50906.fb2
Зняволеныя адзін за адным пачалі выходзіць з камеры. Па абодва бакі выстраіліся канваіры з аўтаматамі.
— Бывайце, таварышы! — даляталі воклічы праз зачыненыя дзверы з іншых камер.
— Бывайце! — адгукнуўся Кузьма Данілавіч.
Зняволеных вывелі ў двор, там стаялі дзве крытыя машыны. У адну з іх пачалі заганяць смертнікаў.
Але не паспелі фашысты завесці маторы, як адразу з усіх бакоў турмы пачуліся стрэлы, выбухі гранат. Гітлераўцы, што былі паселі ў другую машыну, пачалі выскокваць назад. Пра зняволеных адразу ўсе забыліся.
Што рабіць? Зняволеныя пазіралі на Кузьму Данілавіча. Выскокваць з машыны — дык іх маглі тут жа і пастраляць. Сядзець і чакаць таксама было небяспечна. Маглі і карнікі апомніцца, а магла і партызанская граната трапіць у машыну.
— Уррр-а-а! — пачулася недзе зусім недалёка.
— Давай, хлопцы, вылазь! — аддаў каманду Кузьма Данілавіч.
Зняволеныя адзін за адным пасыпаліся з машын. Фашысты збіліся каля варот, там ішла самая гарачая бойка.
— Налятай ззаду! — крыкнуў Кузьма Данілавіч і першы кінуўся на фашыстаў. Астатнія зняволеныя, схапіўшы хто камень, хто кол, падаліся за ім.
Сцёпа тузаўся з нейкім здаравенным паліцаем у самых варотах турмы. Моцныя рукі паліцая сціснулі яго за горла так, што аж у вачах пацямнела. Але ў самую апошнюю хвіліну Сцёпа намацаў на поясе паліцая кінжал, схапіў яго і што было сілы ўдарыў ворага. Той войкнуў, адпусціў горла Сцёпы і паваліўся да яго ног. Хлопец выскачыў за турэмныя вароты, перабег вуліцу, кінуўся ў бок лесу і ў той жа момант адчуў, што яго нешта моцна ўдарыла ў левы бок. Ён на хаду сарваў з сябе кашулю, збольшага перавязаў рану. Наперадзе віднеўся ўжо лес. Ноч была цёмная, прахалодная, але па твары Сцёпы ліўся пот. З раны сачылася кроў.
Вось і ўзлессе. Юнак вызначыў напрамак і вырашыў, што да раніцы яму абавязкова трэба дабрацца да вёскі Ляхаўцы. Шлях немалы. Ці хопіць толькі сілы? Павінна хапіць, трэба, каб хапіла, падбадзёрваў сам сябе Сцёпа. У вачах часта рабілася цёмна, і ён вымушаны быў спыняцца, падоўгу стаяць, абапёршыся на дрэва, каб перачакаць, пакуль пройдзе млявасць. Яму вельмі хацелася прылегчы, але Сцёпа ведаў, што тады ён больш не ўстане. Перамагаючы боль і слабасць, Сцёпа ўпарта ішоў наперад. Аднак, прайшоўшы кіламетры чатыры лесам, ён упаў і страціў прытомнасць.
Пасля прарыву пад Оршай фашысцкія войскі не маглі ўжо затрымаць магутнае наступленне Савецкай Арміі. Ворагі, нягледзячы на ўсе свае ўмацаванні і жорсткае супраціўленне, каціліся ўсё далей і далей на захад.
Аб тым, што фронт наблізіўся да мястэчка, Антак даведаўся на наступны дзень раніцой. Ён прыйшоў да маёра Брунера на кватэру, каб параіцца, як лепш арганізаваць пошукі зняволеных, што ўчора ўцяклі з турмы. Але тут ён убачыў, што камендант упакоўвае чамаданы.
— Куды гэта вы збіраецеся? — нічога не падазраючы, спытаў Антак.
— На той свет! — змрочна пажартаваў Брунер. — Савецкія войскі прарвалі лінію нашай абароны.
— Зноў? — Антак аж пахіснуўся, а на яго твары з'явіліся чырвоныя плямы. — І-і я-яны могуць х-хутка быць т-тут? — спытаў ён, заікаючыся.
— Напэўна, бо ёсць загад эвакуіравацца адсюль, пакуль не позна.
— Што ж мне рабіць?
— Тое, што ўсе робяць…
— Але ж у мяне шмат рэчаў… бацька…
— Вазьмі дзве машыны, якія стаяць на двары. Я пазваню начальніку станцыі, каб табе пакінулі вагон.
— Дзякуй! Ад душы дзякуй за дапамогу, пан камендант, — горача зашаптаў Антак, паціскваючы маленькую, халодную руку маёра Брунера. — У цяжкую хвіліну вы не пакінулі сваіх памочнікаў і заўсёды можаце спадзявацца на іх падтрымку.
Але не больш як праз дзве гадзіны Антак бегаў па слізкай паркетнай падлозе танцавальнай залы ў сваім маёнтку, і з яго вуснаў зляталі іншыя словы:
— Фрыцы праклятыя! Ваякі ліпавыя, гады… Адступаюць! Уцякаюць! Але што яны са мной зрабілі? Ты разумееш, тата? Антак павярнуўся да глыбокага крэсла, з якога выторкваўся рыжы чуб самога пана Вышамірскага.
— Спачатку далі дзве машыны, каб вывезці нашу маёмасць… Адну зараз жа адабралі, а з другой мяне скінулі каля самага дому… Ну, што мы цяпер будзем рабіць? Што? Яны ж усіх нашых коней яшчэ раней забралі…
— Не хвалюйся, сынку, што-небудзь прыдумаем. Мэблю, карціны і іншае дабро — усё гэта прыйдзецца кінуць. Трэба падумаць, як выратавацца самім і зберагчы скрынку з золатам.
— Што ж прыдумаеш, што? — гарачыўся Антак і раптам, пра нешта ўспомніўшы, падбег да шафы. Расчыніўшы дзверы, ён дастаў адтуль жоўты сакваяжык і падаў яго бацьку: — На, схавай гэта ў сейф. А, ледзь не забыўся. — Антак кінуўся да пісьмовага стала, дастаў з верхняй шуфляды тоўстую скураную папку, раскрыў яе, пагартаў паперы. Твар яго скрывіўся злараднай грымасай. — Хопіцца Брунер, пашкадуе…
— А што гэта? — пацікавіўся стары Вышамірскі.
— Паслужныя спісы нашых тутэйшых сяброў. Потым, пасля вайны, яны б вельмі Брунеру спатрэбіліся… Зрэшты, гэта не твая справа. Ты лепш падумай, як нам адвезці сейф на станцыю.
— Завязем, не хвалюйся, — супакойваючы сына, сказаў пан Вышамірскі.— У нас жа, здаецца, ёсць конь.
— Што ты, тата, — усумніўся сын, — гэта не конь, а падла старая, ад яго нават фрыцы ў такі час адмовіліся.
— Нічога, дацягне… Тут недалёка.
Ад маёнтка да бліжэйшай чыгуначнай станцыі было каля пятнаццаці кіламетраў. Туды ішлі дзве дарогі: адна па бальшаку, другая праз лес. Бальшак цяпер увесь забіты машынамі і фурманкамі з адступаючымі гітлераўцамі. А ехаць праз лес — там могуць быць партызаны. Праўда, пасля нядаўняй прачысткі наўрад ці хто застаўся з іх. Памеркаваўшы, Антак вырашыў ехаць лесам, тым больш што гэтая дарога была карацейшай. Апошняе было вельмі важна. Гул гармат, які чуўся ўначы, як далёкае рэха, пад раніцу значна наблізіўся. Трэба было спяшацца.
Каня запрагаў сам Антак. Апрача скрынкі з каштоўнасцямі на фурманку паклалі некалькі чамаданаў. Але конь быў такі стары і такі слабы, што і гэты, параўнаўча не цяжкі воз ён ледзьве скрануў з месца. Некалькі чамаданаў з менш каштоўным дабром прыйшлося паскідаць адразу ж, як толькі выехалі за вароты.
Ехалі марудна. Як Антак ні лупцаваў каня, той спыняўся ўсё часцей і часцей. Лясная дарога была пераплецена каранямі дрэў, якія месцамі высока выпіралі з зямлі, быццам жылы на магутнай, напружанай руцэ. Колы часта ўпіраліся ў гэтыя карані, і конь ніяк не мог іх адолець.
— Но… каб цябе ваўкі разарвалі! — дубасіў бедную жывёліну тоўстым кіем Антак. Конь кідаўся ў бакі, спрабаваў узяць рыўком і нарэшце паваліўся на зямлю, далёка адкінуў старэчую галаву з дрыжачай абвіслай губой і не рэагаваў ужо ні на якія ўдары. А гул гармат, падхоплены лясным рэхам, здаваўся зусім блізкім.
— Ты чуеш, тата? — звярнуўся Антак да старога пана.
— Чую, — хмура адказаў той. — І не ведаю, што рабіць…
— Но… Падымайся! — зноў зароў Антак на каня. Але той выцягнуў ногі і не дыхаў.
— Прыехалі,— злосна плюнуў начальнік паліцыі і адкінуў кій.
— У-у-ух… У-у-ух… — далятала з усходу.
— Трэба закапаць сейф дзе-небудзь тут, у лесе, хоць бы вось каля старога дуба. Можа, яшчэ вернемся, тады адкапаем, — прапанаваў стары Вышамірскі.
Антак згадзіўся, адшпіліў ад пояса маленькую рыдлёўку, якую захапіў у дарогу, і са злосцю пачаў капаць.
Калі яма была выкапана, ён сказаў бацьку:
— Сакваяжык з паперамі доктара, відаць, трэба таксама пакінуць тут.
Затым яны знялі сейф з павозкі, паставілі ў яму пад дубам, засыпалі яе зямлёй і старанна замаскіравалі.
— Эх, усё загінула, — заскрыгатаў зубамі Антак.
— Нічога не зробіш, сынку, — сумна зазначыў стары Вышамірскі. Ён ніяк не мог адысці ад дуба, папраўляў лапкі, жмуткамі травы закідваў грудкі зямлі, што адкаціліся ў час капання. Яму ўсё здавалася, што гэтае месца можа прыцягнуць чыю-небудзь увагу.