51762.fb2 Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 30

Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 30

— Выходзіць, галінкамі рабіны можна і балотную ваду ачысціць? Фітанцыды дапамогуць ачысціць? — спытаў Міхась у Наташы.

— Дапамогуць, — усміхнулася Наташа. Міхась сеў на падаконнік.

— Да-па-мо-гуць, да-па-мо-гуць, — па складах праспяваў.

— Асцярожна. Упадзеш, — сказала Наташа. — Магнітам цягне да акна.

Міхась саскочыў з падаконніка, падбег да стала, схапіў поліэтыленавы мяшэчак і высыпаў насенне на падлогу.

Наташа ажно рукамі ўспляснула.

— Калі цяпер пазбіраем?

— Магнітам? Ты сказала «магнітам цягне»? — спытаў Міхась.

— Сказала. «Магнітам цягне» — гэта фразеалагічны выраз.

Я толькі галавою круціў, пазіраючы то на Міхася, то на Наташу. Сёння я не разумеў іхніх загадак.

А Міхась узяў рукі ў бокі і пайшоў упрысядкі, прыпеўваючы ў такт:

— Тра-та-та, тра-та-та…

— Хопіць трататакаць, — не вытрымала Наташа. — Што прыдумаў?

Міхась неяк зусім па-вучонаму стаў тлумачыць:

— З усім гэтым насеннем мы перамяшаем металічны парашок. Паверхня насення пустазелля шарахаватая, а ў насення культурных раслін яна гладкая. Да шарахаватай паверхні насення, вядома, прыліпне металічны парашок. І тады мы паднясем магніт. Што будзе? Задача з адным арыфметычным дзеяннем. Рашайце.

— Насенне пустазелля разам з металічным парашком прыліпне да магніта, а насенне культурных раслін на падлозе застанецца, — адказала Наташа.

— Вось і другую задачу рашылі,— весела сказаў Міхась.

А Наташа яму:

— Міхась, фразеалагічны выраз «магнітам цягне» табе падказаў, як гэтую задачу рашыць. А ты некалі казаў, што ні мова, ні літаратура табе не патрэбны. Болей не будзеш нас, лірыкаў, ганіць?

— Вялікія вучоныя таксама памыляліся. А што пра мяне казаць? Я неяк змяніўся тут. Вось і з табою не сварымся. А-а, — махнуў рукою. — Не хочацца пра гэта. Трэба Піф-Піфа паклікаць. Хай рабіну, магніт і металічны парашок нясе.

— Не трэба Піф-Піфа клікаць, — пачулі мы гучны голас Кляйна. — Я слухаў вас. Правільна вы разважалі. Адпачніце пакуль. Я іду працаваць, адключаюся. Усё.

У мяне ажно ў горле перасохла, як пачуў голас Кляйна. Зноў падслухоўваў. А думалася, што хоць паўгадзіны спакойна пасядзім.

КЛЯЙНАВЫ ПЧОЛКІ БАЛЮЧА ДЖАЛЯЦЬ

Прайшла хвіліна, другая. Мы сядзелі, як у здранцвенні. Першым апамятаўся Міхась. Ен падышоў да дзвярэй, адчыніў іх, глянуў у адзін бок, у

другі. Затым махнуў рукою, паклікаў мяне і Наташу.

«Штосьці незвычайнае ўбачыў», — падумаў я.

Мы з Наташай на дыбачках падышлі да Міхася. Міхась кіўнуў галавою: маўляў, на калідор выходзьце. Выйшлі на калідор — ціха, ні душы.

Міхась шчыльна зачыніў дзверы.

— Ух! — з сілаю выдыхнуў з грудзей паветра. — Ведаеце, я быццам гару з плячэй скінуў. Так нясцерпна ў пакоі было.

— Тут можна смела гаварыць? — пацікавілася Наташа.

— Можна. Апаратура, відаць, толькі ў пакоях стаіць.

— І мне можна? — ледзь чутна прашаптаў я.

— Можна.

— Дзякую. Нарэшце. У мяне ўжо пашчэнкі звяло. А Міхась:

— У цябе пашчэнкі працуюць, як бабулін калаўрот.

Я зусім не пакрыўдзіўся на яго. Хай параўноўвае мае пашчэнкі хоць з бабуліным калаўротам, хоць са швейцарскім гадзіннікам. Хай, калі яму так падабаецца. Абы гаварыць дазволіў.

— А вы ведаеце, што індзеец-вартаўнік бачыў, як мы ружу на лаўку паклалі? — я паведаміў тое, што найбольш мяне непакоіла.

— Якую ружу? — не зразумеў Міхась.

— Ды тую, на якую Кляйн сеў. Індзеец стаяў каля моста і ўсё бачыў.

— Чаго ты маўчаў? — накінуўся на мяне Міхась. Ну й дзівак! Сам прымусіў маўчаць, а цяпер

пытаецца.

— А хто прыдумаў, каб я маўчаў? Вінаватага шукаеш?

— Прабач, — сказаў Міхась. — Зусім забыўся. У мяне ў галаве ўсё пераблыталася. Не падумалі мы, што індзеец бачыць. Замітусіліся. Не даруе нам Кляйн, калі пра гэта даведаецца.

— А мы яму скажам, што той індзеец сам ружу паклаў. Скажам, што знарок выдумляе.

— Непрыгожа так, — не пагадзілася Наташа. — Кляйн індзейца наб'е.

— Хай налупіць. Даносчыкам так і трэба. Мы заступіліся за яго, а ён язык распускае.

— Ты не трашчы, — раззлаваўся Міхась. — Язык распускае… А можа, ён не сказаў і не думае казаць? Чаго ты на яго накінуўся? Пра гэта пасля пагаворым. А цяпер трэба ў разведку схадзіць. Мы тут як з завязанымі вачыма сядзім.

Вельмі спадабалася мне Міхасёва задумка. Сапраўды, годзе сядзець, Кляйна цешыць. Дзейнічаць трэба.

— Правільна, — кажу. — Хадзем на двор, цяпліцу пашукаем. Мне здаецца, што недзе там Кляйн Мікі дрэсіруе. Адчынім дзверы ў цяпліцы — хай у лес Мікі бяжыць. Вызвалім яго. Га?

Я з надзеяй глядзеў на Міхася. Няўжо спалохаецца, адмовіцца?

— Паспрабуем, — сказаў Міхась. Асцярожна ступаючы, мы пайшлі па калідоры.