50195.fb2 Скарб Загорскай камяніцы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

Скарб Загорскай камяніцы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

— Даўно, раней за цябе… І ведаеш, што я нечакана падгледзеў?

— Што?

— Скажу — не паверыш, — саскочыў на зямлю Алесь, насупіўся, уздыхнуў.

— Табе паверу.

— Ваўчок Анюту пугай біў.

— Не можа быць! — вырвалася ў Міколы.

— Ну от і не паверыў…

— А за што?

— Спярша сварыўся на яе, нешта крычаў і ў наш бок пугаўем паказваў. А потым — ударыў колькі разоў! — Алесь памахаў кулаком, аж зачырванеўся.

— Гад! — абурыўся Мікола. — Няўжо за тое, што яна сябруе з намі?

— Пэўна ж… Шкада мне яе. Ты ведаеш, якія ў яе вочы? Бачыў?

— Якія! — нібыта не зразумеў Мікола. Яму нецярпелася пачуць ад таварыша тыя словы, якія цяпер не сыходзілі з галавы: «Харошыя, прыгожыя». — Кажы, Алесь.

Алесь паціснуў плячамі, пэўна, не знаходзячы слоў, каб апісаць Анюціны вочы. Сказаў з уздыхам:

— Нейкія сумныя яны.

— Гэта праўда, што сумныя. Відаць, не соладка ёй жывецца там.

— Каб цябе так лупцавалі!

— Я б даў здачы…

Да вечара яны больш не сустракаліся, бо ў кожнага была свая работа.

— Мама, — сказаў Мікола, прынёсшы ад крыніцы вады — яна была непадалёк, адразу за высокім парканам, у лазе, — пашый мне новыя штаны з чаго-небудзь, а то гэтыя — во! — і ён паказаў, якія яны кароткія.

— А з чаго ж? — Яна сцірала ў балеі сподняе, і яе чырвоныя, у рудай пене рукі здаліся Міколу надзвычай вялікія, па-мужчынску грубыя. І не дзіва — колькі яны папрацавалі і колькі ім яшчэ перарабіць усяго! — З чаго, сынку?

Яе густыя каштанавыя валасы выбіліся з-пад хусткі, яна паправіла іх, пакінуўшы на скроні шматок пены. Мікола хацеў выцерці тую пену, а яна не выціраецца. Зразумеў — то ж сівізна, заўчасная сівізна…

— І праўда… Гавару абы-што, — пагадзіўся ён.

— От хіба на тым тыдні схаджу ў сабес. Можа, што дадуць, даўно ж не хадзіла…

Мікола зноў пайшоў да крыніцы, бо вады трэба было многа. Прысеў там на шырокую калодку, куды ставілі вядро, загледзеўся на крыніцу, задумаўся. Спярша думка скіравала да старэнькай шафы, дзе вісеў школьны гарнітур — от бы яго адзець ды схадзіць за рэчку! Але — не! Школа больш важная цяпер для яго: ён то ведаў цану таго, што кожны год набываў там! Без гарнітура ў школу не пойдзеш… Потым падумалася пра крынічку. Ён ніяк не мог уцяміць, адкуль яна тут узялася, такая глыбокая, чыстая — на дне віруюць-кіпяць у даволі шырокай бочцы фантанчыкі з варухлівым пяском, а зверху тоненькім, ледзь прыкметным між густой зялёнай травы раўчуком — крынічка збягае ў алешнік, да Казы. Вада халодная, проста ледзяная. Дзіва што і ў рэчцы, куды цячэ, відаць, нямала такіх крынічак, нават у самую спёку доўга не пакупаешся, бо вада як апякае цела.

Так, за працай, за рознымі думкамі-марамі і прабег яшчэ адзін дзень, і надышоў ціхі вечар. Вялікае чырвонае сонца хавалася за верхавіны бяроз, якія здаля здаваліся нібыта пазалочанымі. Туды восенню яны з Алесем ходзяць па грыбы. Там, у рэдкім хвойніку — бярозы, відаць, раслі здаўна, а хвойнік падняўся пазней, — у засені, пад старымі бярозамі, было багата бабак, падасінавікаў, а больш — баравікоў па верасах, крамяных, чыстых, вялікіх. На прагалах — прысадзістых, тоўстых, з бурымі, бы абсыпанымі мукою капялюшыкамі…

Усё гэта раптам прыгадалася Міколу так яскрава, быццам ён збіраў тыя баравікі сёння.

Пара было ісці перахоўваць сваю знаходку, і Мікола, як дамаўляліся, паволі пакіраваў да аборы. Халаднаваты ўжо мурог мякка слаўся пад ногі, ісці было прыемна, і Міколу падумалася, што ноч будзе золкая і цёмная, што ідзе ён на вельмі адказнае заданне, ад якога можа залежаць многае.

Дзесьці каля рэчкі натужна пракрычаў драч. Глухім «ку-у-гу-у» яму адазвалася сава, пэўна, з млына. Іх там, ведаў Мікола, нямала хаваецца на дзень. Вось хутка сцямнее, і яны вылецяць на паляванне. Трымайцеся тады, палёўкі: зоркае вока савы бачыць ноччу, як днем!

Асветленая ў канцы скупымі промнямі, абора здавалася нібыта пафарбаваная ў жоўты колер.

І раптам Міколу здалося, што з аборы даносяцца нейкія незразумелыя гукі, быццам хто там ціха пасвіствае. Падышоў і ўбачыў, як ад аборы да рэчкі па густой траве пабеглі два стракатыя звяркі. «Ласкі», — здагадаўся ён, бо ўжо аднойчы іх бачыў, як яны ганяліся за матылямі.

Сёння вечар чамусьці не спяшаўся надысці. Белыя перыстыя воблакі, здавалася, цадзілі на зямлю сваё мяккае, цёплае святло, прасвечвалі хмызняк ля рэчкі, і ад гэтага святла нейкім казачным замкам здаваўся над рэчкай маўклівы млын.

«Нешта ж Алесь доўга не ідзе», — падумаў Мікола, прысаджваючыся на цёплы яшчэ валун каля аборы і ў каторы раз любуючыся прыгажосцю наваколля.

А тут і сапраўды было прыгожа. Наўкола, як скінуць вокам, стаялі таямнічыя лясы, хмызнякі ды аблогі з раслінным покрывам. Асобнай купкай высачэзных клёнаў і ясеняў вылучаліся якраз за млынам на ўзгорку могілкі, на якіх ужо даўно ніхто нікога не хаваў: то былі могілкі каталіцкія, з каплічкай і невялікім металёвым крыжам на ёй, са скляпеннямі і мармуровымі помнікамі, з каменнымі плітамі на магілах, абсаджаных кветкамі і кустамі. Іншым разам хлопцы любілі гуляць на тых могілках у хованкі,— і ніколькі не было страшна. А за могілкамі, ведаў Мікола, быў яр, не вельмі што доўгі, але надзвычай глыбокі, быццам яго хто зрабіў, выкапаў. З аднаго боку, ад лесу, быў абрыў, і голая пясчаная зямля адсвечвала рознымі колерамі пластоў і ўзімку і летам. Там іншым разам мясцовыя жыхары выцягвалі доўгія залацістыя карані хвой, з якіх плялі прыгожыя кашы, паскяпаўшы карані надвая…

Непрыкметна воблакі ўгары пацямнелі, хмызняк ля рэчкі зліўся ў адну цёмную масу, млын здаўся неакрэсленай глыбаю, скалою. Як раней зверху лілося святло, так цяпер, здавалася, асядаў адтуль вечаровы змрок. І ў гэтым змроку Мікола згледзеў неяк асабліва высокую — аж здзівіўся! — Алесеву постаць.

— Доўга ж нешта ты збіраўся, — незлабліва папракнуў сябра Мікола.

— Па карову хадзіў. Прывыкла швэндацца — знайдзі яе. А знойдзеш — дамоў не загнаць, — адказаў той ціха.

— Цяпер усё вобмацкам трэба. Цёмна. Торбу ўзяў?

— Ага…

Яны зайшлі ў абору, як у чорную яму. Каля сцяны дабраліся да сячкарні, ціха, каб не грукаць, паднялі шырокую дошку і прыслухаліся. Нідзе ні гуку, ні голасу.

— Неяк боязна, — шапнуў Алесь, даючы гэтым зразумець, што пад падлогу ён не палезе. — Каб хаця тых шашкоў не было, а то чорт іх ведае…

— Дык стой тут, я падам.

Вядома ж, Міколу таксама было вусцішна лезці пад тую падлогу, але ён і выгляду не падаў, што баіцца: характар такі — калі трэба, то хоць у агонь, хоць у ваду. Асабліва пасля таго, як даведаўся, што Алесю падабаецца Анюта. Цяпер-то ён дакажа і сваю смеласць, і сваю волю, і сваю сілу…

Вось ён падаў вінтоўку. Потым набраў поўную торбу патронаў, ледзьве дацягнуў да дзіркі. Удвух паднялі торбу наверх, паклалі маснічыну на месца.

— Там яшчэ трохі патронаў засталося — дык я іх пад падвалінай закапаў, а скрынку ў другі бок адкінуў, далей, — сказаў Мікола, беручы сабе вінтоўку.

— Паржавеюць.

— Не. Зямля зусім сухая, як прысак… Бяры торбу. Толькі яны хацелі выйсці з аборы, як пачулі рып калёс. Ён даносіўся ад рэчкі, ад таго месца, дзе быў брод.

— Нехта едзе, — шапнуў Алесь.

— Чую…

І ў гэтую хвіліну да іх данёсся прыглушаны хрыплы голас, у паветры тонка свіснула пуга:

— Нэ-э, каб цябе! — і натужна: — Падсабіце, хлопцы, а то гэтая здыхата не выцягне.