51762.fb2 Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 19

Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 19

Весела гукаючы, мы раскідалі шалаш і пачалі будаваць плыт.

— Спачатку кош плялі, потым шалаш будавалі, цяпер — плыт, — сказала Наташа. — Што яшчэ давядзецца нам будаваць?

— Раскідаем лабараторыю Кляйна і пабудуем дом культуры, — засмяяўся Міхась.

А я падумаў: «Някепска было б дом культуры пабудаваць. Першы ў Эльдарада. Каб з розных куткоў людзі збіраліся. Каб спявалі, каб танцавалі».

Але цяпер мы былі на востраве і будавалі першы, ў нашым жыцці плыт з чароту і бамбуку. Бамбук ліянамі звязалі, наклалі зверху снопікі чароту і спусцілі на ваду. Плыт закалыхаўся на хвалях. Мы з Міхасём крыкнулі «ўра-а!» і залезлі на плыт. Плыт толькі крыху асеў у ваду.

— Залазь і ты, — паклікаў я Наташу.

— А дзе шост? — запыталася Наташа. — Як мы без шаста паплывём?

Так, мы зусім забыліся, што без шаста на плыце як без рук. Добра, што хоць ад берага не адплылі. Калыхаліся б сярод возера.

— Наташа, на востраве бамбукавыя кіі ляжаць, — сказаў Міхась. — Прынясі.

Наташа прынесла два вялікія бамбукавыя кіі. Адзін кій узяў я, а другі — Міхась. Мы з Міхасём сталі па краях плыта, Наташа села пасярэдзіне.

— Не перавернецца? — занепакоілася яна.

— Не перавернецца, — сказаў Міхась. — Да самай Афрыкі даплывём.

Мы з Міхасём уперліся кіямі ў дно. Плыт скрануўся і паплыў. Востраў паступова аддаляўся.

Мы не ведалі, што чакае нас наперадзе. Гаманілі, смяяліся, і блізкі бераг Эльдарада не здаваўся, як учора, непрытульным і чужым.

ВОГНЕННЫ ТУМАН

Без асаблівых прыгод высадзіліся на бераг.

— Цяпер — на поўдзень. Толькі на поўдзень, — сказаў Міхась. — Трэба хутчэй знайсці Кляйна.

— А не заблудзімся? — запыталася Наташа.

— Болей у лес не палезем. Уздоўж берага пойдзем.

— Міхась, — кажу, — я вуду вазьму. Каля пальмы ўчора схаваў. Вуда нам яшчэ спатрэбіцца.

— Вазьмі,— згадзіўся Міхась.

Я пабег па беразе возера. Мінуў купку дрэў. Ужо блізка пальма, метраў трыста да яе засталося. Трэба яшчэ тыя дрэвы мінуць, а там…

А там, за дрэвамі, я ўбачыў на траве чырвоную лужыну.

«Хто ж гэтулькі фарбы разліў? — дзіўлюся я. — Тут цэлая бочка разліта, не меней».

Нагнуўся, дакрануўшыся да лужыны пальцамі. На пальцах засталіся чырвоныя сляды. Паднёс пальцы да носа, панюхаў. Зусім не пахне. Фарба, я гэта добра ведаў, звычайна пахне ацэтонам ці аліфай. Дзіўна: чаму гэтая не пахне?

Чырвоныя плямы, заўважыў я, выступалі на далонях, потым уся рука стала чырвоная.

Чаму так? Хіба я плёхаўся рукою ў лужыне? Не. Толькі пальцы памачыў. Дык чаму тады ўся рука чырвоная?

Гляджу: і сарочка, і штаны, і чаравікі чырвоныя.

Агонь. Гэта, відаць, агонь, водбліскі полымя…

Чырвонае полымя пабегла па возеры, ахапіла лес. Вакол мяне калыхалася суцэльнае мора агню. Вогненныя малінавыя языкі ўздымаліся, здавалася, да самага паднябесся.

Чаму загарэўся лес? Няўжо на Эльдарада які вулкан прачнуўся? А што з Міхасём і Наташай?

Падзьмуў ветрык, і пацягнула гарэлым. Нясцерпна абпякло шчокі. Я кінуўся назад, туды, дзе пакінуў Міхася і Наташу. А яны ўжо беглі да мяне.

— Пажар! — штосілы закрычаў я.

Міхась і Наташа падбеглі бліжэй, спыніліся. Я ажно зніякавеў. Валасы ў Міхася і Наташы былі карычневыя, шчокі, нос чырвоныя-чырвоныя, як бурак. А твары нейкія выцягнутыя. Не твары, а дзве агідныя маскі.

Міхась дакрануўся рукою да валасоў — валасы падняліся і загарэліся мноствам чырвоных нітак.

Я хацеў падысці да Міхася, а Міхась адхіснуўся ад мяне.

— Марозік, ты… такі страшны.

Я зразумеў, што і мой твар падобны на маску.

— Гарым? Мы гарым? — ледзь раскрываючы губы, прашаптаў я.

— Не, — адказала Наташа. — Даўно згарэлі б. Дый не горача нам.

Сапраўды, я ўжо не адчуваў на шчоках гарачыні, хоць і шалеў агонь.

— Гэта ён, — прагаварыла Наташа.

— Хто ён?

— Кляйн. Атамную бомбу ўзарваў.

Наташа павярнулася да лесу, сціснула пальцы ў кулачок і замахала ім.

— Кляйн! Ты не чалавек! Не чалавек! Я схапіў Наташу за руку.

— Ты не напалохаеш яго, Наташа. Нам трэба хавацца. Мы выратуемся. Бомба далёка ўзарвалася. Мы расквітаемся з ім.

Наташа вырывалася ад мяне і крычала, крычала…

А агонь раптоўна знік. Раптоўна з'явіўся і раптоўна знік. Зноў зазіхацела сонца, зазелянела трава, заблішчала возера.

Наташа села на зямлю і заплакала.

— Дакуль так будзе? Я не магу, я болей не магу. Я даўно маму не бачыла. Я дамоў хачу.