51762.fb2
Кляйн ажно захлёбваўся ад смеху.
— Доктар Кляйн, чаму на вас так часта смех нападае? — нечакана спытаўся Міхась.
— Смех — прыкмета ўпэўненасці. Калі чалавек упэўнены ў сабе, — значыць ён жыццярадасны. А калі жыццярадасны, то і смяецца часта, — сказаў Кляйн.
— А хто мы, па-вашаму? Вы ж не верыце, што з Баварыі.
— Савецкія! — прасіпеў Кляйн. — А нямецкія словы вы з акцэнтам вымаўляеце. Вашай настаўніцы трэба двойку паставіць.
— А вашым настаўнікам я адзінку за выхаванне паставіла б, — не сцярпела Наташа.
— За выхаванне? Гм, цікава, — хмыкнуў Кляйн. — А вы вострыя на язык. Гэта я яшчэ раней заўважыў. І калі ў лесе вас сустрэў, і калі нядаўна спрачаліся са мною. Выдала вас ваша выхаванне. А цяпер і вундэркінд закрычаў. Болей доказаў мне не трэба.
Што ж, цяпер можна было не таіцца.
— Доктар Кляйн, а вашы пчолы не дзікія? — запытаўся я. Мне хацелася суцешыць Наташу. Хацелася, каб не плакала.
— Дзікія ў другім месцы сядзяць. Не хвалюйцеся, — неяк адразу падабрэў Кляйн. — У вас твары такія распухлыя! Я вас вылечу. Зараз вылечу. Кляйн добры. Кляйн вельмі добры. Кляйн дапаможа вам.
Ен адышоў убок, закрычаў:
— Піф-Піф, пачынай апрацоўку.
Мы ўбачылі ў руках Піф-Піфа бляшанку. У такіх бляшанках звычайна прадаюць хларафос. Піф-Піф накіраваў бляшанку на нас. Я адчуў, што на мой твар пырснула чымсьці цёплым, пахучым. Я міжволі заплюшчыў вочы.
— Давай, Піф-Піф. Яшчэ давай! — крычаў Кляйн.
«Усё. Атруціў нас, — падумалася. — Так нечакана. А хацелі людзям Эльдарада дапамагчы…»
Я расплюшчыў вочы, глянуў на Наташу. Твар у Наташы паружовеў, і нос зноў стаў кірпаты. Глянуў на Міхася. І з Міхасёвай губы знікла пухліна. Пакратаў сябе за вуха. Не баліць. Дзіва, дый годзе.
— Антыпчалінам мы вас папырскалі,— лагодна прамовіў Кляйн. — Цяпер вы як гурочкі. Вы яшчэ паслужыце мне. Задаткі ў вас ёсць.
«Кажа, што антыпчалінам. Ці магчыма такое? — разважаў я. — Напэўна, магчыма. Вось і ў нас, пішуць у газетах, з адыходаў, якія застаюцца ад піўных дрожджаў, такі крэм вырабляюць, які дапамагае хутка невялікія раны зажыўляць. Драпіны, напрыклад. Такі крэм, як пішуць, паляпшае падскурны абмен вугляводаў, вітамінаў і тлушчаў. Значыць, штосьці падобнае і Кляйн вынайшаў. Але чаму ён так зрабіў? Няўжо сапраўды пашкадаваў нас? Не. Купіць хоча. Лекамі сваімі. Вось чаму такі добры».
Я выступіў наперад.
— Доктар Кляйн, не спадзявайцеся, што паслужым вам.
— А ты вельмі не задавайся, — зусім не збянтэжыўся Кляйн. — Я без вас абыдуся. Але вось як вы без мяне? Пешкі дамоў не зойдзеш, калі нават выпушчу адгэтуль. Індзейцы дапамогуць? Не спадзявайцеся. Яны ўжо аднойчы мне дапамаглі. Навучыліся. Так што мяне слухайцеся. Магчыма, калі-небудзь і дамоў адпушчу. Сіла на маім баку, галубкі. Памятаеце эксперымент з аўчаркай?
— Дык вы і нас хочаце трымаць? Як на тым дроце? — запытала Наташа.
— Хачу і буду.
— Не выйдзе па-вашаму, доктар Кляйн, — сказаў Міхась.
Кляйн тупнуў нагою (усё-ткі не вытрымаў да канца):
— Піф-Піф, у камарыны пакой іх. Там паразумнеюць.
На дварэ ўжо змяркалася, калі Піф-Піф прывёў нас у камарыны пакой, як назваў яго Кляйн. Што адразу кінулася ў вочы, дык гэта малюнкі, развешаныя на сценах. На кожным малюнку — камары: жоўтыя, чырвоныя, карычневыя, зялёныя, сінія. Цяжка сказаць, які мастак і чаму гэткімі рознымі колерамі іх маляваў. Нават на акне, адзіным у пакоі, сядзеў тлусты камар, намаляваны чырвонаю фарбаю. Гэты камар прагна пазіраў на нас пукатымі, як у павука, вачыма, выставіўшы ўперад вялізны хабаток.
— Ен на Кляйна падобны, — сказала Наташа. — Бачыце, якое тоўстае ў яго брушка?
Мы засмяяліся.
— Намаляванымі камарамі ўздумаў нас напалохаць, — сказаў я. — Гэта мы як-небудзь перацерпім. Шкада, што ложкаў няма. Давядзецца на падлозе спаць.
— Пераначуем, — пазяхнуў Міхась. — Калі адзін бок намуляем, на другі перавернемся.
— А калі будзе холадна, абаранкам скручвайцеся, — параіла Наташа. — Так цяплей.
У пакоі гарэла яркае электрычнае святло. Я лёг на падлогу, прыжмурыў вочы.
— Міхась, я гульню прыдумаў,— кажу. — Пра камароў будзем расказваць. Я кажу, а ты не згаджаешся са мною, абвяргаеш мяне.
— Можна.
— А мне што рабіць? — запыталася Наташа.
— Ты будзеш суддзёй.
Такую гульню я знарок прыдумаў. Каб Кляйн пазлаваў. Я ведаў, што ён падслухоўвае нас.
— Пачынай, — сказаў Міхась.
— Камары п'юць кроў,— пачаў я.
— Адзін — нуль, — адкрыла лік Наташа.
— Кроў п'юць толькі самкі,— не згадзіўся са мною Міхась. — Самцы п'юць сок кветак. У іх хабаток не такі, як у самак. Ім яны не могуць пракалоць скуру.
— Адзін — адзін, — сказала Наташа.
— Ад камарынага ўкусу свярбіць і баліць цела, — кажу.
— Два — адзін.
— Не заўсёды, — прагаварыў Міхась, — Калі камар утыкае хабаток у скуру, болю мы не адчуваем, бо ў ядавітай сліне камара ёсць анестызуючае рэчыва. Так бывае ў час аперацыі.
— Два — два.
Што ж яшчэ пра камароў сказаць? Ага.
— Камары баяцца холаду.