50906.fb2 Таямнічы надпіс - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 37

Таямнічы надпіс - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 37

— Вось бяда, — сказаў стары. — Ды вы ж так і патануць маглі! А вось з паўгадзіны назад ці не вы крычалі?

— Мы!

— Я чуў, што недзе крычаць, ды не мог зразумець, дзе. Адвёз свой улоў, а потым думаю: дай на ўсякі выпадак на востраў зазірну. І добра зрабіў.

— Яшчэ як добра!

— А вы куды збіраліся?

— З новай Сямёнаўкі ў Бярозаўку.

— А што вам трэба ў Бярозаўцы? Родныя ў вас там ці як?

— Не, проста трэніровачны паход.

— Які-які?

— Ну, трэніровачны… як бы гэта сказаць, выпрабавальны, ці што. Правяраем свае сілы і вытрымку.

— Ну і як? Хапіла вытрымкі? — прыжмурыўся стары.

— Ды так… — сарамліва сказаў Вася.

— І даўно вы тут сядзіце?

— Гадзіны чатыры. Есці хочацца.

— Ах ты, і ў мяне, як на грэх, нічога з сабой няма… — Стары засмучана пакруціў галавою.

— Пашукалі б што-небудзь, — заныў Вася.

— Ды не, мілы чалавек, і шукаць няма дзе. Давядзецца табе яшчэ пацярпець. І даволі доўга.

— Чаму?

— А вось лічы. Пакуль я на сваёй лодцы да вёскі даплыву, пакуль вялікую лодку знайду і да вас вярнуся, відаць, раніца ўжо будзе.

— Ох, — уздыхнуў Вася, — я да заўтра не дажыву… А чаму вы зараз не хочаце нас узяць?

— Дык вас жа трое. А на сваю лодку я магу ўзяць толькі аднаго. Таму ўжо лепш вам усім разам тут пачакаць, дык хоць весялей будзе.

— Але я… — замармытаў Вася, — я… я ўжо і так на востраве адзін застаўся.

— Як — адзін? Ты ж казаў, што вас трое. А таварышы твае дзе?

— Яны… Яны паплылі ўжо…

— Як так паплылі?

— На плыце. Плыт звязалі і паплылі.

— А ты што ж не разам з імі? Пабаяўся?

— Не. Яны не ўзялі мяне.

— Чаму?

— Пабаяліся, што траіх плыт не вытрымае.

— Э! — крактануў стары. — Дрэнна. Лепш было б ужо аднаму на плыце плыць, дапамогу шукаць. А двое засталіся б. А то як жа атрымліваецца — двое паплылі, аднаго пакінулі. Дрэнна!

— Яны сказалі, што вельмі хочуць есці.

— А ці ты менш за іх прагаладаўся?

— Я есці хачу ўдвая больш, чым яны абодва разам узятыя.

— Не, так таварышы не робяць. Ну добра, садзіся да мяне ў лодку, а сябрукам сваім скажы, што больш з імі нікуды не паедзеш.

Так вось і паплыў Вася са старым, пакінуўшы сваіх таварышаў на востраве.

Вярнуліся яны на тое месца, дзе Вася павінен быў іх чакаць, і спалохаліся: знік ён, няма яго нідзе.

Шукалі яго, шукалі, так і не знайшлі.

Раптам Пеця ўбачыў на траве недакурак самакруткі.

— Глядзі, Федзя, — сказаў ён, — тут нехта быў! І недакурак цёплы. Значыць, зусім нядаўна…

— Та-ак! Паплыў наш Вася! Ну і ну, няма чаго казаць! — бліснуў вачыма Федзя. — Здраднік ён, і больш ніхто!

Сустрэча на кургане

Гэта было гадоў праз дзесяць пасля таго, як скончылася Вялікая Айчынная вайна.

У час летніх канікулаў школьнікі з горада Орша адправіліся ў паход.

На чале атрада была настаўніца Галіна Пятроўна.

На Кургане Герояў зрабілі прывал.

Калі гатавалі вячэру, да дзяцей падышла нейкая жанчына.

Яна ветліва прывіталася, і Галіна Пятроўна запрасіла яе да кастра.

— Я тут у камандзіроўцы, — сказала жанчына. — І вось, карыстаючыся выпадкам, вырашыла наведаць месцы, дзе бывала ў час вайны. Успамінаю і гэты ўзлесак, і гэтыя дрэвы… Вось яна, бярозка, тая самая… Тады была яна шмат танчэйшая…

Жанчына ўстала, падышла да дрэва, пагладзіла яго:

— Загаіліся раны твае, бярозка… Ну, вядома, прайшло ж ужо столькі часу. А вось мае ўсё баляць і баляць… І, напэўна, не загояцца ніколі. Ды ці можа маці забыць сваё дзіця?..