50195.fb2
— Як — нічога?! Ты ж ужо не маленькая, павінна разумець… Ды і ён — не маладзёнак… Я ў твае гады Анюту за руку вадзіла, ведаеш…
— І што з таго? — перапыніла яе Гэлька. — Збег твой мужанёк. Я не ўмею так… Не ўмею і не хачу. Валодзя і праўда не малады ўжэ. От ён і сказаў мне падумаць харашэнька, перш чым…
— Што? — падняла на яе насцярожаныя вочы Кацярына.
— Выйсці за яго…
— Значыць, у вас была гаворка! — з палёгкай сказала старэйшая сястра. З твару сышла напружанасць, вочы асвяціла радасць. Цяпер яны, зусім розныя па ўзросту, былі так падобны адна на адну, як блізняты, быццам і не стаяла між імі дзесяць нялёгкіх гадоў.
— Была… Але я ўсё роўна не кіну дому, няхай твой Іван не надзімаецца дужа, а то лопне, як пухір! Не яго ем, са свайго мазаля кармлюся. А з панядзелка ў калгас пайду працаваць, цяпер во самы прыпар, сенакос, а людзей малавата… — І раптам стала тварам у твар, спытала строга: — От скажы, Кацька, чаго ты за яго трымаешся? Дзяцей ягоных тут няма… Анюта ў цябе ўжо вялікая, работніца… Жылі б мы… Э-эх, як бы яшчэ жылі-пажыва-а-алі-і!..
Кацярына адвяла вочы ўбок, сказала з уздыхам:
— Не так гэта ўсё проста, Гіленка… Некалі ты ўсё зразумееш і апраўдаеш мяне. Пацярпі трохі. І не гавары больш такое, чуеш?
— Добра, не буду. Але і ты скажы яму, каб не чапіўся…
— Ды ўжо ж…
— І каб Анюту дужа не перагружаў. От учора за смалякамі аж на расцяробы паслаў. Бачыла, колькі пеньчукоў яна прыцегла? Я і то ледзь падняла…
Кацярына сама сабе ўсміхнулася, адвяла вочы ўбок, нібы саромеючыся таго, што падумала. Падумала і сказала:
— То ёй кавалеры з-за рэчкі памагалі. Мар'ін Мікола і Міронішын Алесь. І дровы, бачыла, склалі прыцемкам. Устаў Іван рана і дзівіцца — учора позна кончыў калоць, а ўсё складзена. Пахваліў Анютку…
Гэлька кпліва пахітала галавою.
— Глядзі, Каця… Ранняя яна ў цябе.
— Затое хлопцы познія, — аж рассмяялася Кацярына. — Убачылі мяне, засаромеліся, як малыя дзеці. Добрыя хлопцы, няхай дружыць з імі Анютка. У школу ж адну не пусціш, а з імі і смялей, і весялей… — Раптам яна спынілася, схапіла Гэльку за руку. — Ой, глядзі, хто гэта там ідзе!
Па палявой дарозе, што вяла з Калінаўкі на Замошша і пралягала між збожжа, ішоў сляпы жабрак з кіем і кайстрай. Тут, ля хутара, дарога збочвала аж да закінутага, з гнілым зрубам калодзежа, што стаяў ля колішняга хлява — цяпер ад яго застаўся толькі каменны падмурак ды розны друз, — і сёстры добра-ткі бачылі незвычайнага падарожніка. Не звяртаючы на іх ніякай увагі, тыркаючы кійком у дарогу, ён пратопаў адкрытую мясціну і пашыбаваў у жыта. А сёстры глядзелі ў той бок, бы зачараваныя такім незвычайным відовішчам.
— Ка-ця, — неяк сцішана, нібы баючыся, што яе хто пачуе, пачала Гэлька, — у мяне, ведаеш, аж сэрца зайшлося, калі я глянула на гэтага старца…
— А чаго ж?..
— Не ведаю… Паходка яго — бачком, бачком неяк… І доўгія рукі…
— Ну і што?
— Дужа ж ён Зыгмуся нагадвае…
— Бач ты-ы-ы!.. І мне ж тое падалося. Цьфу, цьфу, — нібыта плюнула яна на зямлю. — Не-е, Пленка, адтуль, куды яго саслалі, не вяртаюцца.
— Такі хлюст праз іголачнае вушка пралезе, з вады сухі выйдзе, — усё глядзела, аж калацілася ўся, на дарогу Гэлька. — Казаў жа Зыгмусь, як бралі, што ён яшчэ змеліць у сваім млыне… нечыя костачкі.
Кацярына прамаўчала, бо і сама не дужа верыла ў тое, што гаварыла сястры, і яны, бы згаварыўшыся, адразу павярнулі назад, ішлі моўчкі аж да хаты.
— Трэба будзе Кузьмічу сказаць, — ужо ў двары зноў падала голас Гэлька. — Лішняя перасцярога не пашкодзіць. Ды і казаў ён мне — калі каго незнаёмага сустрэнеш, то дакладвай…
— Як знаеш, Гіленка…
— Знаю. Толькі от каб свайму ты — ні гу-гу. Нешта ён апошнім часам падоўгу дома не бывае.
— Дык жа ён да сястры ў Калінаўку ходзіць, памагае ёй з сенам…
— А я сустракала раз яго сястру. Дык, ведаеш, жалілася, што як з'ехаў Іван, дык і памагчы ёй некаму. Кажа, і носа не патыкае… От і разбярыся тутака — што да чаго.
— Няўжо яна гэткае казала? — аж сумелася Кацярына, аж спынілася ля дзвярэй.
— Гэткае… Падумай цяпер, сястрычка, дзе твой Іван швэндаецца…
— А не прыдумала ты ўсё гэта, — прыжмурыла яна на сястру вочы. — Можа, па злосці гаворыш?
— Якая ж у мяне злосць на цябе, Кацька! Адны ж мы тутака, шкадую я цябе — от што. Таму і не казала дагэтуль, маўчала. А як дазнацца, дзе ён бывае — розуму не дабяру. І гэтага, што ноччу прыходзіць, некуды пасылае ўсё. Ой, глядзі, каб праз іх і нам не трапіць у якую непрыемнасць! Глядзі, Кацька, ты павінна лепш усё ягонае разумець і бачыць…
Захапіўшыся працай, Мікола і Анюта не заўважылі, як да іх, задыханы, нейкі ўстрывожаны — аж змяніўся ў твары, — прыбег Алесь. Яго светлыя валасы крыламі аблеглі.
— Мікола, хадзі сюды! — спыніўшыся крыху воддаль, паклікаў ён таварыша. І ў голасе яго, як і ў выглядзе, адчувалася штосьці важнае і тэрміновае.
Мікола ўваткнуў сякеру ў пень, прывычна падцягнуў штаны і накіраваўся да Алеся, таксама ўжо ўстрывожаны, напяты, бо ведаў — той абы-чаго не дужа пабяжыць…
— Ну, што там здарылася? — у нецярпенні спытаў ён, падышоўшы.
— Адыдземся яшчэ крышачку, раскажу…
— А мне што — нельга паслухаць? Сакрэт? — памкнулася да хлопцаў Анюта, ды Алесь выставіў перад сабою далонь як заслону.
— Сакрэт!
Яна незадаволена насупілася, прагаварыла:
— Сябры, называецца… Ну і я вам больш нічога-нічога не раскажу…
А сама падумала: «Усё роўна Мікола адкрые мне тую тайну, нідзе не дзенецца… Адкрые як міленькі…» І гэтае апошняе слова ёй дужа спадабалася, яна села на пень непадалёк ад ужо напоўненых мяхоў і з усмешкай, якая так прыемна аздобіла яе твар, колькі разоў паўтарыла ў думках: «Міленькі…» Ад гэтых думак ёй стала так весела, так лагодна на душы, што яна аж рассмяялася, гледзячы, як перагаворваюцца, як размахваюць рукамі, падскокваюць хлопцы.
А тыя і праўда дужа ўжо захапіліся сваёй гаворкай, забыўшыся і на Анюту, і на смалякі, і на ўсё на свеце…
— Так Тупік і казаў, што Зыгмусь Гурэцкі ўцёк? Як жа ён адтуль уцёк? Хіба яго не пільнавалі? Ды не можа быць, каб такое казаў! — усё не верыў Мікола.
— От жа казаў… І яшчэ прасіў тату, каб ён, быццам па якой справе, схадзіў у Мокры Лог і добранька там агледзеў усё, бо ў тым яры спакон веку розныя бандзюкі хаваюцца… — Ад узрушанасці Алесь расчырванеўся, соп і аж заікаўся. — А гэты жабрак тут круціцца нездарма… — і аж прысвіснуў: — Слу-хай, Мікола! А можа, ён ніякі і не жабрак? І не сляпы?
— Пойдзем от да Тупіка і ўсё раскажам! — вырашыў Мікола. — Толькі паможам Анюце… — нарэшце азірнуўся ён, і на яго худым смуглявым твары ледзь прабілася сарамяжлівая чырвань. Алесь гэта ўлавіў і быццам незнарок, але з папрокам сказаў:
— Нешта вы без мяне згаварыліся ў смалякі хадзіць… Ці ж я лішні?