50906.fb2 Таямнічы надпіс - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 14

Таямнічы надпіс - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 14

— Які сакваяжык?

— Вось гэты, — паказала Таня. — Тут знаходзіцца праца доктара Долахава. Фашысты яго застрэлілі…

— Карнея Пракопавіча забілі? У-ух, гады… Каб ім свету не бачыць… Забойцы… — У старой задрыжэлі губы, гнеўна запалалі вочы.

Леснічыха добра ведала доктара Долахава і любіла яго. Па просьбе Карнея Пракопавіча яна не раз збірала для партызанскага шпіталя розныя лекавыя травы.

— Так, забілі…— пацвердзіла Таня. — Але засталіся яго паперы, вельмі важныя паперы, за імі фашысты ганяюцца. Таму іх трэба занесці зараз жа.

— Ну добра, пойдзем…

Цётка Тэкля ўважліва паглядзела на дзяўчынку.

— Э-э, дык ты паранена?..

— Так, у руку, але гэта нічога… Дайце мне піць…

Леснічыха прамыла цёплай вадой рану, перавязала яе, напаіла дзяўчынку кіслым малаком.

— Ну вось, цяпер да мяне сілы вярнуліся, можам ісці,— сказала Таня.

Цётка Тэкля ахінула плечы вялікай чорнай хусткай, узяла Таню за руку, і яны выйшлі з хаты.

Хоць на небе свяціў месяц, але шпарка ісці было немагчыма. З балота ў лес наплыў белы туман. Ён быў такі густы, што за тры крокі перад сабой не было нічога відаць. Леснічыхе і Тані вельмі цяжка было знаходзіць шлях, і яны часта вымушаны былі спыняцца, каб пераканацца, што ідуць правільна. На шчасце, паласа туману скончылася, і можна было паскорыць хаду. Раптам цётка Тэкля і Таня пачулі далёкі брэх сабак.

— Пагоня! — ускрыкнула Таня і спынілася. Спынілася і цётка Тэкля. Прыслухаліся.

— Яны ўжо, здаецца, у маёй хаце, — сказала леснічыха. — Нам трэба хутчэй бегчы.

Аднак бегчы ноччу па лесе было не так лёгка. Пачаўся гушчар, балюча драпаліся галінкі. Па дарозе часта трапляліся вываратні, пад імі ў ямах стаяла вада. Таня ледзь не трапіла ў такую яму. Другі раз яна ў цемры ўзлезла на мурашнік. З кожным крокам яна адчувала ўсё большую стомленасць.

— Ой, цётка Тэкля, — цяжка дыхаючы, спынілася Таня. — Замарылася я зусім… Давайце крыху перадыхнем.

— Гаў-гаў-гаў!.. — сабачы брэх пачуўся бліжэй.

— Чуеш? — замест адказу спытала леснічыха. — Яшчэ трошачкі пратрымайся, дачушка, зараз мы выберамся з гушчару, там далей лягчэй будзе…

«Каб хоць паспець дабегчы да прасекі», — думала цётка Тэкля, а там, яна ведала, пачынаюцца партызанскія пасты. Да прасекі было больш за паўкіламетра.

— Не адставай, ужо недалёка, — падбадзёрвала старая Таню.

Нарэшце дрэвы пачалі радзець, кусты таксама быццам некуды разышліся: месяц, які быў схаваўся за хмару, асвятліў вялікую паляну.

— Ну вось! — з палёгкай уздыхнула цётка Тэкля. — Выбраліся. Як ты адчуваеш сябе, Танечка?

Цётка Тэкля павярнулася і не адразу ўбачыла дзяўчынку. Яна ляжала тварам уніз у высокай сухой траве.

— Што з табой? Змаглася? — нахілілася над ёй старая.

— Цётка Тэкля… Вы бяжыце… пакіньце мяне… я больш не магу, — ціха зашаптала Таня.

Леснічыха асцярожна падняла дзяўчынку на рукі і пайшла з ёй. Але старэчае сэрца цёткі Тэклі не магло ўжо спраўляцца з такой нагрузкай, і яна час ад часу вымушана была спыняцца, каб перадыхнуць.

Сабачы брэх, які быў заціх, зараз узнік амаль побач.

— Няўжо не паспеем? Дагоняць, заб'юць і мяне, і дзіця, паперы забяруць… Патрымайся, Тэкля Антонаўна… яшчэ патрымайся… Ужо недалёка, — шаптала сама сабе леснічыха.

— Гаў-гаў-гаў!.. — вялізны сабака выскачыў з-за куста і схапіў Тэклю за хустку. Тады леснічыха скінула яе. Сабака, відаць, заблытаўшыся, крыху адстаў… А вось і прасека. Святло месяца вольна гуляе тут, нішто яму не перашкаджае — ні галінкі дрэў, ні туман.

«Та-та-та-та!» — застукала недзе ззаду.

«Та-та-та-та!» — адгукнулася і спераду.

«Страляюць!» — здагадалася леснічыха і спынілася, не ведаючы, што рабіць. У гэты момант нехта падбег да яе, збіў разам з Таней з ног і прыціснуў да зямлі.

— Не варушыцеся, цётка Тэкля, — пачула яна голас Сцёпы. І ён здаўся ёй такім родным, такім блізкім, што старая не то ад перажытага хвалявання, не то ад радасці заплакала.

Антак прымае захады

Вярнуўшыся ў раён, Антак адразу накіраваўся да ваеннага каменданта маёра Брунера… Маёр Брунер, маленькі, шчуплы мужчына гадоў пад сорак пяць, заўсёды чыста паголены і акуратна апрануты, сядзеў у сваім кабінеце і нешта пісаў. Ён загадаў начальніку паліцыі пачакаць, але калі Антак сказаў, што ў яго тэрміновая справа, звязаная з партызанамі, маёр Брунер усхапіўся і запрасіў Антака сесці.

Камендант баяўся лясных мсціўцаў больш за ўсё на свеце. І каб не загады зверху, якія патрабавалі новых і новых захадаў супроць партызан, сядзеў бы ён сабе ціхенька, як мыш у нары.

Антак расказаў, што недалёка ад вёскі Ляхаўцы на іх напалі партызаны, капітан Вагнер і двое паліцэйскіх загінулі. Сам жа ён выратаваўся выпадкова.

Маёр Брунер паверыў.

— Паедзем паглядзім, — прапанаваў Антак, ведаючы, што маёр Брунер ні ў якім разе не паедзе.

— Не, не, мне няма часу, — адмоўна закруціў галавой той.

— Але ж забітых трэба пахаваць, — запярэчыў Антак. Ён хацеў хутчэй вярнуцца на тое месца, дзе знік сакваяжык, але адзін ехаць баяўся. Паліцэйскіх вольных не было. Таму Антак настойваў, каб камендант паслаў з ім сваіх людзей.

— Добра, добра, — нарэшце згадзіўся маёр Брунер.

Ён выклікаў лейтэнанта Штума і загадаў яму:

— Вазьміце дзесяць салдат, едзьце на месца нападу і пахавайце забітых паліцэйскіх там, а капітана прывязіце сюды.

«Ну вось, што мне і трэба!» — радасна падумаў Антак і папрасіў лейтэнанта захапіць з сабой аўчарку. Пакуль лейтэнант і салдаты рыхтаваліся, Антак хадзіў па пакоі і напружана думаў: дзе мог падзецца сакваяжык? Хто яго падхапіў? І слава вучонага, аб якой ён пачаў ужо быў марыць, а галоўнае, мільённыя прыбыткі ад продажу супрацьсухотнага прэпарата — усё, усё прапала. Але не! Антак не з такіх, каб так хутка апускаць рукі. Не, ён наладзіць самыя шырокія пошукі гэтых папер.

— Машына гатова! — далажыў салдат.

— Заводзьце, мы зараз ідзем.

Праз гадзіну Антак, лейтэнант Штум і дзесяць салдат прыбылі на месца «сутычкі» з партызанамі… Лейтэнант загадаў салдатам тут жа на ўзбочыне пахаваць забітых паліцэйскіх, а сам узяў аўчарку і павёў яе туды, дзе ляжаў капітан. Сабака абнюхаў траву і раптам заскуголіў, кінуўся ў кусты.

— Ён некага чуе! — нагнуўшыся і разглядаючы прымятую траву на месцы бойкі, сказаў лейтэнант.

— Пан лейтэнант! — азваўся Антак. — Дайце мне пяць чалавек, і я прайду па следзе.