікнуў Алесь, і вочы яго загарэліся. — Будзем уздзіраць?
— А можа, пра гэта трэба сказаць Тупіку?
— Ён жа абяцаў сёння прыехаць, нам нейкія падарункі прывезці — вось і скажам! Прынясі мне сякеру…
Мікола зайшоў у камору, дзе яны пакінулі сякеру, узяў яе і прынёс Алесю, які ўсё яшчэ стаяў на табурэтцы.
— Ты толькі акуратна, — папрасіў ён сябра.
— Тут бы долата, — мацаючы край фанеры, сказаў Алесь, — сякерай не падлезеш, лязо таўставатае.
Долата ў іх не было, і таму хлопцы добра-ткі папацелі, пакуль узадралі тую фанеру, пры гэтым абламаўшы ражкі…
За фанерай была невялікая ніша накшталт палічкі. І ў той нішы яны ўбачылі два невялікія, па літру, гліняныя глячкі, прыкрытыя адным тоўстым кавалкам бронзы. Дрыготкімі ад хвалявання рукамі Алесь зняў той кавалак бронзы, перадаў Міколу і ўзяў у рукі левы глячок, зазірнуў у даволі шыракаватую гарлавіну.
— Ну, што там? — з нецярпеннем спытаў Мікола.
— Крыжыкі. Ёсць некаторыя з бліскучымі каменьчыкамі,— расчаравана адказаў Алесь. — Мусіць, таксама бронзавыя…
Мікола толькі ўзяў у рукі той глячок, узважыў яго ў руках і ўсклікнуў:
— Гэта ж золата! Няўжо ты не адчуваеш, што такое цяжкое можа быць толькі золата? І ланцужкі тут залатыя…
Алесь ужо глядзеў у другі глячок.
— А тут грошы! Кругленькія, з нейкімі барадатымі галовамі. Царскія…
Яны паставілі тыя знаходкі на табурэтку побач і доўга любаваліся імі.
— Так, гэта сапраўды скарб, — ціха сказаў Алесь, залатыя грошы і крыжыкі. Што мы з імі будзем рабіць? Можа, спярша пакажам тату?
— Не, давай усё паставім на месца і закрыем, як было.
— Навошта?
— Трэба паклікаць Тупіка ці яшчэ каго… Пачакаем.
— Давай паставім…
Але зрабіць гэта яны не здолелі: раптам з двара данёсся знаёмы голас міліцыянера:
— Хлопцы, дзе вы пахаваліся?
Яны так абрадаваліся гэтаму голасу, быццам то было збавенне ад цяжару, які раптоўна зваліўся на іх.
— Тут мы, тут мы! — ледзь не ў адзін голас закрычалі яны і выйшлі з пакоя.
Тупік стаяў крыху зводдаль і трымаў Сняжка за повад.
— А я вам ад імя савецкай міліцыі прывёз падарункі — новыя гарнітуры і чаравікі. Гэта — за дапамогу, якую вы аказалі нам! — Ён адвязаў ад сядла вялікі пакунак, загорнуты ў рудую паперу і перавязаны аборынай, і перадаў Міколу. — Вось, спажывайце на здароўе…
— Дзякуем, — ціха адказаў Мікола.
Алесь схапіў у яго той пакунак, развязаў і ўсклікнуў:
— Вось гэта — шык! Адзін большы, другі меншы… А мы вам за ўсё заплацім.
— Чым жа? — пацікавіўся Тупік, спадзеючыся, што гэта чарговы жарт.
— Золатам, — сказаў і Мікола. — У гэтым пакоі тая плата, зайдзіце і зірніце.
Тупік кінуў повад і паціху пайшоў у пакой, а Сняжок, адчуўшы волю, прытупаў да Міколы, абнюхаў, як сабака, яго кішэню, рукі…
— Няма цукру, Сняжок, — сказаў Мікола, гладзячы каня. — Але не бядуй, яшчэ знойдзем…
Міліцыянер амаль выбег з пакоя, трымаючы ў абедзвюх руках гліняныя скарбонкі.
— Вось гэта плата! — узняў ён рукі ўгору. — Ды тут жа, брацішкі, па закону і ваша доля ёсць, і немалая!
Падышоў і Мірон, агледзеў усё, пачухаў патыліцу рукою.
— А я думаю — што гэта яны ўсё сцены дзяруць, — сказаў ён і пахітаў галавою. — Аж яны, жэўжыкі, ведаюць, дзе шукаць панскае дабро. І хто ім толькі падказаў?
— Тая карціна, што ў кабінеце вісіць, — сказаў Алесь.
— І вялікая чорная кніга, — дадаў Мікола. — Мы ж…
— Чакайце, чакайце, — перапыніў яго Тупік. — Давайце ўсё па парадку.