50195.fb2 Скарб Загорскай камяніцы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

Скарб Загорскай камяніцы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

— А мы не дамаўляліся і не згаворваліся. Проста Анюта баіцца адна, казала. Сама мяне дагнала. Калі не верыш, то от спытайся ў яе.

— Што там пытацца… — Алесь зірнуў на Анюту і ўздыхнуў.— Мяне дык ніколі не даганяла…

Мікола палічыў за лепшае змяніць гэту непатрэбную і далікатную гаворку і таму ўжо цішэй, як якую таямніцу, сказаў Алесю тое, што сам чуў:

— У Тупіка, вунь, стралялі…

— Ведаю!

— Мы яму павінны заўсёды памагаць… Значыць, і пра вінтоўку расказаць трэба. А то неяк нядобра выходзіць — хаваем, як тыя бандзюкі…

— Можа, і нам спатрэбіцца. Ды і страляць бы навучыцца, — аж прыжмурыў левае вока. — Га, Мікола? Давай зойдзем далёка ў лес ды пастраляем…

— Настраляеш на сваю галаву. За гэта ведаеш, што можа быць? Турма…

— І што хаваем вінтоўку, можа быць турма…

— Можа… Вось аддадзім, і Тупік нас навучыць.

— Быў яму час! — махнуў рукою Алесь і першы рушыў да Анюты, думаючы ўжо нешта сваё, патаемнае. Цяпер ён хоць і сам не ведаў чаму, але злаваўся на Анюту. Яму хацелася сказаць ёй штосьці едкае, балючае.

Яна глядзела на сяброў, злёгку схіліўшы набок галаву.

— Насакрэтнічалі? — спытала прыязна, без крыўды. — Цяпер бярыцеся за мяхі.

— Гэта справа прывычная, — абыякава сказаў Алесь і ўхапіў яе мех так лоўка, быццам ён усё жыццё толькі тое і рабіў, што насіў мяхі.— Пайшлі…

Назад дайшлі без асаблівых прыгод, калі не лічыць таго, што Анюціну шчарбатую сякерку, якую Мікола кінуў пад куст, як ні шукалі, не знайшлі, быццам яна правалілася.

— Ану яе! Яна і так нікуды не вартая была, — урэшце зноў узяўся за свой мех Мікола, і сябры, мінуўшы Мокры Лог, выйшлі на дарогу…

У Замошша трапілі толькі на другі дзень.

Знайшлі будынак сельсавета, у прыбудове да якога і жыў участковы, але дома яго не засталі: паехаў у Калінаўку. Так ім сказаў сельсавецкі пісар Адам, малады кучаравы хлопец з вясёлымі васільковымі вачамі, які сядзеў за шыкоўным пісьмовым сталом з пакояў пана Красоўскага. Такіх кучараў, як у пісара, хлопцы, колькі жывуць, ні ў кога не бачылі: белыя завіткі, быццам спецыяльна накручаныя на гарачы цвік, капой абляпілі яго круглую галаву.

— А вам па якой справе? — калі ўжо хлопцы наважыліся ісці, нібы між іншым пацікавіўся пісар.

— Па асабістай… Сакрэт, — першы, нібы хто яго цягнуў за язык, выпхнуўся наперад Алесь.

— Не па асабістай, а па дзяржаўнай, — нядобра зірнуў на сябра Мікола.

— О-о! Калі па дзяржаўнай, то пачакайце… Я вось яму такія-сякія паперы перапісваю. Тэрмінова, казаў. Значыць, хутка будзе… У-унь там пасядзіце, пад ліпаю.

На падворку пад кучаравай ліпаю ляжала на двух укапаных у зямлю слупках даволі вялікая дошка, пафарбаваная ў зялёны колер. Хлопцы селі з краю і пачалі чакаць.

Двор вялікі, увесь у зеляніне; густыя бэзавыя кусты купкамі абляпілі будыніну; трава ўсюды парасла такая, што хоць касі яе.

— Чаму іх не высеклі, кусты гэтыя? — успомніўшы, як гады тры назад з-за бэзавых кустоў быў забіты з кулацкага абрэза старшыня сельсавета, пачаў гаворку Алесь. — За імі ж лёгка бандзюку якому схавацца ды зноў…

— Цяпер ужо адпала такая небяспека…

— А ў Тупіка ж стралялі…

— То ў лесе. Цяпер яны сюды не сунуцца, па носе атрымаюць. А вунь і Сняжок! — аж загарэліся вочы ў Міколы, калі ён убачыў, як з-за высокага паркана, што ахінаў гэтае селішча — а было на двары аж пяць будынін, — выехаў Тупік на сваім беласнежным кані. Участковы таксама ўбачыў хлопцаў і пад'ехаў адразу да іх, асадзіў каня.

— Здарова, гвардыя! — узняў ён пад казырок правую руку з нагайкай і лоўка саскочыў з каня. — Бачу, што мяне чакаеце, гэтак?

— Анёш! — зноў заскочыў наперад Алесь. — А мы ўчора бачылі нейкага сляпога старца і… вінтоўка яшчэ…

— У каго вінтоўка? У старца? — чамусьці, зусім не здзіўляючыся такой важнай, на думку хлопцаў, навіне, абыякава спытаў міліцыянер.

Алесь зноў затараторыў:

— Ды не, не ў старца… Вінтоўку мы знайшлі пад падлогай у аборы. І яшчэ там у скрынцы былі патроны да вінтоўкі. Многа патронаў, блішчастыя…

— Бач ты! — цяпер ужо здзівіўся Тупік, прысаджваючыся да хлопцаў. А павады аброці адпусціў. Сняжок жа — ні з месца, стаіць сабе, стрыжэ вушамі, нібы слухае гамонку.

Мікола падышоў, узяў за аброць, гладзіў яго тугую гладкую шыю, частаваў цукрам, якога сёння ўзяў нямала, слухаў Алесеву размову з Тупікам і думаў, што з Алесем яму здорава пашанцавала: такога гаваркога, адкрытага таварыша яму акурат бракавала ўвесь час, бо сам ён сарамяжлівы, не любіць мнагаслоўя, ніколі не вытыркаецца наперад. Іншых жа людзей заўсёды слухае ўважліва. Яго пры гутарцы ўвесь час, як людзі казалі, трэба цягнуць за язык.

І раптам, як стрэл, над галавой прагучалі на дзіва спакойныя словы міліцыянера:

— То не старац, брацішкі, то так замаскіраваўся Зыгмусь, сынок пана Гурэцкага! Уцякалі яны, дык старога падстрэлілі, як курапатку, а малады, бач, збег… І вінтоўку ён, відаць, прыхаваў, па яе прыходзіў. Што вы перахавалі — гэта добранька. Ды вось толькі думаецца мне — не адна яна ў яго прыхавана, як бы той Зыгмусь зноў не ўздумаў старых сяброў шукаць…

«І адкуль ён усё ведае? — дзівіўся Мікола. — Яго нічым не здзівіш…»

Мікола як трымаў каня за аброць, так і падышоў разам з ім.

— Можна, мы будзем усё-ўсё вам гаварыць, — нясмела пачаў ён, але Тупік перапыніў яго.

— Не можна, а трэба! Абавязкова трэба, брацішкі! Будзеце маімі разведчыкамі! — паклаў ім на галовы моцныя свае далоні Тупік. — Ваша інфармацыя, аказваецца, лепшая і найбольш поўная, чым усе іншыя…

І хоць ім не асабліва што гаварыла мала зразумелае слова «інфармацыя», але яны добра ўсведамлялі, што быць разведчыкамі ў такога паважанага чалавека, як Тупік, — гэта ўжо вялікі гонар. І вялікая адказнасць…

— А з вінтоўкай будзьце асцярожны, брацішкі, няхай яна пакуль паляжыць, я хутка там буду, і мы разам прыдумаем, як нам далей дзейнічаць…

Нечаканае адкрыццё

— А ты, Мікола, завядзі каня ў лужок ды спутай яго там, — бачачы, што Мікола ні на хвіліну не выпускае з рук аброці і ўсё любуецца Сняжком, папрасіў яго Тупік, на вялікую радасць хлопцу: яму ўжо даўно карцела пабыць з канём без гаспадара ды павучыць яго падыходзіць на свіст. У кішэні мулялі тры драбкі цукру. Гэта, мабыць, ведаў і Сняжок, бо ўсё цягнуўся пысай да кішэні і фыркаў.

Тупік зняў сядло, аброць, занёс усё гэта ў сваю прыбудову і выйшаў з новенькім пяньковым путам. Конь жа і без аброці стаяў, быццам навязаны.

— Што, не ведаеш, як завесці каня на лужок? — убачыўшы Міколаву разгубленасць, спытаў Тупік. — А ты пакажы яму цукар і ідзі сабе паціху… — ён засмяяўся. — Ве-едаю, брацішка, што ў тваёй кішэні ёсць тая прынада. Бач, як мой цыркач пысай цягнецца! Ен і сапраўды цыркач, упэўнішся ў гэтым…

І пасля хлопцы аж дзівіліся, як конь, нібы той сабака, ішоў следам, цярпліва чакаючы пачастунку, і ціха раз-пораз пахропваў, прасіў.

Лужок, або — выган, быў побач з вёскай, у нізінцы, зарослай лазняком і альхоўнікам. Там ужо хадзіла некалькі аднаасобніцкіх коней, з якіх адзін быў дужа цікавы — пярэсты. Белыя і жоўтыя плямы на ўздутых баках і крупе, падсвечаныя зыркім сонцам, дужа ж нагадвалі карову, і толькі густая грывастая шыя і бязрогі лоб сведчылі аб тым, што гэта ўсё ж конь. Хлопцы аж спыніліся, залюбаваліся.

— Дзіва нейкае! — ухмыльнуўся Алесь. — Помесь каровы і каня, далібог! Помніш, мы чыталі пра розныя цуды прыроды…

Мікола дастаў з кішэні кавалачак цукру.