50906.fb2
— Не разумею, чаму ты радуешся, — бурчыць Жэнька, выглядваючы з-пад плашч-палаткі, у якую ён захутаўся з галавой. — Цяпер наогул перакулімся, і дзе там выратуешся ў такое надвор'е.
— Не перакулімся! — усё гэтак жа весела крычыць Толік і на ўсю моц налягае на вёслы.
— Давайце дзе-небудзь схаваемся ад дажджу, перачакаем, — прапаноўвае Жэнька.
— А дзе ты схаваешся? — пытаецца Толік. — У кустах? Там яшчэ горш прамочыць.
— Я ведаю, дзе можна схавацца, — сур'ёзна заўважае Васілёк.
У Жэнькі ў вачах надзея.
— Дзе? Кажы хутчэй! — прыспешвае ён.
— Давайце залезем у ваду, — гэтак жа сур'ёзна адказвае Васілёк. — Ні адна кропля нас не дастане.
— Балбатун, — злуецца Жэнька і яшчэ шчыльней захутваецца ў плашч-палатку.
Але летні дождж — не асенні. Як нечакана ён наляцеў, гэтак жа нечакана і спыніўся. І вось ужо зноў ласкава свеціць сонца, а па ледзь памутнелай пасля дажджу вадзе па-ранейшаму лёгка і ўпэўнена плыве лодка.
Хлопцы вяслуюць па чарзе. Але лепш атрымліваецца ў Васілька. Пад спрытнымі, моцнымі ўзмахамі яго рук лодка чамусьці вышэй задзірае нос і, здаецца, не плыве па вадзе, а ляціць у паветры.
Казачна прыгожыя асвежаныя дажджом пашы раскінуліся па абодва бакі рэчкі. І кветкі — жоўтыя, чырвоныя, сінія. Быццам нехта разаслаў па зямлі велізарны яркі дыван.
Без трывог і прыгод плылі гадзіны паўтары. Ужо збіраліся зрабіць першы прывал, як раптам да слыху даляцеў нейкі глухі шум.
— Што гэта? — насцярожана спытаў Жэнька.
— Парогі.— Толік ведае, ён плыве не першы раз.
— А як мы перабярэмся праз іх? — занепакоіўся Жэнька.
— Перацягнем лодку на вяроўках.
І вось парогі ўжо настолькі блізка, што відаць бурлівая, уся ў камяках белай пены, вада.
— Навошта ты так блізка пад'ехаў? — закрычаў Жэнька на Васілька, які сядзеў на вёслах. — Хочаш, каб лодку разбіла?
— Правільна, — падтрымаў яго на гэты раз і Толік. — Паварочвай да берага. Адсюль трэба цягнуць.
Абкруціўшыся вяроўкамі, напружваючы ўсе сілы, валакуць хлопцы лодку ўздоўж берага. Гэта сапраўды нялёгка. Бераг балоцісты, то адзін, то другі правальваюцца па пояс у багну. Усе трое брудныя, потныя. Вось Жэнька акунуўся ў кранутую ржой жыжку ледзь не па шыю.
— К чорту такое падарожжа! — не вытрымаў ён, калі з дапамогай сяброў выбраўся з багны. — Хто гэта выдумаў па рацэ плыць, дайшлі б і па сушы!
— Позна ўжо назад вяртацца, — перапыніў яго Васілёк. — Цярпі, казак, атаманам будзеш.
Нарэшце пад нагамі — цвёрдая глеба. Парогі ўжо ззаду, хаця і не вельмі далёка — чуваць, як бурліць у камянях вада.
— Прыва-ал! — дае каманду Толік. Пасля прывалу Жэнькава чарга садзіцца на вёслы. Хлопцы спускаюць лодку на ваду, і Жэнька выводзіць яе на сярэдзіну ракі.
Васілёк і Толік потым не раз дакаралі сябе за тое, што даверылі Жэньку вёслы адразу пасля парогаў, дзе цячэнне было яшчэ вельмі моцнае і вада ля берагоў круціла. Адсюль пасапраўднаму і пачаліся іх прыгоды.
Зрабіўшы некалькі ўзмахаў вёсламі, Жэнька кінуў іх і пачаў сцягваць з сябе куртку:
— Нязручна веславаць, трэба распрануцца.
У тую самую хвіліну, калі ён нарэшце працягнуў скрозь вузкі каўнер галаву, адно вясло выслізнула з уключыны і, падхопленае цячэннем, панеслася да супрацьлеглага берага. Арудуючы другім вяслом, Жэнька развярнуў лодку і пусціўся наўздагон. Толік, седзячы на карме, з усіх сіл дапамагаў яму. Але лодка не слухалася: яна трапіла ў вір і цяпер павольна кружылася на месцы.
— Эх ты, марак! — сярдзіта адштурхнуў Жэньку Васілёк.
Ён бачыў, што выпушчанае Жэнькам вясло падплыло да берага і, асцярожна развярнуўшыся, паплыло ўверх па цячэнню. «Да парогаў назад гоніць, — з трывогай падумаў ён. — Што, калі Жэнька перакуліць лодку?!» І тады Васілёк сам вырашыў узяцца за вясло. Жэнька ахвотна ўступіў. Але якраз у тую мінуту, калі яны мяняліся месцамі, лодка нахілілася, і ў адзін момант усе трое апынуліся ў вадзе.
«Так і ёсць, нясе да парогаў», — гэта было першае, што падумаў Васілёк. Толік таксама заўважыў небяспеку.
— Плывіце да берага! — крыкнуў ён, бачачы, што Жэнька кружыць на месцы, адшукваючы вачыма рукзак.
Да берага дабрацца не ўдалося. Цячэнне гнала ўсіх трох на маленькі зялёны астравок пад самымі парогамі. Толькі б не пранесла міма! Васілёк першы ўхапіўся за галіны лазы, што апусціліся да самай вады. Жэнька — за ім. Толік выбраўся на бераг апошнім: яшчэ раней ён заўважыў круглячок з надпісам, які праплываў міма, злавіў яго і таму мог працаваць толькі адной рукой — другая была занятая.
Некалькі хвілін ляжалі нерухома, расцягнуўшыся на траве, усё яшчэ не верачы, што ім удалося выратавацца. Вось яны, парогі,— рукой падаць. Не адна ахвяра на іх рахунку. Хлопцы ляжалі і моўчкі прыслухоўваліся да рову вады, моцна сціснутай камянямі.
Спачатку ўстаў Толік. Ён прайшоўся ўзад і ўперад па астраўку і толькі тут раптам убачыў на правым беразе, у выгіне ракі, нейкія дамы, агароджы.
— Хлопцы! — радасна крыкнуў ён. — Ды гэта ж Раднічанка. Адсюль да Косінскай дзялянкі, як і ад Бродаў, кіламетраў восем. Вось здорава!
— Што здорава, калі нам усё роўна трэба дадому вяртацца, — заўважыў Жэнька.
— Дадому? Навошта? — здзіўлена паглядзеў на таварыша Васілёк.
— А як жа? Лодкі няма, рыдлёўкі пайшлі на дно…
— Ну, дадому можна дабрацца пешшу, а рыдлёўкі дзе-небудзь знойдзем. У той жа Раднічанцы кожны дасць.
— А што есці будзеш? Прадукты ж патанулі…
Васілёк хітравата паглядзеў на Жэньку:
— Ну, ежы тут мільёны кубаметраў!
Жэнька не зразумеў яго жартаўлівага тону ці проста не паверыў, што Васілёк у такім становішчы можа жартаваць.
— Дзе ты бачыш ежу? Тут адна вада.
— А тона вады замяняе кілаграм хлеба, — у тон яму адказаў Васілёк.
Перабрацца на бераг ім у гэты дзень не ўдалося: як назло, ні адна лодка не праплыла міма, ні аднаго чалавека не бачна было навокал.
Вечарам Толік дарэмна спрабаваў распаліць касцёр: запалкі намоклі і нізашто не хацелі загарацца. Жэнька прасачыў вачыма, як апошняя пераламалася напалам у Толіка ў руцэ, і, пацепваючыся ад холаду, сказаў: