50906.fb2
— Міхась, Таня! Чаму ж вы мне адразу не сказалі, што ў нас такі госць?!
— У нас ніякіх гасцей не было, — паціснуўшы плячыма, адказаў Міхась. — Хіба што гэты хлопчык…
— Ды гэта ж Віця Сташкоў! Як кажуць, уласнай персонай. Мы ж з табой ужо сустракаліся? — звярнуўся ён да Віці.
— Так. На раённым злёце юннатаў.
— Вось бачыш, якімі сапраўдныя піянеры бываюць! — ціха сказала Міхасю Таня.
— Хоць забі мяне, нізашто не паверыў бы, што такі славуты юннат — і раптам супам займацца будзе, — гэтак жа ціха адказаў ёй збянтэжаны Міхась.
— Таня, — спытаў Несцер Фёдаравіч, — ці гатова вячэра?
— Гатова, Несцер Фёдаравіч, — бойка адказала Таня.
— Тады, Міхась, кліч сюды ўсіх.
Здарылася так, што трое шасцікласнікаў трапілі на нейкі рачны астравок.
Плылі яны ў лодцы, лодка пачала тануць і патанула.
Кінуліся хлопчыкі ў ваду, даплылі да вострава.
Выратаваліся.
Выратаваліся — гэта добра. Але што ж рабіць далей?
Есці няма чаго. Хутка стане цёмна. Аднак Пеця і Федзя не вельмі сумавалі. Стараючыся разагнаць дрэнны настрой, яны расказвалі смешныя гісторыі, спявалі песню пра адважнага капітана:
Горш было з Васем. Ён зусім зажурыўся. Як ні стараліся сябры, падбадзёрыць яго не ўдавалася.
Тады Пеця і Федзя пакінулі сябра на тым месцы, дзе сушылася іх адзенне, а самі пайшлі шукаць шчаўе.
Але адзіноцтва зусім дрэнна падзейнічала на Васю.
«Вось дык гісторыя, — думаў ён. — Нашым хлебам і салам, якія былі ў лодцы, зараз шчупакі ласуюцца, а мы сядзім галодныя. Як тут на адной траве пратрымаешся?» Ён з'еў некалькі лісточкаў шчаўя і больш не мог. «Як толькі коні ўсё жыццё харчуюцца травой?.. Куды падзеліся Пеця і Федзя?» І тут страшная думка прыйшла Васю ў галаву: «А што, калі яны знайшлі якую-небудзь лодку, паплылі на ёй, а мяне пакінулі тут аднаго?»
І ён закрычаў немым голасам:
— Пе-е-е-ця! Фе-е-е-дзя!..
Але Пеця і Федзя былі непадалёк і адразу ж вярнуліся.
— Ты чаго крычыш? — спытаў Федзя. — Глядзі, колькі мы шчаўя назбіралі!
— Ды ну! Не магу я гэтым шчаўем харчавацца.
— Тады пацярпі, пакуль дадому вернешся.
— Не трэба так, Федзя, — сказаў Пеця. — Ты, Вася, не сумуй. Нам толькі пераначаваць.
А заўтра раніцой знойдзем выйсце, вось пабачыш.
— Якое выйсце? — спахмурнеў Вася.
— Ну, ведаеш, як кажуць, пераначуем — болей пачуем. Што-небудзь прыдумаем.
— Балбатня ўсё гэта, — круціў галавою Вася. — Што значыць «што-небудзь»? Паздыхаем тут з голаду, вось і ўсё. Думай не думай — усё роўна.
— Ну, а як жа Рабінзон? — не здаваўся Пеця.
— Значыць, ты дамоў і не збіраешся! — зрабіў вывад Вася. — Пра Рабінзона загаварыў, значыць, надоўга думаеш тут асесці!
— Ну, Вася, я ж таксама не ведаю, як будзе. Ведаю толькі, што не трэба траціць прысутнасць духу.
— А з чым яе, гэтую тваю «прысутнасць», ядуць? Са смятанай альбо так?
— Дзівак чалавек! — сказаў Федзя. — Іншы б радаваўся, што не патануў, а ты…
— Чаму ж тут радавацца? Яшчэ невядома, што лепш — патануць ці памерці маруднай галоднай смерцю.
— Кінь ты хныкаць! — пачаў злавацца Федзя.
— Нас выратуюць, абавязкова выратуюць! — сказаў Пеця.
— Хто? — буркнуў Вася.
— Ну… плытагоны… Альбо гэтыя…
— Вось менавіта «гэтыя». Сам не ведаеш, а гаворыш.
— Ну добра, але да раніцы ты можаш узяць сябе ў рукі? Раніцай па рацэ абавязкова хто-небудзь паплыве.
— Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць.
— Ну вось… — засмучана сказаў Пеця. — А ці не ты сам клікаў нас у паход? Казаў: «Усе падарожнічаюць, а мы сядзім. Хіба мы горшыя?..»
— Размаўляць ты майстар! — усміхнуўся Федзя.
— Я правільна казаў, а што ж рабіць? Прапалі мы — і кропка.
— Эге-ге! — Федзя кінуўся да ракі.
— Што там? — крыкнуў яму Пеця.
— Балалайку маю да берага прыбіла.