51762.fb2 Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 27

Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 27

Але зноў асабліва не было калі разважаць, бо на парозе мы ўбачылі Піф-Піфа. Нават не заўважылі, як дзверы адчыніў.

— Доктар Кляйн цяпер працуе, — як завучанае, прагаварыў ён. — Доктар Кляйн жадае, каб і вы папрацавалі.

«Нейкая машына, а не чалавек, — падумаў я пра Піф-Піфа. — А можа, і сапраўды ён не чалавек, а проста робат? Не, чалавек. Вунь як вачыма лыпае».

Піф-Піф павёў нас тымі ж вузкімі змрочнымі калідорамі. Я пільна ўзіраўся пад ногі, бо штохвіліны чакаў новага сюрпрызу. «Вось адчыніцца які-небудзь люк, — думалася, — і звалімся ў скляпенне. Спачатку птушыныя спевы, а потым скляпенне. Кляйн на гэткае здатны».

Але, на шчасце, Піф-Піф вывеў нас на двор. На двары індзейцы палівалі кусты руж.

— Напэўна, і ноччу не спяць, паліваюць, — сказала Наташа.

Піф-Піф падвёў нас да пальмы, якая стаяла пасярод двара.

— Вымерайце таўшчыню гэтага дрэва, — сказаў.— Каля корня.

Мы пераглянуліся. Жартуе? Не. Здаецца, сур'ёзна

— Чым вымераць? — спытаўся Міхась.

Піф-Піф шчоўкнуў пальцамі. Да яго падбег індзеец, падаў метровую лінейку. Піф-Піф працягнуў яе Міхасю.

— Лінейкай вымерайце.

Міхась узяў лінейку, пакруціў у руках.

— Пілу нясі. Спілуем дрэва і вымераем яго таўшчыню.

— Без пілы вымерайце.

— А калі шнурком, калі вакол ствала яго абкруціць?

— Без шнурка вымерайце.

— Збыткуеш?

— Так доктар Кляйн жадае.

Піф-Піф завярнуўся і пайшоў.

— Гэта экзамен, — прагаварыла Наташа. — Кляйн хоча праверыць нашу кемлівасць. Што будзем рабіць?

І ФІТЎ ТРЭБА ЎМЕЦЬ РАБІЦЬ

Даў нам Кляйн галаваломку. Таўшчыню дрэва драўлянай лінейкай вымераць… Вось каб гнуткая яна была, каб вакол дрэва можна было яе абкруціць, — тады хутка вымералі б. А драўляную не абкруціш, не сагнеш: адразу паломіцца.

— Каб гэта дрэва спілаваць, каб вымераць ды пасля каб на месца паставіць і смалою прыклеіць, — пачаў фантазіраваць Міхась.

«Бараду сабе прыклей, прафесар», — хацеў сказаць я, але змаўчаў. Што, калі Кляйн ці хто з яго памагатых у кустах схаваўся, слухае нас?

Мне ў каторы раз за гэтыя дні ўспомнілася наша школа. Усё-ткі добра ў школе. Там настаўнікі. Калі цяжка, параяць, дапамогуць. А тут, як на бязлюдным востраве. Нават горай у некалькі разоў. Бо Кляйн вачэй не спускае.

Ўспомнілася, як у школе нядаўна музей стваралі— «Музей хлеба». Як розныя рэчы ў музей прыносілі. Тыя прылады, якімі нашы дзяды і бабулі раней карысталіся. Я калаўрот прынёс. А хтосьці з нашых школьнікаў прынёс…

«Фіту», — ледзь не крыкнуў я.

Ледзь не крыкнуў, бо здагадаўся, чым можна таўшчыню дрэва вымераць. Фітою. Такою прыладаю, якая ў нашым музеі ёсць.

Я таўхануў локцем Міхася, Наташу — маўляў, глядзіце — і на жоўтым пяску пальцам (калі ж які-небудзь кіёчак будзеш шукаць!) намаляваў, хоць крыху і нязграбна выйшла:

— Дык гэта дрэвамер, па-нашаму, па-мясцоваму, фіта! — усклікнула Наташа. — Фітою раней леснікі таўшчыню дрэваў вымяралі. Цяпер і мы таўшчыню пальмы вымераем.

Наташа нагнулася і… пацалавала мяне ў шчаку. Ведаеце, як чырванее рак, калі зварыцца? А я ў гэты момант, напэўна, быў чырванейшы за варанага рака.

Я ўсхапіўся, наставіў рукі, засланяючыся. А што, калі Наташа зноў надумае пацалаваць?

Наташа звонка-звонка засмяялася:

— Ну й баязлівец!

— А чаго ты на яго накідаешся? — заступіўся за мяне Міхась.

— Не буду. Болей ніколі не буду, — смяялася Наташа.

— Піф-Піф! — гучна крыкнуў Міхась.

Мы думалі, што Піф-Піф у доме, а ён ззаду вылез, з кустоў.

— Я вас слухаю. Мы ажно падскочылі.

— Цьфу, — плюнуў Міхась на зямлю. — Піф-Піф, ты здань ці чалавек?

— Я вас слухаю.

— Да яго не дойдзе, — сказала Наташа. — Не старайся, не выхоўвай.

Міхась паказаў на мой малюнак.

— Піф-Піф, мы хочам зрабіць вось такую прыладу. Каб таўшчыню дрэва каля кораня вымераць. Як твайму гаспадару хочацца. Але голымі рукамі гэтую прыладу не зробіш. Нам патрэбны піла, малаток, два цвікі, аловак, долата і драўляныя рэйкі. Добра, калі паструганыя прынясеш. Зразумеў?

Піф-Піф моўчкі павярнуўся і пайшоў.

— Да Кляйна пасунуўся, — сказала Наташа. Мы селі на лаўку і сталі гадаць: прынясе ці не

прынясе Піф-Піф усе гэтыя інструменты?

Мне не вельмі хацелася, каб ён іх прынёс. Рабіць фіту на такой гарачыні? Не, лепей у цяньку пасядзець. Можа, пашкадуе нас Кляйн? Мы здагадаліся, як таўшчыню дрэва вымераць. Скажа: «Прыдумалі, і хопіць».

Ды Кляйн, відаць, усё рабіў наадварот. Праз паўгадзіны Піф-Піф прынёс і пілу, і малаток, і долата, і цвікі, і доўгую драўляную рэйку, і аловак.

Мы прыняліся за работу. Адрэзалі ад рэйкі тры кавалкі: два меншыя, роўныя, а трэці крыху большы — на метр. На маім малюнку ён пад лічбай адзін паказаны. На адным канцы прыбілі да яго цвікамі калодачку — невялікі кавалак ад рэйкі,— прыставілі лінейку, нанеслі дзяленні, сантыметровыя і нават міліметровыя.