50906.fb2 Таямнічы надпіс - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 34

Таямнічы надпіс - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 34

— А дзе ж усе астатнія? — спытаў хлопчык, нібы не звярнуўшы ўвагі на рэпліку Міхася.

— Пайшлі дапамагаць калгасу сена зграбаць, — адказала Таня. — Даручылі нам вячэру прыгатаваць, а мы не тое што зварыць, а нават касцёр распаліць не можам. Ці няма ў цябе запалак?

— Не, — мацаючы кішэні, адказаў хлопчык. — Але гэта не бяда. — Агледзеўшыся па баках, заўважыў кінутыя Міхасём два каменьчыкі.— Зараз будзе агонь.

Да аднаго з каменьчыкаў ён прыклаў пучок сухога моху, а другім пачаў рэзка, але акуратна стукаць па першым. Неўзабаве бліснула іскра, і мох закурыўся.

Вось дык малайчына! — узрадавалася Таня.

— Падумаеш, — скептычна заўважыў Міхась, — крэмень жа я знайшоў.

— А што вы хацелі прыгатаваць на вячэру? — спытаўся хлопчык.

— Суп зварыць, але не ведаем, колькі чаго класці,— сарамліва адказала Таня.

— О, гэта вельмі проста. — Хлопчык зазірнуў у гаршчок. — Бульбы малавата.

Ён сеў і пачаў умела абіраць бульбу. Таня, паслаўшы Міхася па дровы для кастра, дапамагала хлопчыку.

Калі Міхась пайшоў, хлопчык спытаўся:

— А як ён вучыцца?

— Вучыцца добра, але рабіць нічога не ўмее. Я таксама нічога не ўмею, але я не саромеюся гэтага і вучуся, а ён не хоча.

У хуткім часе Міхась вярнуўся з трэскамі ў руках.

— Вось лепшыя дровы для кастра, сасновыя сучкі.

— Правільна, але ж яны сырыя, — заўважыў хлопчык. — Зараз я сам пашукаю.

— Ну і задавака! — незадаволена прамармытаў Міхась.

— Не, не задавака. Ён і сапраўды ўсё ўмее.

— «Умее, умее»! Падумаеш! Трэба будзе яго праэкзаменаваць. Практыка без тэорыі — нуль без палачкі.

З лесу нечакана пачулася песня. Неўзабаве да будана падышоў Несцер Фёдаравіч.

— Ну як, дзяжурныя, ці гатова вячэра? Усе ўжо мыюцца ў рэчцы.

— Хутка згатуецца, — не дужа ахвотна адказаў Міхась.

— Ну вось, — звяртаючыся да Тані, весела сказаў настаўнік, — а ты не хацела заставацца. З такім арлом нідзе не прападзеш.

Міхась нічога не сказаў.

— Мы таксама добра папрацавалі,— гаварыў Несцер Фёдаравіч, нібы не заўважаючы Міхасёвай панурасці.— Усё сена ў копы склалі, ды і навіну цікавую пачулі. Даведаліся, дзе жыве і вучыцца Віця Сташкоў, той славуты юннат.

— Дзе? — пацікавіўся Міхась. Выгляд у яго па-ранейшаму быў даволі змрочны.

— Тут, непадалёк, у Слабадзе. Вось што, вы рыхтуйцеся частаваць нашых працаўнікоў вячэрай, а я пайду пагляджу, як яны мыюцца…

— Цікава, дзе ж гэтая Слабада?

— А вось зараз даведаешся, — адказала Таня.

— Бачу, табе вельмі падабаецца гэты майстар на ўсе рукі.

— Вельмі.

— Зараз ты ў ім расчаруешся.

— Чаму?

— А вось пабачыш.

Калі хлопчык вярнуўся з сухімі сасновымі сучкамі, Міхась спытаў у яго:

— Ты мясцовы?

— Мясцовы.

— А дзе вёска Слабада?

— За рэчкай, адсюль будзе кіламетры тры.

— Скажы, а ці ведаеш ты славутых людзей свайго раёна?

— Чаму ж не? Ведаю.

— Ану, назаві…

— У нас ёсць два Героі Савецкага Саюза — Васіль Вітальевіч Крайко і Сцяпан Цімафеевіч Кандратовіч. Першаму прысвоена гэтае званне за фарсіраванне Дняпра. А Сцяпан Цімафеевіч — гэта дзядзька Сцёпа.

— Так. А яшчэ? — не супакоіўся Міхась.

— Ёсць яшчэ ў нас Героі Сацыялістычнай Працы. Вядомы льнавод Ніна Пятроўна Мытнік і яе бацька, палявод Пётр Ігнатавіч.

— А ці ведаеш ты Віцю Сташкова?

— Не, не ведаю, — адказаў хлопчык, крыху чамусьці пачырванеўшы.

— Ну вось, а гэта ж славуты юннат, пра якога пісалі ў газетах.

Хлопчык раптам заспяшаўся:

— Трэба дадому ісці, рыбу аднесці. Сёння акунёў налавіў. Таксама добрая юшка будзе…