51762.fb2 Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 18

Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 18

— Андрэ-э-эй! — данёсся Наташын голас.

Я вырваў лісток, сцебануў ім па дрэве. Гэтая дзіўная жывёла, як здалося мне, паляцела ўніз. Тады я слізгануў па ствале і, накульгваючы на здзервянелую нагу, пабег да шалаша. Залез у самы куток, нясмела прагаварыў:

— Хацеў яшчэ на дрэве пасядзець, але вы паклікалі.

— Як там? Кракадзіл не дастаў? — запытаўся Міхась.

— Нейкая рыба да мяне лезла.

— Рыба-кіт? — папярхнуўся ад смеху Міхась.

— Падобнае на рыбу, — паправіў я. — І хвост, як у рыбы, і плаўнікі. Плаўнікамі яно за ствол чаплялася.

— Эх ты, натураліст! — з папрокам прамовіла Наташа. — Гэта ж перыафтальмус, альбо, па-другому, ілісты скакун. Рыба гэта.

І Наташа расказала нам, што ілісты скакун водзіцца ў Паўднёва-Усходняй Азіі, што на сушы знаходзіцца больш, чым у вадзе, што на дрэва залазіць, каб на сонцы пагрэцца.

— Дык чаго ён у дождж на дрэва палез? — здзівіўся я.

— Ты яму спадабаўся, — засмяялася Наташа. А вось Міхась на гэты раз без смеху заўважыў:

— Ілісты скакун — жыхар Азіі. Як ён у Амерыку трапіў? Ёсць тут нейкая загадка. Ёсць.

— Мы яшчэ не такіх дзівосаў пабачым, — прамовіў я.

— Хопіць гаманіць, — сказала Наташа.

Па шалашы барабанілі кроплі дажджу, глуха шумеў лес, аб бераг біліся хвалі. Мы непрыкметна заснулі.

ЯК ПАЎВОСТРАЎ СТАЎ ВОСТРАВАМ

Мы прачнуліся, калі сонца высока стаяла на небе.

— А ведаеце, — соладка-соладка пацягнуўся я, — снілася мне, што з бацькам сена на возе вязу. Сена пахучае, воз калышацца…

— Ты жывы? — засмяяўся Міхась. — А я думаў, што цябе кракадзіл з'еў.

— Зубы паломіць, — буркнуў я. — Лепей падумаў бы, што сёння самі есці будзем.

— А ты на пальме ілістых скакуноў наловіш, — ажно зайшоўся ад смеху Міхась.

— Смяшынку з'еў? Нешта ты вельмі развесяліўся. Глядзі, каб не плакаў.

Я выглянуў з шалаша і жахнуўся. Вакол была вада. Пальма, на якую я лазіў ноччу, маленькай кропкай віднелася ўдалечыні.

— Бяда, — нейкім хрыплым голасам прагаварыў я. — Мы ад зямлі адарваліся.

— Ад зямлі адарваліся… Ха-ха-ха… У космас ляцім… Ха-ха-ха… Не магу… Ха-ха-ха… — ажно курчыўся ад смеху Міхась.

Я вылез з шалаша, гукнуў:

— Казаў табе, што будзеш плакаць. Дасмяяўся…

Міхась, відаць, зразумеў, што я не жартую, — перастаў смяяцца, высунуўся з шалаша.

— А… А дзе мы? — прагаварыў ён.

— На востраве. Наш паўвостраў востравам стаў. Вылазь з шалаша. І Наташу кліч. Што, калі гэты востраў на кавалкі разарвецца?

Міхась, а за ім і Наташа хуценька вылезлі з шалаша.

— Як так выйшла? — нічога не разумеў я. Міхась сарваў чараціну, паламаў яе на дробныя

кавалачкі, кінуў у ваду.

— Марозік, гэта востраў-плывун. Такія астравы, хоць рэдка, але і на нашых азёрах сустракаюцца. Ноччу быў моцны вецер. Вось і адагнала яго ад берага.

Я ў роспачы махнуў рукою.

— Казаў вам, што лепш на дрэве начаваць. На смех паднялі. Смейцеся на здароўе.

— Штосьці трэба прыдумаць! Прыдумаць! — усклікнула Наташа. — Няўжо вы нічога не прыдумаеце?

Прыдумаць… Лёгка сказаць. Што ж тут прыдумаеш? Плыць да берага? Далекавата. Дый піраньі… Чакаць, калі зноў востраў да берага прыб'е? І гэта не выйсце. Невядома, колькі давядзецца чакаць. — Каб лодка была, — уздыхнуў я.

— Думайце! Думайце! — Наташа ажно кулачкі сціснула. — Вы мужчыны. Будучыя мужчыны. Вам у армію ісці.

Я апусціў вочы.

— Наташа, мы пасля прыдумаем. Магчыма, якое дрэва да вострава прыб'е. Сядзем на яго і паплывём.

— Глядзі, плыве! — усклікнуў Міхась.

Я выцягнуў шыю, стаў азірацца па баках.

— Дзе плыве? Хто да нас плыве?

— Не хто, а што, — паправіў мяне Міхась. — Бачыш, чарот плыве.

Каля берага на вадзе ледзь-ледзь калыхаліся чараціны, паламаныя Міхасём.

— Ты хочаш з чароту плыт зрабіць? — здагадаўся я.

Міхась абняў мяне.

— Мы прыплывём да берага. Абавязкова прыплывём. Правільна ты разважаеш. Зробім плыт з чароту і бамбуку. Ен вытрымае.

Я моцна стукнуў Міхася па плячы.

— Малайчына. Ты сапраўдны Рабінзон! Узяўшыся з Міхасём за рукі, мы заскакалі, выкрыкваючы штосьці бязладнае. Наташа глядзела, глядзела на нас — і таксама заскакала. Калі б хто цяпер убачыў нас, то, напэўна, падумаў, што на востраве скачуць дзікуны. Ну і хай думаў бы! Нам было ўсё роўна. Радасць перапаўняла нас.