50906.fb2
Толькі тут Зінаіда Антонаўна зразумела, што ўсё гэта не сон, што прыйшло выратаванне. Яна ўскочыла на ногі і кінулася да Васілька.
— Вася!
А над Васільком ужо схіліўся маёр Шэвелеў. Ён прыклаў вуха да грудзей хлопчыка і слухаў.
— Жывы! — нарэшце радасна паведаміў ён. — Хутчэй у бальніцу!
Непрыкметна праляцела лета. На дрэвах з'явілася першае жоўтае лісце, раней стала адыходзіць на адпачынак сонца, ночы зрабіліся больш цёмнымі і доўгімі. У школе празвінеў першы званок, які паклікаў вучняў у светлыя, абноўленыя пасля рамонту класы.
Сабраліся разам і героі нашай аповесці, цяпер ужо васьмікласнікі: Толік, Жэнька і Васілёк. Васілёк з'явіўся ў вёсцы зусім нядаўна, перад самым пачаткам заняткаў. Ён доўга праляжаў у бальніцы, а потым, выпісаўшыся, яшчэ цэлы месяц правёў у санаторыі.
Васілька было не пазнаць. Куды падзелася яго заўсёдная мітуслівасць, гарачнасць. Ён быццам адразу пасталеў. Ды тое ж можна было сказаць і пра яго таварышаў.
У жыцці бывае па-рознаму. Жыве сабе хлопчык, падлетак. Паступова — дома, у школе, сустракаючыся з дарослымі,— убірае ў сябе тое, што потым стане яго характарам, і неяк увесь час застаецца самім сабой. І толькі калі вырасце, заўважыць хто-небудзь: бач, чалавек вырас. А бывае і інакш: прашуміць над гарэзлівай хлапечай галавой навальніца, прымусіць задумацца, скалане — і не пазнаць хлопца. Нешта падобнае здарылася і з нашымі героямі.
Першага верасня, накіроўваючыся ў школу, ні Толік, ні Жэнька, ні Васілёк нават не здагадваліся, што гэта будзе для іх адзін з самых памятных дзён. На перапынках яны ўвесь час былі разам, але гаварылі аб дробязях. Толік хваліўся новым пяром, якое ледзь не само піша, Жэнька расказваў, што ён набыў лёску «сатурн» і можа падзяліцца з таварышамі, а Васілёк раптам успомніў, што, правёўшы цэлы месяц у Крыме, ён так і не пабачыў дэльфінаў. Можа, гэта рабілася знарок, таму што ўся школа глядзела на іх, як на герояў, і яны саромеліся.
Але перад апошнім урокам высветлілася, што як ні скромнічай, а сёння ім усё ж давядзецца пахадзіць у героях. У клас зайшла Зінаіда Антонаўна і аб'явіла, што пасля ўрокаў адбудзецца ўрачысты збор дружыны.
— У першы дзень? — здзівіўся нехта.
— Значыць, трэба, — адказала Зінаіда Антонаўна і таямніча ўсміхнулася.
Калі дружына пастроілася на лінейку, у залу ўвайшлі дырэктар школы, Мірон Васільевіч Дубатаўка, маёр Шэвелеў і яшчэ адзін мужчына з сівымі валасамі і маладым тварам. Гэта быў сакратар райкома партыі. Ён і пачаў гаварыць першы.
— Сябры! Мы прыйшлі сказаць вам дзякуй за вашы добрыя піянерскія справы. Асабліва мы ўдзячны тым, хто ўдзельнічаў у пошуках папер доктара Долахава. Рад паведаміць, што мы паслалі запіскі доктара ў Акадэмію медыцынскіх навук і днямі атрымалі адказ. Прэзідэнт Акадэміі піша, што праца доктара Долахава — цэлае адкрыццё для навукі.
Ужо створана спецыяльная група па распрацоўцы і ўдакладненню яго метаду лячэння сухотаў. У пошуках папер доктара Долахава вам давялося сутыкнуцца з небяспечнымі злачынцамі, і вы расстроілі іх бандыцкія планы, не далі мацёрым ваўкам уцячы за граніцу. Нядаўна яны паўсталі перад судом і атрымалі па заслугах. Ім усё прыгадалі — і старыя грахі, і новыя… У заключэнне хачу сказаць: мы ганарымся вамі, сябры!
Потым выступаў маёр Шэвелеў. Ён ад імя начальніка пагранраёна аб'явіў Толіку, Васільку і Жэньку падзяку і зачытаў загад, які заканчваўся так:
«…узнагародзіць залатымі імяннымі гадзіннікамі».
— Да барацьбы за справу Леніна — заўсёды гатовы! — у адзін голас адказалі трое сяброў. Гэтыя словы прагучалі як клятва.
Прадзіраючыся скрозь густыя зараснікі арэшніку, ішлі тры хлопчыкі.
Вось яны нарэшце выйшлі на невялікую палянку. Вадзік усеўся на пянёк, а яго неразлучныя сябры Шурка і Марык прымасціліся побач, проста на зямлі.
Навокал панавала цішыня. Прабяжыць па лесе лёгкі ветрык, і хлопчыкам здаецца, быццам стройныя сосны, якія з усіх бакоў абступілі палянку, аб нечым таямніча шэпчуцца паміж сабой.
— Тут нам ніхто не перашкодзіць, — напаўголаса сказаў Вадзік.
— Што там у цябе, Марык, здарылася?
Чаго ты нас паклікаў на месца вялікага збору?
— А вось, — дастаючы з-за пазухі газету, адказаў Марык, — артыкул пра нас. Чытай.
— Ты што, сарваў насценгазету? — здзівіўся Шурка.
— Не, не сарваў,— супакоіў яго Марык. — Я толькі гэты слупок адклеіў. Ды ты чытай, Вадзік, чытай.
— «Пісьмо сябру»! — пачаў чытаць Вадзік. — «З Вадзікам Мяцельскім мы даўно сябруем. Але ў апошні час Вадзік пачаў аддаляцца, перастаў заходзіць да мяне і нават вітацца. Ён знайшоў сабе новых сяброў — Марыка Пужэвіча і Шурку Лобача, самых гультаяватых і недысцыплінаваных вучняў нашага класа…»
— Зайздросціць, што не з ім сябруем, вось і піша, пісака… — перапыніў Вадзіка Шурка.
— «Я і задумаўся, — чытаў далей Вадзік, — хто ж вінаваты? А справа тут вось у чым. Увесь час Вадзік перапісваў у мяне рашэнні задач, а нядаўна я адмовіўся даць яму свой сшытак, сказаў, што ён павінен сам рашаць. І за гэта ён на мяне пакрыўдзіўся. Потым я яму сказаў, што не буду падказваць на ўроках. На гэтым уся наша дружба скончылася. Але я так разумею, што дружба не ў тым, каб падказваць на ўроках і даваць спісваць рашэнні задач. Той, хто так робіць, не сябар. Сапраўдны сябар абавязаны дапамагаць таварышу. Але хіба падказка — дапамога? Трэба зрабіць усё, каб ён не адставаў у вучобе. А Вадзік вучыцца не хоча і да таго ж называе мяне здраднікам».
— Дык ён жа і ёсць здраднік! — усклікнуў Марык.
— Ну і птушка ж гэты Хрусталёў! — падтрымаў Шурка.
— А вось што ён яшчэ піша, — перапыніў іх Вадзік: — «Час ідзе, а ён не хоча прызнаваць свае памылкі. Вучыцца на тройкі, а мог бы вучыцца на чацвёркі і пяцёркі. Нічога не чытае, акрамя кніг пра індзейцаў. Сёлета ён пайшоў у падарожжа, але яго нічога не цікавіць: ні сустрэчы з вядомымі людзьмі, ні гістарычныя месцы. Ён цэлымі днямі гойсае па лесе, уяўляючы сябе індзейцам…»
— Трэба яму адпомсціць, каб надоўга запомніў! — азірнуўшыся па баках, сказаў Марык.
— Але як? — спытаў Шурка.
— Ёсць у мяне план… — Вадзік падняўся з пянька, — але спачатку давайце змацуем нашу дружбу клятвай, як індзейцы. Пакуль я буду чытаць, — ён дастаў з кішэні паперку з тэкстам клятвы, — вы павінны ўвесь час стаяць на адной назе і правай рукой трымацца за левае вуха.
Кожны з хлопчыкаў, стоячы на адной назе, узяўся правай рукой за левае вуха. А Вадзік тым часам разгарнуў паперку і пачаў чытаць урачыстым голасам:
— Мы, браты з высакароднага племені краіны блакітных азёр, клянемся, што заўсёды будзем…
Але Марык раптам пляснуў далоняй сябе па лбе:
— У-у, камары праклятыя!
— Ну, вось, усё сапсаваў,— незадаволена сказаў Вадзік. — Трэба цярпець, інакш мы ніколі клятвы не прымем. Давайце спачатку. «Мы, браты высакароднага племені краіны блакітных азёр, клянемся, што заўсёды будзем падтрымліваць адзін аднаго, выбаўляць з бяды і ніколі не здраджваць. Калі ж хто-небудзь з нас стане здраднікам, яго былыя сябры могуць пасадзіць клятвапарушальніка на мурашнік». Усё, — скончыў Вадзік, — цяпер мы сапраўдныя верныя сябры. Сёння ж пачнем нашу гульню ў індзейцаў. Яна, між іншым, дапаможа нам адпомсціць Хрусталёву.
— Як? Калі? — Марык і Шурка нават пра камарыныя ўкусы забыліся.
— Гэта і быў мой сакрэт. Але цяпер, пасля клятвы, у мяне ад вас сакрэтаў няма. Дык вось, слухайце… Некалі індзейцы кідалі свае ахвяры ў мурашнік. Гэта лічылася самай страшэннай карай…
— Ну, а што далей, кажы хутчэй, — прыспешыў Марык.
— А чаму б нам не кінуць у мурашнік Лёшку Хрусталева?
— Што ты, — спалохаўся Шурка, — ды нас жа са школы выганяць.
— Не хвалюйся. Мы ўсё хітра зробім. Гуляючы ў індзейцаў, захопім яго ў палон, звяжам і быццам «выпадкова» пакладзем каля мурашніка. Паляжыць з паўгадзінкі, а потым вызвалім і скажам: «Прабач, браток, не заўважылі…»
— Вось гэта здорава! — Марык быў у захапленні.— Ну і галава ў цябе, Вадзік.
— Галава і два вухі. А дзе ж ты знойдзеш гэты мурашнік, калі яго тут і заваду няма? — засумняваўся Шурка.