50906.fb2 Таямнічы надпіс - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 33

Таямнічы надпіс - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 33

— Добра, давай штаны, пайду на рэчку, можа, сустрэну каго-небудзь, папрашу запалкі.

Міхась надзеў штаны, але Таня зашыла калашыну так вузка, што нага ледзь праціснулася ў яе.

Зрабіўшы некалькі крокаў, Міхась прысеў, і калашына зноў распаўзлася.

— Бачыш, якая ты швачка!

— А ў наша дваццатае стагоддзе, — іранічна заўважыла Таня, — неабавязкова ўмець шыць самой, для гэтага ёсць швейныя майстэрні.

— Майстэрні ёсць, але як жа я ў такіх штанах пайду па запалкі?

— Ты пасядзі тут, я сама схаджу.

— Давядзецца, — цяжка ўздыхаючы, згадзіўся Міхась. — А што ты будзеш варыць на вячэру?

— Давай зварым такі суп, як учора Валя Казлова зварыла. Якраз сёння раніцой Несцер Фёдаравіч шчупака спаймаў… Ён там у вадзе навязаны. Бульба ёсць, цыбуля таксама ёсць, морква… А што яшчэ трэба?

— Патрэбны соль, перац, гарчыца.

— Ведаеш ты столькі, колькі і я. Эх ты! Гарчыцу ж падаюць на стол да гатовых страў, а не кладуць у гаршчок. Давай бярыся за бульбу, а я запалкі пайду шукаць і па ваду збегаю.

Гледзячы, як Міхась наразае бульбу кружочкамі, потым ачышчае кожны кружочак паасобку, Таня са здзіўленнем спыталася:

— А навошта ж ты яе кружочкамі наразаеш?

— У Валі Казловай таксама бульба была нарэзана кружочкамі.

— Дык яе ж потым так наразаюць. Эх ты!

— А можа, у мяне свой метад, — абіраючы бульбу па-свойму, адказаў Міхась.

— Ой, навошта я толькі засталася дзяжурыць, лепш пайшла б зграбаць сена!..

— Ты ж баялася ногі пакалоць.

— А чаму ты не пайшоў сена вазіць?

— Баяўся, каб жаба мяне не ўбрыкнула, — усміхнуўся Міхась.

— А я ведаю, чаму. Баяўся, што ўбачаць, які ты няўмека.

— Ха-ха-ха! Вось дык сказала.

— А я раней думала, што ты і сапраўды ўсё ведаеш і ўсё ўмееш. А цяпер пераканалася, што…

— Што ты да мяне прычапілася?.. Умееш, не ўмееш… Ідзі лепш па запалкі.

Калі Таня, узяўшы чайнік, пабегла да ракі, Міхась задумаўся: «Але ж сёе-тое я ведаю. Вось, напрыклад, ведаю, што на сасну, елку, наогул на мяккія пароды дрэў трэба, каб адбой у пілы быў вялікі, а на дуб і іншыя цвёрдыя пароды — меншы, тады пілаваць лягчэй… А вось як зварыць юшку? Колькі бульбы для гэтага трэба?»

У гэты час пачуўся крык: «Ой, ратуйце!» Міхась кінуў свой занятак і памчаўся да ракі. Там ён убачыў незнаёмага хлопчыка, які вёў пад руку Таню.

— Дзякуй яму, — звярнулася Таня да Міхася, абтрасаючы мокрую сукенку, — калі б не гэты хлопчык, добрая была б мне ванна. Нахілілася браць ваду, не ўтрымалася і паляцела.

— Там не вельмі глыбока, — сказаў хлопчык.

— Пра гэта я потым даведалася, калі ў вадзе апынулася.

— Дык чаму ж ты крычала «ратуйце»? — спытаў Міхась.

— Плаваць я зусім не ўмею. Напалохалася.

— Чаго там баяцца?

— Вядома, тут і ты смелы.

— Пры чым тут смелы? Проста я плаваю добра.

— А ці не такі ты плывец, як і повар?

— Шмат ты разумееш. Я на спаборніцтвах па плаванню не раз другое месца займаў.

— Правільна, — з'едліва заўважыла Таня, — а першае месца займала сякера.

— Калі б гэта сказаў хлопчык, яму давялося б пазнаёміцца вось з гэтым, — і Міхась паказаў кулак.

— Ох, як страшна! — І, звяртаючыся да хлопчыка, Таня дадала: — Мы з Міхасём сёння цэлы дзень спрачаемся…

— Што з табой спрачацца… — І, перавёўшы размову на іншую тэму, сказаў хлопчыку: — Мы — чырвоныя следапыты, ідзем па цікавым маршруце, па месцах, дзе ваяваў партызанскі атрад дзядзькі Сцёпы.

— Чуў я пра гэты атрад. Шмат яны пабілі фашыстаў… А хто ў вас кіраўнік?

— Настаўнік батанікі Несцер Фёдаравіч, у атрадзе дзядзькі Сцёпы быў начальнікам разведкі, у яго шмат узнагарод.

— Мы хочам, — дадала Таня, — напісаць нарыс пра партызанаў-герояў нашага раёна. Мы сустракаемся з былымі партызанамі і з камандзірамі атрадаў.

— А чаму вы спыніліся тут?

— Бераг гэтай рэчкі,— адказаў Міхась, — таксама гістарычнае месца: тут была жорсткая сутычка партызанаў з фашыстамі.

— Акрамя таго, — сказала Таня, — нам трэба знайсці тут аднаго хлопчыка, пра якога пісала піянерская газета.

— Чым жа ён праславіўся, што нават у газетах пра яго пісалі? — зацікаўлена спытаў хлопчык.

— Ён вядомы юннат. Мы хочам паглядзець яго сад, распытаць, як і што ён робіць.

— Гэта, брат, табе не тое, што выцягнуць дзяўчыну з лужыны, — з'едліва сказаў Міхась.

— Як табе, Міхась, не сорамна! — абурылася Таня.