51762.fb2 Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 25

Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 25

Дарагія госцейкі — гэта значыць я, Міхась і Наташа — усталі з лаўкі і пайшлі ў лабараторыю Кляйна. Кляйн ішоў паперадзе. Па драўлянай лесвіцы мы падняліся на другі паверх. Далей Кляйн павёў нас доўгім вузкім калідорам. Мы, калі цяпер не памыляюся, павярнулі налева, потым направа.

— Заходзьце, галубкі, заходзьце, — паказаў Кляйн на расчыненыя дзверы ў самым канцы калідора. — Залятайце ў клетку. Хі-хі-хі…

Пасярод пакоя, у які мы зайшлі, стаяў паліраваны чатырохвугольны стол, а вакол стала — крэслы з выгнутымі спінкамі.

Кляйн лёгка падштурхнуў мяне ў спіну.

— Сядай на крэсла, сядай.

Я сеў і… раптоўна паехаў на крэсле, бездапаможна махаючы рукамі. Не ведаю, як стрымаўся, не закрычаў.

— Хі-хі-хі,— захіхікаў Кляйн, — гэта мой сюрпрызік, жарт.

Я ўпёрся нагамі ў падлогу. Крэсла спынілася. Сюды едзь, едзь назад, — лагодна прамовіў Кляйн. — Крэсла на калёсіках. — І яшчэ раз паўтарыў: — На калёсіках.

Падпіхваючыся нагамі, я пад'ехаў да стала.

— У крэсле кнопачка ёсць. Націснеш на кнопачку — калёсікі перастануць круціцца. Націсні, не бойся, — звярнуўся да мяне Кляйн.

Збоку, каля спінкі, я намацаў пальцамі невялікую кнопку, націснуў і… крэсла падскочыла ўгору. Адзін раз, другі, трэці…

— Вундэркінд на кані едзе. Ха-ха-ха, хі-хі-хі…— ажно захлёбваўся Кляйн.

— У-у-у, — глуха замычаў я.

Крэсла часта-часта падскоквала, і я тросся як у ліхаманцы. «Растрасе, зараз зусім растрасе», — са страхам думаў, моцна ўчапіўшыся за крэсла рукамі.

— Даволі! — закрычала Наташа, падбягаючы да Кляйна.

Кляйн дакрануўся да крэсла рукою, і яно, з палёгкаю адчуў я, трывала стала на падлогу. Кляйн заморгаў прыжмуранымі вочкамі.

— Ты сам вінаваты. Ты не на тую кнопачку націснуў. Трэба націснуць на кнопачку, якая справа, а ты націснуў на кнопачку, якая злева.

«Свіння!» — рвалася з майго языка.

— Сядайце, — запрасіў Кляйн Міхася і Наташу. — Не забудзьцеся націснуць на кнопачкі, якія справа.

Міхась і Наташа спачатку націснулі на кнопачкі, а потым селі на крэслы.

— А стол на нас не накінецца? — спытала Наташа.

— Не накінецца. Хіба можна, каб сталы на гасцей кідаліся?

«Ад цябе ўсяго можна чакаць, — разважаў я. — Хітры. Знарок мяне першым на крэсла пасадзіў. Думаў, што закрычу знячэўку. Не, не паддамся».

Хочаце смейцеся, а хочаце асуджайце, але мне вельмі захацелася паказаць Кляйну фігу. Скруціць з трох пальцаў вялікую-вялікую і паказаць. Пад нос яму, вядома, не сунеш гэтую фігу. Дык я схаваў руку ў кішэню, там скруціў фігу, на Кляйна накіраваў.

Лёгка стала на душы, што хоць спявай.

А Кляйн, не здагадаўшыся, што фігу ў кішэні трымаю, звярнуўся да мяне:

— Даруй, што адразу пра кнопачкі не сказаў. Я пажартаваў. Без дасціпнага жарту і жыць нецікава. А ты любіш жартаваць? Умееш?

«Любіш… Умееш…» Круціцца, як вуж. Спачатку казаў, што я вінаваты, цяпер прабачэння просіць. Слізкі ён, як вугор. Ці ўмееш жартаваць? Шкада, што ружы ў пакоі не растуць. Ты ў мяне патанцаваў бы. Але ж трэба штосьці прыдумаць. Каб аж млосна яму стала. Трэба. Бач, як дапытліва глядзіць на мяне. Што ж, хутка малюнак убачыш. Зараз я намалюю такое, што вочы на лоб палезуць.

Я пачаў вадзіць пальцам па стале, паказваючы, што нібы пішу літары.

— Маладому чалавеку ручка і папера патрэбны? — здагадаўся Кляйн.

Я кіўнуў галавою.

Кляйн стукнуў у далоні. Быццам з-пад зямлі, вырас Піф-Піф.

— Паперу і ручку, — загадаў Кляйн. Піф-Піф знік, як прывід. А праз хвіліну зноў

з'явіўся ў пакоі, паклаў на стол лісток паперы і ручку.

— Пакажы, на што здольны. Пакажы, — падахвоціў мяне Кляйн.

Я ўзяў ручку і знарок няспешна правёў на лістку чатыры лініі.

«Што гэта?» — запытальна глянуў на Кляйна.

— Паралельныя лініі.

Я кіўнуў галавою і дамаляваў:

— Плот! — крыкнуў над вухам Кляйн. Зноў малюю:

— Радыятар. Малюю далей:

— Электрычная лямпачка.

Я ўсміхнуўся. Пабачым, ці цяпер адгадаеш.

— Напэўна, ваза?

Кіўнуўшы галавою, старанна выводжу:

Кляйн паціснуў плячыма. — Не ведаю.

Тады я стаўлю дзве кропкі і пішу:

А яшчэ ніжэй, вялікімі літарамі: «КЛЯЙН». Пазлуйся, цяпер пазлуйся, жартаўнік! У Кляйна, я заўважыў, шыя стала барвовая. Вырачыўшы вочы, ён доўга-доўга глядзеў на мяне.

— Са старога Кляйна смяешся? — нарэшце вымавіў.— Ты хоць ведаеш, што я з цябе магу зрабіць?

Я хуценька пішу на паперы: «Мы гэтак не дамаўляліся».