51762.fb2
— Чаму яна так галаву выгнула? — запытаўся Міхась у Кляйна.
— А вунь ад тых слупоў калючы дрот працягнуты, — весела прагаварыў Кляйн.
Сапраўды, каля хаткі былі закапаны два слупы, непадалёку адзін ад другога. Як для гайданкі звычайна закопваюць. Але замест гайданкі хтосьці (магчыма, і сам Кляйн) нацягнуў калючы заіржавелы дрот, прыкладна ў метры ад зямлі, а мо і крыху вышэй.
— Навошта там дрот? — пацікавілася Наташа.
— Хутка даведаецеся, — пачулі ў адказ.
З-за хаткі выбег маленькі кудлаты сабачка. У зубах ён нёс кавалак мяса. Віляючы хвастом, падбег да аўчаркі, паклаў перад ёю мяса. А аўчарка нават галавы не павярнула. Толькі высунула язык і аблізнулася.
— Чаму гэты кудлацік аўчарцы мяса прынёс? Чаму так дагаджае ёй? Хіба гэтая аўчарка сабачы кароль? — здзівілася Наташа.
А кудлаты сабачка схапіў мяса ў зубы, устаў на заднія лапы і… даў аўчарцы. Аўчарка імгненна глытнула мяса.
— Сапраўдны кароль. Свайго слугу мае, — засмяяўся Міхась. — Някепска яму жывецца. Прыносяць і ў рот кладуць.
Кляйн хітра падміргнуў нам, прыжмурыўшы вока.
— Аўчарку нашыйнікам я за дрот зачапіў. Другі дзень яна тут стаіць.
У Наташы на вачах выступілі слёзы.
— Навошта так? — паціху сказала яна.
— Эксперымент. Навуковы эксперымент, — павольна расцягваючы словы, напэўна, каб лепей дайшло да нас, прагаварыў Кляйн. — Гэтыя сабакі даўно здружыліся. Маленькі хоча дапамагчы аўчарцы. Дарэмна. Кавалачкі мяса яе ўсё роўна не выратуюць. А дрот, каб маленькі і хацеў, не перагрызе. Зубоў не хопіць дрот грызці.— Кляйн уважліва паглядзеў на нас і дадаў: — Дрот тут як сімвал сілы. Сілу нават дружба не адолее. Цяпер зразумелі, што значыць сіла?
Пакуль не ўсведамляючы, добра раблю ці кепска, я пайшоў наперад, туды, дзе сядзела аўчарка. Краёчкам вока заўважыў, што за мною ідуць Міхась і Наташа.
— Куды вы? — пачулася ззаду, як стрэл.
Я пайшоў хутчэй. Некалькі крокаў засталося да аўчаркі. Кудлаты сабачка адбегся і заскуголіў. А аўчарка загыркала, аскаліўшы іклы.
— Укусіць, — зноў ззаду, як стрэл. Мяне апярэдзіў Міхась.
— Цюцька, цюцька, — ласкава прагаварыў ён. — Не злуйся. Мы дапаможам табе.
Аўчарка замахала хвастом.
— Яна зразумела, — усхвалявана прашаптала Наташа.
Міхась ступіў яшчэ крок, працягнуў руку і адшпіліў нашыйнік. Аўчарка прысела на зямлю. Зняможылася за два дні.
Міхась пагладзіў яе па спіне:
— Ідзі. Хутчэй ідзі.
Пазіраючы на нас слязлівымі вачыма, аўчарка ўстала і, ківаючыся, пайшла за вугал хаткі. Кудлаты сабачка паляцеў за ёю. Не ведаю, як у Міхася і Наташы, а ў мяне на душы стала радасна. Упершыню тут, у Кляйна, адчуў радасць. Правільна кажуць: як нямнога трэба іншы раз для радасці, для шчасця!
Мне хацелася пабегчы за аўчаркай, хацелася лашчыць яе, карміць. І мы пабеглі б, і лашчылі б, і кармілі б, і смяяліся б, і расказвалі б, як ішлі, як адчаплялі яе, калі б не Кляйн.
Ен стаяў і спадылба пазіраў на нас.
— Смелыя, — вымавіў праз сцятыя вусны, калі мы падышлі да яго.
— Эксперымент закончыўся, доктар Кляйн, — зусім па-даросламу сказаў Міхась.
— Адзін закончыўся, а другі толькі пачынаецца, — пачулі мы ў адказ. — Два заданні вам даю. Два, — Кляйн падняў угору два выцягнутыя пальцы. — Піф-Піф вам усё растлумачыць.
Рэзка, па-ваеннаму павярнуўшыся, ён пакрочыў па дарожцы.
Ну й выдумаў для нас заданні Кляйн! Самі памяркуйце. Адно заданне — балотную ваду ачысціць. Другое — таксама ачысціць. Толькі не ваду, а насенне культурных раслін ад пустазелля. Гэткіх заданняў нам і ў школе не давалі.
Мы моўчкі хадзілі па пакоі. А на стале ў крыштальнай шклянцы стаяла мутная балотная вада. І поліэтыленавы мяшэчак ляжаў, дзе было змешана насенне культурных раслін з насеннем пустазелля.
Доўга мы так хадзілі, душу сабе вярэдзілі. У мяне нават галава разбалелася.
Вось і Міхась не вытрымаў. Узяў са стала шклянку з балотнай вадой, пакруціў у руках, прамовіў:
— А калі праз акно на двор выліць? Надакучыла ўсё.
— Я табе вылью, — насварылася на яго Наташа. — Забыўся, чаго сюды прыляцелі? А Кляйн? Ведаеш, як будзе з нас смяяцца?
— Будзе, — пагадзіўся Міхась. — Яшчэ як будзе. Я ўявіў, як зойдзецца ад смеху Кляйн, як схопіцца за жывот, як пачырванее. Аж неяк нядобра стала. Што ж прыдумаць? Міхась адчыніў акно.
— Ружы паліваюць, — сказаў ён задуменна. — Памятаеце, як мы вясною каля школы рабіны садзілі, а пасля ўсё лета палівалі? Я, здаецца, сто гадоў рабіны не бачыў. Давайце папросім Кляйна, каб свой парнік паказаў. Ен хваліўся, што рабіна ў яго парніку расце.
— Ты пра рабіну сказаў? Пра рабіну? — усхапілася Наташа.
— Пра рабіну. Ну і што? — паціснуў плячыма Міхась. — А табе хіба не падабаецца рабіна?
— Вельмі падабаецца! — з нейкай асаблівай пяшчотай прамовіла Наташа. — Ягадамі рабіны нават мядзведзі ласуюцца. І галінкі ломяць, і дрэўцы, каб ягады дастаць.
— Ну і хай сабе ломяць на здароўе.
— Чаго ты нос апусціў? — прагаварыла Наташа. — Хай ломяць… А ты ведаеш, чаму яны гэтымі ягадамі ласуюцца?
— А мне што да таго? Мне з мядзведзямі не жыць.
— І што б вы без мяне тут рабілі? — уздыхнула Наташа. — Няўжо ты не здагадаўся, што я ведаю, як балотную ваду ачысціць?
— Жартуеш?
«Смяецца з нас Наташа, — падумаў і я. — Раней мы з яе смяяліся, калі пра Эльдарада расказвала, а цяпер яна. Не можа дараваць».
— Я не жартую. Чаму мядзведзі горкімі ягадамі рабіны ласуюцца? Бо ягады рабіны патрэбны Мядзведзям як лякарства. Фітанцыды выдзяляе рабіна. Лятучыя рэчывы. Я ў газеце пра гэта чытала. А мая бабуля лісцямі рабіны гародніну перасцілае. Каб не псавалася. Праўда, пра фітанцыды бабуля не чытала. Даўней так рабілі. І яна гэтак робіць.