50906.fb2 Таямнічы надпіс - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 18

Таямнічы надпіс - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 18

— Ну, прывёз? — сустрэў Антака маёр Брунер.

— Прывёз.

— Вядзі яго ў мой кабінет.

Сцёпу ўпіхнулі ў кабінет каменданта. Дапытвалі ўтрох: Антак, маёр Брунер і яго асабісты перакладчык Болцікаў. Гэты Болцікаў выконваў у Брунера хутчэй абавязкі ката, чым перакладчыка. Страшная слава хадзіла пра яго. Калі камендант траціў надзею дабіцца ад ахвяры прызнання, далейшы допыт ён даручаў Болцікаву. Даводзілася толькі здзіўляцца, адкуль у гэтага невысокага плюгавенькага чалавечка столькі злосці, столькі нянавісці да ўсяго савецкага, да партызан, якія часам траплялі ў рукі фашыстаў. Што ён за чалавек і адкуль, ніхто толкам не ведаў. Казалі, што гітлераўцы выпусцілі яго з турмы, куды ён трапіў незадоўга да пачатку вайны за забойства нейкага блізкага родзіча-мастака. Сядзець бы яму і сядзець, калі б не падаспелі «вызваліцелі». За гэта, відаць, Болцікаў і служыў ім верай і праўдай.

Маёр Брунер дастаў з шуфляды стала фатаграфію Васіля Баравога. Зірнуўшы на Сцёпу, камендант сярдзіта сказаў:

— Гэта ж не ён!

— Але таксама важная птушка, — горача загаварыў Антак. — Гэта ён падарваў нашу машыну гранатай і забіў капітана Вагнера і двух паліцэйскіх. Апрача таго, — Антак сцішыў голас, — ён ведае, куды падзеліся партызаны.

Брунер зморшчыўся. Напамінак аб няўдалым паходзе двух палкоў карнікаў быў яму непрыемным. Ён нават не ведаў, чым усё гэта скончыцца. Начальства яшчэ дасць яму пытлю за няўдала праведзеную аперацыю.

— Ты ведаеш, дзе цяпер знаходзіцца партызанскі атрад? — спытаў у Сцёпы Брунер.

Сцёпа адмоўна пакруціў галавой.

— Але ж ты сам з гэтага атрада. Сцёпа прамаўчаў і на гэты раз.

— Развяжы яму рукі,— загадаў Брунер Антаку, — а то ён нас баіцца… Дык куды перабраліся партызаны? — салодкім голасам запытаў маёр.

— Нічога я вам не скажу, гады! Дарэмна стараецеся…

— Брэшаш, скажаш! — зароў Антак і ўдарыў Сцёпу па твары. — Я цябе прымушу загаварыць!

З носа ў Сцёпы палілася кроў, ад гневу і болю пацямнела ў вачах.

— Ах ты, падлюга! — закрычаў Сцёпа і з усёй сілы ўдарыў Антака. Той не ўтрымаўся на нагах і грымнуўся на падлогу.

Маёр Брунер выхапіў пісталет, але яго апярэдзіў Болцікаў.

— Пан маёр, — зрабіў ён крок наперад. — Дазвольце мне з ім пагутарыць… Хадзем, малады чалавек, са мной, — усміхаючыся аднымі вуснамі, рыпуча прагаварыў Болцікаў, звяртаючыся да Сцёпы.

— Нікуды я не пайду! — рэзка адказаў Сцёпа, адступаючы ў кут. Ён разумеў, што няма чаго чакаць літасці ад гэтых людзей, і вырашыў абараняцца да канца — кулакамі. Але тут раптам Болцікаў, як драпежнік, кінуўся да яго і з усяе сілы ўдарыў пад лыжачку… У Сцёпы перахапіла дыханне, пацямнела ў вачах. Ён пахіснуўся і ўпаў…

Ачуняў Сцёпа ад таго, што нейчыя ласкавыя рукі змывалі яму кроў, перавязвалі рану на галаве.

— Дзе я? — слабым голасам спытаў ён.

— Не бойся, ты сярод сваіх.

Сцёпа расплюшчыў вочы і ўбачыў бледны, схуднелы твар, які схіліўся над ім. Вялікія чорныя вочы ласкава глядзелі на яго.

— Дзе я? — паўтарыў Сцёпа.

— У турме, сярод сваіх…

— А-а, — Сцёпа зноў заплюшчыў вочы. Страшэнна балела галава, ныла ўсё цела. Ён не мог успомніць усе падрабязнасці сваёй «гутаркі» з Болцікавым, усіх катаванняў, якія прыдумваў для яго «перакладчык» каменданта. Ён не паспяваў адкрыць вочы пасля таго, як на яго вылівалі вядро халоднай вады, і адразу ж зноў траціў прытомнасць.

— Дзе яны цябе схапілі? — спытаў мужчына з чорнымі, як вугельчык, вачыма.

— У лесе, на партызанскім аэрадроме, — адказаў Сцёпа.

Камера была маленькая і вельмі сырая. Са столі капала вада, сцены былі слізкія, пакрытыя цвіллю. Акенца з кратамі асвятляла яе.

У камеры знаходзілася чалавек дзесяць зняволеных. Легчы і выпрастаць ногі не было магчымасці. Людзі сядзелі, прыціснуўшыся адзін да аднаго.

— У гэтую камеру, пад нумарам дзевяць, змяшчаюць, лічы, смертнікаў,— растлумачыў другі, рыжабароды мужчына, якога звалі Кузьма Данілавіч.

Фашысты схапілі яго ў той час, калі ён падпілоўваў слуп на толькі што адноўленай лініі сувязі. Варожым сувязным прыходзілася амаль кожную гадзіну выязджаць на рамонт лініі. Толькі яны паспеюць ліквідаваць абрыў ці паставіць новы слуп, як начальства ізноў крычыць на ўсё горла, чаму не адказвае штаб. І салдатам прыходзілася выязджаць на пошукі новага пашкоджання. Аднойчы немцы зрабілі засады на лініі. Вось тады і папаўся Кузьма Данілавіч. Як і Сцёпу, яго адразу адправілі ў камеру смертнікаў.

— Ды ты асабліва не хвалюйся, малады чалавек, — прамовіў да Сцёпы мужчына з вачыма-вугельчыкамі.— Хоць фашысты і прыгаварылі нас да смерці, але мы яшчэ пазмагаемся…

Увечары Сцёпу зноў выклікалі на допыт. Яго білі, выкручвалі рукі, але ён не сказаў ні слова.

— Нічога ад яго не даб'ешся, — махнуў рукой маёр Брунер. — Заўтра трэба будзе разгрузіць камеру № 9. Болцікаў, гэта вы возьмеце на сябе.

Вярнуўшыся ў камеру, Сцёпа расказаў зняволеным аб тым, што пачуў на допыце.

— Заўтра? — Кузьма Данілавіч спахмурнеў.— Чамусьці спяшаюцца, відаць, на фронце ў іх зусім дрэнь справы.

У камеры зрабілася ціха. Кожны, напэўна, думаў аб тым, што чакае іх заўтра.

— Не сумуйце, хлопцы, — сказаў Кузьма Данілавіч. — Праўда, справы сур'ёзныя. Але сёння партызаны атрада дзядзькі Мірона, як мне перадалі, павінны вызваліць нас…

Калі прынеслі вячэру — нейкую брудную ваду і па кавалку цвілога хлеба, — ніхто не хацеў есці. Кузьма Данілавіч, аднак, загадаў усім падмацавацца.

Надышла ноч. Турма заціхла. Толькі было чуваць, як падалі са столі на падлогу кроплі вады, ды час ад часу чуліся цяжкія крокі вартавога, што хадзіў па калідоры. У камеры смертнікаў ніхто не спаў. Хіба можна было заснуць у такі час? Раптам у сцяну камеры пастукалі. Усе прыслухаліся, а Кузьма Данілавіч усхапіўся і прыклаў да сцяны вуха. Выстуквалі па азбуцы Морзе.

— Падрыхтавацца ўсім… група партызан пад камандаваннем Васіля Баравога, — расшыфроўваў Кузьма Данілавіч, — пачне штурм турмы ў дванаццаць гадзін ночы!

— Вось гэта дык хлопцы! Арлы! — ажывіліся ў камеры. — Нічога не баяцца.

— Цішэй! — строга нахмурыў бровы Кузьма Данілавіч. — Ніякіх адзнак радасці, трымаць сябе так, як і дагэтуль. За намі сочаць. Гэта па-першае. Па-другое, як толькі мы апынемся за сценамі турмы, усім разбягацца ў розныя бакі. Збор у Шэрвінскім лесе. Выбягаючы з турмы, старайцеся ўзброіцца, хто чым зможа, адбірайце зброю ў вартавых, у паліцаяў.

— Спыніць размовы! — загрукаталі ў дзверы.

— Бачыш, чуюць…

Усё сціхла. У кожнага ў камеры напружана білася сэрца. А думкі ва ўсіх былі адны і тыя ж. Што адбудзецца раней? Ці прыйдзе Васіль Баравы са сваімі хлопцамі, ці паліцаі павязуць зняволеных на расстрэл? Гадзінніка ні ў каго не было, і сказаць дакладна, колькі цяпер часу, ніхто не мог. Вячэру прыносілі ў дзевяць гадзін. Пасля вячэры прайшло, мабыць, гадзіны дзве. Час цягнуўся вельмі марудна. Раптам у калідоры пачуўся шум, загрукаталі па бетоннай падлозе каваныя боты. У наступны момант у дзвярах камеры № 9 заскрыгатаў ключ.

— Па нас прыйшлі! — збялелымі вуснамі прагаварыў адзін малады зняволены.

— Без панікі! — строга сказаў Кузьма Данілавіч. — Трымайцеся мужна, не забывайце, мы — савецкія людзі.

Расчыніліся дзверы, і на парозе з'явілася высокая постаць Антака.