51762.fb2
— Чаму Андрэй так злуецца? Наташа ў «Яшчарцы». Кальмар і Банан яе сцерагуць, не пусцілі да вас. У Эльдарада павязуць. Я сказаў ім, што вы з арганізацыі «Агонь і меч». Сказаў, што і Наташа з гэтай арганізацыі. Крыху палагоднелі. Ужо так скрыва не пазіраюць на Наташу. Вы паляціце ў Эльдарада? Дапаможаце нам?
З «Яшчаркі» высунулася агідная жабіна галава.
— Кальмар, — шапнуў Кока-Кола.
— Хутчэй. Залазьце, — хрыпла крыкнуў Кальмар.
Кока-Кола падштурхнуў нас у плечы.
Што было рабіць?
Мы палезлі ў «Яшчарку».
Наташа вельмі здзівілася, калі ўбачыла нас у «Яшчарцы». Яна памкнулася наперад, хацела штосьці крыкнуць, але Міхась прыклаў палец да вуснаў: «Тс-с-с…»
Кальмар і Банан заўважылі гэта, зашапталіся.
Кока-Кола нешта сказаў ім, і яны супакоіліся. Пасля ўзяў за руку Наташу.
— Ідзі да сваіх сяброў. Ідзі.
— Ну што, цяпер папросіце ў мяне прабачэння? — першае, што пачулі мы ад Наташы. — Казала ж вам…
А ўсё-такі малайчына Наташа. Другая дзяўчынка, калі б гадзіну пабыла з Бананам і Кальмарам, усю «Яшчарку» слязьмі заліла б. Вунь як Банан і Кальмар зыркаюць на нас. Штосьці не падабаецца ім. Ага, ужо скуры скідаюць. Узмакрэлі. Быццам пацукі. Век на такіх не глядзеў бы. Мне хацелася плюнуць, ды пашкадаваў прыгожых дываноў. І сцены, і падлога былі ў прыгожых дыванах. А столь дык люстраная.
— Падабаецца «Яшчарка»? — падышоў да нас Кока-Кола.
Наташа адхіснулася.
— Не бойся Кока-Колы, — звярнуўся я да яе. — Ен не такі, як Банан і Кальмар. Гэта ён запіску ў бутэльцы прыслаў. Ен добры, ён наш сябар. Ен нас папрасіў, каб у Эльдарада паляцелі.
Я азірнуўся. Банан і Кальмар моўчкі глядзелі на нас.
— Наташа, тыя за намі сочаць. Мы пасля табе пра ўсё раскажам. Пацярпі.
— Кока-Кола, а як ваша Яшчарка» ўзляціць? — запытаўся Міхась. — У яе ні вінта няма, ні крылаў.
— Ёсць у яе крылы. «Яшчарка» падобна на лятучых мышэй-кажаноў. Крылы складваюцца ў «Яшчаркі», як у кажаноў. Кажаны, як вы ведаеце, маюць выдатныя аэрадынамічныя формы. Яны лятаюць лёгка і хутка, — сказаў Кока-Кола. — Яны вельмі добра манеўруюць, падымаюцца на вышыню да двух тысяч метраў. А некаторыя з іх, як, напрыклад, вушан, могуць нерухома вісець у паветры.
— І «Яшчарка» ляціць, як кажан? Яна крыламі махае?
— Махае.
— Някепска прыдумаў Кляйн, — прамовіў Міхась. — Працуе ў яго галава.
Кока-Кола спахмурнеў:
— Яго вучонасць для нас бокам вылазіць. Ад іспанцаў хоць уцяклі. А ад Кляйна не ўцячэш.
«Кляйн вучоны, і вялікі вучоны, — думаў я. — Але чаму ў яго такая чэрствая душа? Чаму людзей не шкадуе? Чаму ён так свет ненавідзіць?»
На ўсе гэтыя пытанні я не мог даць адказу і запытаўся пра гэта ў Кока-Колы.
— Ён фашыст, — коратка адказаў Кока-Кола.
— Кока-Кола, — пачулася адтуль, дзе сядзелі Банан і Кальмар.
— Клічуць мяне. Трэба ўзлятаць. Гэтыя двое трасуцца. Не хочуць тут заставацца. Яны ведаюць, што хутка дождж пойдзе. А калі ў «Яшчаркі» намокнуць крылы, яна не ўзляціць. Потым, як набяруць разгон, ім ніякі дождж не пашкодзіць.
Кока-Кола націснуў на адну кнопку, на другую, крутнуў нейкія калёсікі, шчоўкнуў пераключальнікамі — і «Яшчарка» ўзнялася над дрэвамі. Ляцела яна ціха, бясшумна, як звычайна ляціць птушка.
Мы прыліплі да вокнаў-ілюмінатараў. Ні лесу, ні поля, ні рэчкі мы не ўбачылі. Спачатку мігцелі агеньчыкі, а пасля і агеньчыкі зніклі. Мы здагадаліся, што «Яшчарка» паднялася за воблакі.
На душы было цяжка і трывожна. Бывай, Дворны Сад! Бывайце, родныя палеткі! Бывайце, тата і мама! Калі мы зноў вернемся дамоў, калі весела загалёкаем, засмяемся звонка-звонка? Калі?
— Хлопчыкі, не сумуйце, — сказала Наташа. — Расказалі б мне пра Кляйна, пра Эльдарада. Я слухала вас і анічога не зразумела.
Перабіваючы адзін аднаго, мы з Міхасём пачалі расказваць, як першы раз сустрэліся з Кока-Колам, як потым пазнаёміліся з ім. Расказалі пра Кляйна, пра Эльдарада, пра яго біялагічную зброю. А потым заснулі.
Я не ведаю, колькі спаў. Прачнуўся ад таго, што хтосьці трос мяне за плячо і ўсё паўтараў:
— Прачніся! Прачніся!
А прачынацца ой як не хацелася! Сніліся тата і мама, наш дом, вяргіні ў гародчыку. Сніўся наш сабака Шарык, сніўся белагруды кот Цімох.
— Андрэй, прачніся!
Я расплюшчыў вочы. Хто мяне будзіць? Дзе я? Спрасонку зусім забыўся, што мы ў «Яшчарцы», што ляцім у Эльдарада.
— Чаго лыпаеш вачыма? Прачынайся хутчэй. Дык гэта Міхась! Міхась крычыць, Міхась…
— Ну чаго ты? Дай паспаць.
— Мы не дома. Ужо над Эльдарада ляцім. Толькі цяпер да мяне дайшло, дзе мы знаходзімся. Я зірнуў у ілюмінатар і ўбачыў унізе лес. Ні палёў, ні ўзгоркаў, ні вёсак. Толькі лес. Вось якая ты, краіна Эльдарада!
Я ўспомніў, што побач Банан, Кальмар, што недзе ёсць Кляйн. Стала сумна-сумна.
Міхась крануў мяне за плячо.
— Адзень парашут.
Каля Міхася стаяў Кока-Кола. Ен трымаў у руках штосьці падобнае на рукзак.
— І ў гэтым скакаць? З такой вышыні?
— Гэта парашут. Ен надзейны, — сказаў Кока-Кола. — Твае сябры ўжо надзелі парашуты.