50906.fb2
— За што ж гэта яны яго? — дапытваліся ў настаўніцы.
— За тое, што не хацеў аддаваць ім сваё вынаходства…
— Трэба ў партызанскі атрад паведаміць, — выказаў думку нехта з прысутных.
— І зараз жа, абавязкова, — схамянулася і Людміла Андрэеўна. — Яны ж яго жоўты сакваяжык з паперамі забралі. Такія важныя паперы!
— Я паведамлю дзядзьку Мірону, — выйшла наперад Таня, унучка дзеда Івана, маленькая дзяўчынка з тонкай шыяй і вострым носікам. Яна цяпер была сувязной, замяніўшы Сцёпу, які знаходзіўся ў атрадзе.
— А ты знойдзеш партызан? — строга запытаў дзед Іван.
— Знайду.
— Няхай ідзе, — загаварылі людзі.
Дзед Іван быў нездаволены ўнучкай, бо яна прагаварылася перад усімі, што ведае, дзе знаходзіцца партызанскі атрад. «Ох і задам жа я ёй потым», — падумаў дзед Іван, а ўголас сказаў:
— Ну, дык ідзі хутчэй. І Таня пабегла.
Таня даволі часта наведвала партызанскі атрад. Сувязной яна стала не адразу, а толькі пасля таго, як паказала сваю кемлівасць і вытрымку. Таня дапамагла Сцёпу выведаць, каго з людзей стараста намеціў адправіць у Германію. Калі гітлераўцы прыехалі па «рабочую сілу», нікога з намечаных людзей не было. Усе яны некуды зніклі. Гітлераўцы раззлаваліся, схапілі старасту і павезлі з сабой. Больш у вёску ён ужо не вярнуўся.
Шаснаццаць чалавек былі выратаваны ад нямецкай катаргі. Калі ў Сцёпы пыталіся, як яму ўдалося даведацца пра спісы, ён нязменна адказваў:
— Я тут ні пры чым, гэта ўсё Танечка. А справа была вось як.
Дзядзька Мірон даручыў Сцёпу высветліць, што сабой уяўляе стараста, які пры людзях лаяў немцаў і ў той жа час старанна выконваў іх загады. Сцёпа тады яшчэ жыў у вёсцы і быў ужо не толькі сувязным, але і разведчыкам. Ён часта хадзіў па заданню ў раённы цэнтр, іншы раз днямі сядзеў у кустах на скрыжаванні дарог, наглядаў, колькі за дзень праходзіла машын, з якімі грузамі, потым аб усім дакладваў дзядзьку Мірону.
Аднойчы пад вечар у вёску прыехаў начальнік паліцыі. Ён зайшоў у хату да старасты і доўга аб нечым гаварыў з ім. Сцёпа і Таня як ні прыслухоўваліся пад вокнамі, але разабраць, аб чым размаўлялі ў хаце, ім не ўдалося.
Калі Антак паехаў, стараста вярнуўся ў хату, дастаў з шафы вучнёўскі сшытак, вырваў з яго два лісты паперы і разлажыў перад сабой. Потым узяў аловак і задумаўся.
— Пісаць нешта будзе, — шапнула Таня. Яна стаяла ў Сцёпы на плячах і заглядала паверх фіранкі.— Паперу разлажыў…
— Вось бы даведацца, што ён будзе пісаць…
— А гэта можна, — раптам шапнула Таня. — Давай зробім так: як толькі ён скончыць пісаць, ты пакліч яго на двор, прыдумай якое-небудзь пытанне. А я праз акно ўлезу ў хату і пагляджу, што ён пісаў.
— Добра, — згадзіўся Сцёпа.
Яны пачалі старанна сачыць за кожным рухам старасты. Той доўга нешта думаў, а потым пачаў пісаць. Грамацей, відаць, ён быў невялікі і пісаў марудна, выводзячы кожную літару. Прыкладна праз гадзіну ён скончыў.
— Дзядзька Людвіг, а дзядзька Людвіг, адчыніце, — настойліва пачаў стукаць Сцёпа ў дзверы.
— Хто там? — стараста нехаця падняўся з-за стала.
— Гэта я, Сцёпа… У вас нейкі чалавек на двары стаіць, — таямніча паведаміў хлопец.
— Што за чалавек? — устрывожыўся стараста, расчыняючы дзверы. — Ну, дзе ён?
Сцёпа паказаў на нейкую постаць, якая сапраўды стаяла, прыхіліўшыся да плота.
На дварэ ўжо сцямнела, і што-небудзь разгледзець, не падыходзячы, было цяжка.
— Я даўно ўжо за ім наглядаю, — паведаміў Сцёпа, — а ён стаіць і нават не варушыцца.
— Хто ж гэта можа быць? — яшчэ больш устрывожыўся стараста.
— Не ведаю. Адзін я баяўся падысці… Стараста пачаў ціха падкрадацца да цёмнай постаці.
— Ах ты, шчанё палахлівае! — раптам вылаяўся ён. — Гэта ж мая світка вісіць!
— Сапраўды, світка. А здалёк падобна, быццам чалавек стаіць…
— Ідзі прэч, няма чаго тут швэндацца, — сказаў незадаволена стараста і, згробшы сваю світку, пайшоў у хату.
— Ну, паспела? — выскачыўшы на вуліцу, запытаўся Сцёпа.
— Паспела…
— Што ён пісаў?
— Складаў спіс нашых людзей для адпраўкі ў Германію.
— А ты запомніла, каго ён намеціў?
— Я некаторых нават перапісала, а астатніх так памятаю.
— Добра, вельмі добра. Трэба зараз жа ўсіх папярэдзіць аб небяспецы.
— А можа, гэтыя спісы стараста склаў толькі для выгляду, а сам паведаміць людзям, каб уцякалі? — усумнілася Таня.
— Наўрад… Але паглядзім…
Стараста нікому нічога не паведаміў.
Пасля гэтага выпадку Таня і стала сувязной атрада дзядзькі Мірона, а Сцёпа перайшоў назусім у атрад.
…Таня бегла па вузкай звілістай сцежцы, якая вяла нацянькі да моста праз невялічкую рачулку, што працякала недалёка ад вёскі. Калі ісці па дарозе, то да моста будзе добрых шэсць кіламетраў, сцежкай жа — кіламетры два. А там, за мостам, трэба павярнуць у лес і па прыкметах, якія паказаў Тані Сцёпа, прабірацца далей. За лесам пачыналася балота, а там зноў лес. На ўскраіне другога лесу стаяла хата леснічыхі Тэклі. Ад яе да партызанскага атрада было не больш трох кіламетраў.
Вось і мост, дзе трэба павярнуць. Але што гэта? Таня прыслухалася. Нехта страляе і зусім блізка. Спачатку Таня хацела хутчэй пабегчы, а потым спынілася і вырашыла паглядзець, што там робіцца.
Таня асцярожна, шмыгаючы з куста ў куст, пачала прабірацца ў той бок, адкуль чуліся стрэлы. Тое, што яна ўбачыла, вельмі здзівіла яе. Недалёка ад моста стаяла паліцэйская машына са спушчаным колам. Капітан Вагнер і Антак, сашчапіўшыся, качаліся па зямлі, равучы, як падбітыя звяры. Двое паліцэйскіх, з якіх адзін быў шафёрам, ляжалі забітыя. «Што гэта такое?»
І раптам Таня ўбачыла маленькі жоўты сакваяжык Карнея Пракопавіча, які ляжаў на траве.
З грудзей дзяўчынкі ледзьве не вырваўся крык радасці. Яна ўмомант падскочыла да сакваяжыка, схапіла яго і кінулася, што было Духу, далей ад гэтага месца. Так нечакана паперы доктара зноў апынуліся ў савецкіх людзей.