51762.fb2 Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 20

Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 20

Я прысеў каля Наташы.

— Наташа, не трэба. Людзі Эльдарада просяць дапамогі. Хіба забылася пра пісьмо? Кока-Кола сябе ўзарваў. Каб мы людзей Эльдарада выратавалі.

Наташа выцерла рукою слёзы.

— Гэта не атамная бомба? Праўда?

— Сонца свеціць. Птушкі пяюць, — сказаў я. Наташа ўстала, паправіла пасму валасоў, вінавата ўсміхнулася:

— Даруйце. Я напалохала вас. Міхась, чаму так гарэла?

— Я спачатку таксама думаў, што хтосьці лес запаліў, а пасля, што атамная бомба, — сказаў Міхась. — Цяпер дайшло, што і не пажар, і не атамная бомба. Гэта нявывучаная яшчэ з'ява прыроды. Некаторыя вучоныя называюць яе вогненным туманам. Такі вогненны туман некалькі разоў бачылі ў нас на поўначы. Ен, як раса, нечакана з'яўляецца і нечакана знікае. А астатняе пакуль невядома. Загадка прыроды.

— Я разгадаю. Я некалі абавязкова яе разгадаю, — сказала Наташа. — Не хачу, каб людзі палохаліся.

«ГАДЗЮКА» НА ДРЭВЕ

Вуды я так і не ўзяў.

— Хопіць сюды-туды бегаць, — сказала Наташа. — Пойдзем Кляйна шукаць. Сёння трэба яго знайсці. Гляньце, што робіцца. Ніводнага чалавека вакол. Гэты Кляйн горшы за ўсю старажытную інквізіцыю.

Так, шмат дзівосаў мы пабачылі ў Эльдарада. Але самым дзіўным было тое, што ніводнага чалавека не сустрэлі. Праўда, конніка бачылі, але і той уцёк.

Дома, у вёсцы, прывыклі штодзень страчацца з людзьмі. З самага ранку ў вёсцы шум, гамана. А тут? Быццам прайшоўся па гэтай зямлі страшны мор.

— Хадзем, — сказаў Міхась.

І мы пайшлі на поўдзень. Пайшлі ўздоўж возера. Нялёгка было ісці. Сонца, гарачыня. Але мы ішлі і ішлі, не адпачываючы. Інтуіцыя падказвала нам, што лабараторыя Кляйна дзесьці тут, непадалёку.

— Андрэй, — звярнуўся да мяне Міхась, — ты памятаеш, як цябе зваць?

— Рудольф, — кажу. — Мы з Баварыі прыехалі.

— Не прыехалі, а прыляцелі,— паправіў мяне Міхась. — Не пераблытай.

«Рыхтуе да сустрэчы з Кляйнам», — здагадаўся я.

— Не пераблытаю. Усё роўна ж буду маўчаць.

— Малайчына, што не забыўся, — пахваліў мяне Міхась. — А памятаеш, як мяне зваць, як Наташу?

— Клара, Макс.

Баіцца Кляйна Міхась. А чаго яго баяцца? Кляйн ужо стары. Відаць, толькі за кульбаку і трымаецца. Зловім, звяжам і ў Еўропу прывязем. А там у клетку пасадзім, будзем па ўсіх гарадах вазіць, людзям паказваць. Нам за гэта яшчэ якую прэмію дадуць.

Так я думаў, ідучы па беразе. Напэўна, так думаў таму, што ўсё пакуль для нас складвалася шчасліва, хоць і нямала нацярпеліся: і з чалавекам-жабай, як гаворыцца, нос у нос сустрэліся, і ў лесе заблудзіліся, і на востраве былі, і агні Эльма, і вогненны туман пабачылі.

Ды не ведаў я, што Кляйн адзін быў страшнейшы і за чалавека-жабу, і за вогненны туман, і за агні Эльма. Не ведаў і ў душы смяяўся з Міхася, з ягоных страхаў.

Успомнілася, што хутка прыйдзецца маўчаць. Магчыма, гадзіну, магчыма, паўдня. Цэлага паўдня маўчаць! Не жартачкі. А калі яшчэ болей, чым паўдня?

— Міхась, а доўга мне маўчаць прыйдзецца?

— Думаю, што суткі, а мо і двое.

— Ты што, жартуеш? Двое сутак я не вытрымаю.

— Тады мы табе рот зашыем, — няласкава прамовіў Міхась.

Двое сутак — сорак восем гадзін. Сорак восем гадзін маўчаць? Дык гэта сапраўдная пакута! Трэба хоць цяпер нагаварыцца. Каб на двое сутак хапіла. Ды маўчыць Міхась. І Наташа маўчыць. Як жа разварушыць іх?

— Міхась, праўда, што наша планета дыхае? — кажу першае, што прыйшло ў галаву.

— Адчапіся, — буркнуў Міхась.

— Цяжка табе сказаць? А калі я хачу ў фізічны гурток запісацца? Калі ўсё ведаць хачу?

— Ну, дыхае, — неахвотна адказаў Міхась. — Раўнамерна падымаецца і апускаецца. У Маскве, напрыклад, за шэсць гадзін падымаецца на сорак сантыметраў.

— А пасля апускаецца на сорак сантыметраў?

— Апускаецца.

— Выходзіць, што і мы падымаемся?

— Падымаемся. Чаго ты прычапіўся?

— Міхась, а каб мы падняліся і не апусціліся? Што тады было б?

— Тады ты ўпаў бы і расквасіў сабе нос.

— Міхась, а я носам не падаў бы.

— Цьфу, — плюнуў Міхась. — Вось прычапіўся. Падымаецца — апускаецца… Зусім замучыў.

— Міхась, а мы…

— Андрэй, — тузанула мяне за сарочку Наташа, — гадзюка!

Я проста прыліп да зямлі. Пасля прысеў, як заяц, глянуў угору. На галіне дрэва, над самай маёй галавой, вісела штосьці цёмнае, падобнае на доўгую стужку. Гэтая стужка несупынна выгіналася.

Гадзюка. Вось і з гадзюкай стрэліся. Яна спускаецца, каб мяне ўкусіць. Калі буду ўцякаць, то абавязкова кінецца.

— Кіёк. Які-небудзь кіёк дайце…

— Гэта ж мурашы, — засмяяўся Міхась. — 3 кіем на мурашоў хочаш ісці?

Прыгледзеўшыся, я ўбачыў, што гэта сапраўды былі вялікія лясныя мурашкі. Але чаму яны так вісяць? Чаму счапіліся такою стужкаю?

— Андрэй, — вінавата прагаварыла Наташа, — я цябе напалохала. Вунь як ты прысеў. Прабач.