51762.fb2
Гэты чалавек цягнуў за сабою… шымпанзэ. Цягнуў, трымаючы ў руках тонкі металічны ланцужок. Шымпанзэ ўпіраўся, але вузкі, завостраны на краях металічны нашыйнік сціскаў яму горла. Шымпанзэ, стараючыся ўхапіцца рукамі за ланцужок, тоненька пішчаў.
— Наш шымпанзэ! Наш! — прашаптаў я і памкнуўся наперад, каб вызваліць яго, адабраць у гэтага старога.
— Стой, — схапіў за руку Міхась. — Гэта Кляйн. Не разумееш? Ты павінен маўчаць.
Я і сам здагадаўся, што стары чалавек — Кляйн. Другога еўрапейца ў Эльдарада не было.
Індзеец зноў крыкнуў, падняў каня на дыбкі і, павярнуўшыся, падскакаў да Кляйна.
— Іх каля возера бачыў? — пачулі мы, як спытаў у яго Кляйн.
Голас у яго быў нейкі сухі, траскучы. Гаварыў ён так, быццам з рэвальвера страляў. Індзеец кіўнуў галавою.
Кляйн падаў індзейцу павадок ад аброці, ланцужок, злез з каня, стаў насупраць нас. Ногі ў яго былі кароткія, а жывот, як паветраны шарык.
«Раз'еўся на чужых харчах», — падумаў я.
Кляйн ступіў наперад, а на яго неспадзявана, ашчэрыўшы зубы, кінуўся шымпанзэ. Індзеец моцна пацягнуў за ланцужок, і шымпанзэ ўпаў на зямлю.
— У-у-у, — замахнуўся на яго нагою Кляйн. Шымпанзэ ўсхапіўся.
— Мікі! — крыкнуў індзеец.
— Мікі. Яго завуць Мікі. Запомніце, — сказала Наташа.
Кляйн павярнуўся да індзейца:
— Піф-Піф, глядзі за ім. Гэта брыдота хітрая. Уцячэ.
«Сам ты брыдота», — хацелася крыкнуць мне.
— Добра, доктар Кляйн, — кіўнуў галавой індзеец.
Кляйн… Усё-ткі Кляйн. Ён. Значыць, мы не памыліліся.
Я мімаволі сцяўся. Кляйн падышоў да нас.
— Я вас даўно шукаю, галубкі. Гэта вы каля возера лазіце?
Твары ў нас як скамянелі. Няўжо ён даведаўся, хто мы? Хто расказаў яму пра нас?
— Хто вы? — пратрашчаў Кляйн сваім сухім голасам.
«Школьнікі мы», — ледзь не прызнаўся я. Наперад выступіў Міхась.
— Доктар Кляйн, мы да вас прыляцелі. Мы вас другія суткі шукаем.
— Да мяне? Хто вас прыслаў да мяне? — Кляйн, здавалася, свідраваў нас маленькімі прыжмуранымі вочкамі.
— Арганізацыя «Агонь і меч». Вы самі напісалі пісьмо.
Кляйн з хвіліну маўчаў, усё разглядваючы нас, а пасля нечакана тыцнуў пальцам Міхасю ў грудзі.
— Тваё імя?
— Макс.
Кляйн павярнуўся да Наташы.
— Тваё?
— Клара.
Кляйн тыцнуў пальцам у мае грудзі. Мне стала агідна. Я адхіснуўся. Кляйн ашчэрыў зубы. Быццам сударга перакрывіла яго твар.
— Чаго маўчыш, галубок? Язык праглынуў? Дастану…
Апошняе — «дастану» — ён нібы прасіпеў. Даўкі камяк засеў у маім горле.
— Доктар Кляйн, — сказаў Міхась, — ён нямы. Ен не можа гаварыць.
— Не можа? Яны там звар'яцелі, ці што? Нямых мне прысылаюць. Гм, — хмыкнуў Кляйн.
— Вы не глядзіце, што нямы, — звярнулася да Кляйна Наташа. — Наш Рудольф будзе выдатным вучоным. У яго задаткі. Талент. Ен вундэркінд.
«Ну і прыдумала! — падумаў я. — Вундэркінд! Будзе мне мянушка, калі прыедзем дамоў».
І цяпер, стоячы перад Кляйнам, я верыў, што праз дзень ці два вернемся дамоў, зноў пойдзем у школу, сустрэнемся з сябрамі-аднакласнікамі. Таму верыў, што інакш не ўяўляў сваё жыццё. Тое, што мы тут, у Эльдарада, было толькі як нейкі дзіўны сон ці падарожжа.
— Вундэркінд? — зарагатаў Кляйн. — Ха-ха-ха… Вундэркінд…
Рагатаў ён доўга, ажно захлёбваючыся, з прысвістам. Мне здавалася, што ён вось-вось лопне ад смеху. І я вельмі хацеў, каб ён хутчэй лопнуў.
Але маё жаданне не збылося. Кляйн перастаў смяяцца, запытаўся ў другі раз:
— Тваё імя?
— Рудольф, — адказаў за мяне Міхась. Кляйн прайшоўся сюды-туды, пасля ласкава-ласкава сказаў:
— А вы ведаеце, мае дарагія галубкі-вундэркінды, што я з вамі зраблю, калі будзеце хлусіць?
Нядобрыя агеньчыкі заскакалі ў яго вачах. Аднойчы такія агеньчыкі бачыў я ў тыгра, калі ў звярынцы быў. Нечым раззлаваны, ён біў хвастом па клетцы і прагна пазіраў на людзей.
— Не ведаеце? У мяне ёсць павук-людаед. Я вас яму аддам.
— Доктар Кляйн, не палохайце нас, — прагаварыў Міхась. — Мы бачылі вашага павука. Ен бег нядаўна. А цяпер яго няма. Яго…