51762.fb2 Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 31

Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 31

У доме было ціха-ціха. Я нават чуў, як тахкала маё сэрца.

«Няўжо не пашанцуе? Няўжо мы не вырвемся на двор? А што, калі Піф-Піф паблізу затаіўся? Вось каб вырвацца! Павінна ж чалавеку хоць калі шанцаваць», — адна за адною праносіліся ў галаве думкі.

Нам пашанцавала. Мы выйшлі на двор, спыніліся на ганку, азірнуліся. І на двары нікагутка. Нават палівальшчыкаў чамусьці не відаць.

— Чаго стаіце? — прашаптала Наташа. — Чакаеце Кляйна? Бяжым!

Мы саскочылі з прыступак і пабеглі, як гаворыцца, куды вочы глядзяць. Абы далей ад гэтага страшнага дома. У тую хвіліну нават забыліся, што хацелі цяпліцу шукаць.

Мы беглі, беглі па высыпаных пяском дарожках. А ў скронях стукала: «Хутчэй. Яшчэ хутчэй. Кляйн даганяе».

Нарэшце ўбачылі невялікую палянку. На палянцы стаялі вуллі. Мы спыніліся.

— Тут пчолы, — прагаварыла Наташа. — Можа, тыя, дзікія?

— Тых пчол Кляйн наўрад ці трымае тут, — сказаў Міхась. — Тут звычайныя, свойскія…

— Усё роўна блізка не падыходзьце. Пчолы не любяць чужых.

Калі б Наташа прамаўчала, я, напэўна, мінуў бы гэтую палянку. А пасля гэтых слоў мяне як хтосьці ў плечы штурхнуў: «Яна баіцца — і ты баішся? Памятаеш, як цябе Наташа бабаю ў штанах абазвала? Ідзі».

Усміхаючыся, я падыбаў да вулляў. І Міхась пайшоў са мною. Міхась, які прывык дзейнічаць па прынцыпу: сем разоў адмерай, адзін раз адрэж. Яго, мабыць, таксама хтосьці ў спіну штурхануў. А можа, проста воля яго ап'яніла? Пішуць жа ў кнігах, што воля ап'яняе чалавека, што, вырваўшыся на волю, чалавек робіцца як сам не свой. Відаць, так.

— Куды вы? — крыкнула Наташа. — Вярніцеся.

— Паслухаем, як пчолы дзынькаюць, і вернемся, — весела адказаў Міхась.

Але каля вулляў, як ні дзіўна, не было ніводнай пчалы.

— Хадзі сюды, — паклікаў Міхась Наташу. — Няма пчол. Пустыя вуллі.

— Няма? Вы правяралі?

— Зараз праверу.

У траве ляжаў бамбукавы кій. Міхась узяў яго і рэзнуў па вуллі. Адзін раз, другі.

— Няма. Бачыш?

Наташа нясмела падышла да нас. А Міхась стукнуў кіем па другім вуллі.

— Няма. А ты баялася.

— Дай і я стукну, — прашу Міхася.

— Што, рукі свярбяць? — засмяяўся Міхась. — Бо. Мне не шкада.

Я ўзяў у Міхася кій і грукнуў па бліжэйшым вуллі. Некалькі разоў запар.

— Вылазяць! — спалохана крыкнула Наташа. Я адчуў, як каля вуха быццам іголкай кальнула.

Спачатку падумаў, што Міхась жартуе, чым-небудзь парнуў. Ужо хацеў сварыцца, ды праз імгненне ўбачыў каля самага носа адну пчалу, другую. Я замахаў рукамі. Дарэмна. Зноў як іголкай кальнула. Ужо ў твар.

— Уцякайма! — крыкнуў штосілы. — Пчолы нападаюць!

А дзесьці побач Міхась заенчыў:

— Упякла! Вось дык упякла!

Махаючы рукамі, мы кінуліся наўцёкі. А пчолы, як прывязаныя, кружыліся над намі, злосна гудзелі. Мы ўляцелі ў нейкі куст. Толькі тут перавялі дыханне.

Я глянуў на Міхася і ажно жахнуўся:

— Міхась, у цябе губа, як валейбольная камера. Зірнуў на Наташу. А ў Наташы увесь нос

распух.

— Наташа, — кажу, — твой кірпаты нос цяпер на яловую шышку падобны.

— Не паслухаліся мяне, — усхліпнула Наташа. А Міхась падкалоў:

— Марозік, ты вельмі не радуйся. Вунь як вуха ў цябе разнесла. Быццам слухаўку табе начапілі.

Я пакратаў вуха, паморшчыўся.

— Пячэ. Кляйнавы пчолкі балюча джаляць.

— А ведаеце, пра што я цяпер думаю? — праз слёзы вымавіла Наташа.

Я вырашыў пажартаваць:

— Напэўна, пра сялянскую кілбасу?

— Сам ты сялянская кілбаса, — са злосцю адказала Наташа. — Я пра школу думаю. Як з гэткім носам у школу прыйду?

Наташа заплакала.

«Сялянскаю кілбасою абазвала і яшчэ плача, — думаў я. — Дажыўся! Дзяўчынка сялянскай кілбасою абзывае!»

— Наташа, — паклікаў Міхась.

— Не хачу вас слухаць.

Наташа борздзенька ўсхапілася на ногі і вылезла з куста. Мы, вядома, таксама пасунуліся за ёю. На дарожцы стаялі Кляйн і Піф-Піф.

— А я знарок вас з дома выпусціў,— усміхнуўся Кляйн. — Я ж казаў вам, што эксперымент працягваецца. Што, паказыталі вас мае пчолкі?

«Знарок з дома выпусціў». Вось яно што. А мы радаваліся, думалі: пашанцавала.