50906.fb2
— Прабачце, — сказала жанчына Галіне Пятроўне, — я на дзяцей тугу нагнала.
— Не-не, — усміхнулася Галіна Пятроўна, — вельмі добра, што мы вас сустрэлі. Можа, вы раскажаце нам што-небудзь пра партызанаў, якімі камандаваў Герой Савецкага Саюза Дуброўскі? Мы збіраем матэрыял пра яго брыгаду.
— Дуброўскі? Не, нешта не ведаю такога.
— У час вайны яго называлі дзядзькам Васем.
— А-а, гэта іншая справа! — ажывілася жанчына. — Так бы і сказалі. Яго партызаны мяне ад смерці выратавалі.
— Раскажыце, калі ласка, як гэта было! — папрасіла Галіна Пятроўна.
Жанчына адказала не адразу.
— Нялёгка мне ўспамінаць пра гэта, — вымавіла яна нарэшце. — Было гэта ў сорак чацвёртым годзе. Летам. Наша армія вызваляла Беларусь ад фашыстаў. Фашысты, адступаючы, гналі ў Германію савецкіх людзей. Я жыла тады са сваёй маленькай дачушкай у сястры. Тут непадалёк, у Зарэччы. Каб і нас не забралі, мы хаваліся ў лесе. Фашысты даведаліся пра гэта і пачалі па лесе з мінамётаў страляць. А потым аблавай пайшлі, увесь лес прачасалі. Колькі людзей палегла, і сказаць страшна… Мне ўдалося цераз раку перабрацца. Дабегла я з дачушкай на руках да гэтай вось самай бярозкі…
— Да гэтай самай? — здзівілася адна з дзяўчынак.
— Так, даражэнькая. Дабегла і думаю: ну, выратавалася! Але не, дагнала-такі міна праклятая… І дачушку параніла, і мяне. Дачцэ асколак у ручку трапіў. Я толькі паспела ёй рану перавязаць і сама страціла прытомнасць. Ачуняла ўжо ў партызанскім атрадзе дзядзькі Басі. Але дачушкі побач са мной не было. Пытаюся ў партызанаў: «Дзе яна?» А яны адказваюць: «Ніякай дзяўчынкі там у лесе не было». Так вось і згубіла я сваё дзіцятка. І не ведаю, да гэтага часу не ведаю, ці жывая яна, ці няма ўжо яе на свеце…
Жанчына заплакала.
— А колькі гадоў было вашай дзяўчынцы? — спытала Галіна Пятроўна.
— Тады два гадочкі было.
Дзеці стаялі і сядзелі ля кастра моўчкі, баючыся вымавіць слова.
— Даўно ўжо збіралася я наведаць гэтыя мясціны, — зноў загаварыла жанчына, ацершы слёзы. — Ды ўсё не атрымлівалася. То ў Сібіры працавала, то на Урале. А цяпер вось з экспедыцыяй прыехала сюды. Мы ў суседнім раёне стаім. Нафту шукаем. Хацела аўтобусам вярнуцца, ды вось ужо, відаць, спазнілася. Заначую разам з вамі, бадай, тут, у лесе. На гэтай палянцы, дзе дачку згубіла.
На гэтым жанчына скончыла свой расказ.
— Галіна Пятроўна, — нечакана прамовіла тая самая дзяўчынка, — дазвольце мне, калі ласка, пашукаць мой талісман!
— Які талісман?
— Ёсць у мяне такая рэч. Я ў рукзаку пакінула.
— Добра, Інга, ідзі.
— Хто гэтая дзяўчынка? — спытала жанчына, калі Інга з сябрамі знікла ў лясным гушчары. — Чаму яна гаворыць з нямецкім акцэнтам? І што ў яе за талісман?
— Гэтая дзяўчынка, — адказала Галіна Пятроўна, — прыкладна год назад прыехала да нас. Яна жыла ў Заходняй Германіі і неяк выпадкова даведалася, што яна не немка, а беларуска і была вывезена ў Германію ў час вайны. Ну, як тыя людзі, пра якіх вы расказвалі. Тады яна ўцякла з Мюнхена ў Берлін, потым — у Германскую Дэмакратычную Рэспубліку, а адтуль — на радзіму. Цяпер жыве ў дзіцячым доме і разам з іншымі дзетдомаўцамі вучыцца ў нашай школе.
— А як яна трапіла ў Заходнюю Германію?
— Гаворыць, што нічога не памятае. Яна ж была тады зусім маленькая.
— А якія-небудзь родныя ёсць у яе?
— Няма нікога. Ва ўсякім выпадку, пакуль не знайшлі. Мы збіраемся напісаць пра яе ў газету. Можа, знойдуцца.
— Ведаеце, я пакіну вам на ўсякі выпадак свой адрас. Калі акажацца, што ў яе нікога няма, напішыце мне. Я хацела б удачарыць яе. Жыву адна, а дзяўчынка мне вельмі спадабалася.
— Добра, — сказала Галіна Пятроўна. Жанчына дастала з сумкі блакнот і аловак, напісала свой адрас і перадала яго настаўніцы.
У гэты момант вярнуліся на паляну Інга і яе сябры, якія хадзілі разам з ёй.
— Знайшлі! Знайшлі! — радасна крычалі яны. — Талісман!
— Што ж гэта за талісман? — пацікавілася жанчына.
— Звычайны кавалак жалеза, — сказаў нехта з хлопчыкаў.
— І навошта ён табе? — спытала Галіна Пятроўна.
— Гэты асколак, — адказала Інга, — доктар даставаў з маёй рукі. Таму ён і ёсць мой талісман.
— Вось яно што… — паківала галавой Галіна Пятроўна.
— Дазвольце паглядзець, — папрасіла жанчына дрыготкім голасам.
Яна ўзяла талісман, пачала круціць яго і разглядаць з усіх бакоў.
— А ў якую руку ты была паранена? — спытала яна Інгу.
— Вось у гэтую… сюды… — Інга закасала рукаў і паказала жанчыне рубец на правай РУЦЭ.
Жанчына схапіла Інгу за руку.
— Та-ак, та-ак… І мая дзяўчынка таксама была паранена ў правую руку… У гэтае ж месца… А вышэй у яе была радзімка…
Інга машынальна закасала рукаў вышэй локця.
— О-о-о!.. — застагнала жанчына, быццам ёй прычынілі боль. — О-о-о! Вось яна, вось яна, радзімка! Колькі… колькі гадоў табе, дзяўчынка?
— Мне? Дванаццаць.
— Ты — мая дачушка! Родная мая! Нарэшце я цябе знайшла!..
— Ой, што вы, як мошна? — сказала Інга. — Які я дачушка? Я — Інга!
— Ты не верыш? Ты сумняваешся? А што ты ведаеш пра сябе? Адкуль ты? Дзе нарадзілася? Кажы!
— Я яшчэ ў прытулку даведалася, што я з вёскі Зарэчча…
— Ну, ну! Усё правільна! У вайну мы жылі з табой у Зарэччы. Вы ж чулі, я вам расказвала! — павярнулася жанчына да Галіны Пятроўны.