51762.fb2
Кляйн. — Зараз я вас пацешу! Свайго павука на паляванне выведу. Ен сюды індзейца прывалачэ.
Я заўважыў, як збялеў Міхась з твару. Ен памкнуўся наперад.
— Але ж вы пісалі…
— Мала што я пісаў,— перабіў Міхася Кляйн. — А ты, хлопчык, не бойся. Пакуль павук цябе і тваіх спадарожнікаў не кране. Ен па зададзенай праграме працуе. Сёння на белых ён не нападае. Толькі на індзейцаў. З вамі я пасля пагавару. Вы ў мяне…
Кляйн павярнуўся і хутка пакрочыў па дарожцы. Мы кінуліся за ім.
— Стаяць! — крыкнуў Піф-Піф, наставіўшы лук. — Яшчэ крок — і страляю.
Мы бездапаможна сціснулі кулакі.
Селі на траву, пазіраючы на пасыпаную жоўтым пяском дарожку. Мы чакалі. Чакалі Кляйна і яго павука. Чакалі, спадзяваліся…
Час цягнуўся марудна. І вось мы ўбачылі іх. Павук-людаед ішоў наперадзе. Ен, як кропля вады, быў падобны на таго першага павука-крыжавіка, які каля возера гнаўся за індзейцам. Гэткія ж доўгія ногі, адвіслае брушка, пукатыя вочы…
Мы ўсе як здранцвелі.
Павук спыніўся перад мостам.
— Ідзі! — крыкнуў Кляйн. — За індзейцам ідзі. Індзейцы смачныя!
Павук адступаўся назад.
— Ідзі!.. Наперад!..
Кляйн, упёршыся рукамі, стаў пхаць павука.
— Чаго заўпарціўся? У крыжовы паход ідзі! «Крыжовы паход…»— прашаптаў я збялелымі
вуснамі.
Цяпер зразумела, чаму ён гэты від павучыных людаедамі робіць. Не які-небудзь іншы, а гэты, у якога крыж на спіне. Старажытнасць успомніў. Успомніў, як нямецкія рыцары з вышытымі на грудзях крыжамі ў паходы хадзілі. Каб разбойнічаць, каб знішчаць. Любіць ён той перыяд старажытнай гісторыі…
А павук-крыжавік усё адступаўся назад, адпіхаў Кляйна.
— Не падабаецца пах, — прашаптаў Міхась.
— Піф-Піф, дапамажы, — крыкнуў Кляйн.
У гэты момант павук павярнуўся, збіў Кляйна з ног і пабег па дарожцы. Кляйн ляжаў на пяску і штосьці мармытаў. Да яго падбег Піф-Піф, падняў, абхапіўшы за плечы.
— За ім! Дагнаць! Вярнуць! — затупацеў нагамі Кляйн.
Піф-Піф і Кляйн кінуліся за павуком.
— Уцякайце! Хутчэй уцякайце!
З кустоў, якія раслі каля моста, выскачыў Апельсін. Мілы, добры Апельсін! Ен не пакінуў нас, ён не спалохаўся павука…
— Уцякайце!
Мы пабеглі да лесу. Да лесу заставалася метраў сто, калі зямля пад намі здрыганулася. Пачуўся магутны выбух. Пругкая хваля паветра кінула нас на зямлю.
Мы азірнуліся. Там, дзе была Кляйнава лабараторыя, шугала полымя, слаўся чорны дым. Выбухі грымелі адзін за адным, усё вышэй і вышэй уздымалася полымя…
Не, не блакітны агонь, як тады, каля возера, бачылі мы перад сабою, а сапраўднае полымя, ненатольнае, неўтаймаванае.
— Чаму ўзарвалася лабараторыя? — спыталася Наташа.
Цяжкае пытанне яна задала. Хто мог на яго адказаць? Хіба сам Кляйн? Але там, куды нядаўна ён пабег, шалела полымя.
— Напэўна, нейкая няспраўнасць, — выказаў я здагадку.
— Не, — сказаў Міхась, — думаю, што гэта работа Мікі. Кляйн хацеў, каб ён быў дыверсантам, каб узрываў. І навучыў на сваю галаву. Ен сам сябе загубіў.
Не чакаў я такога фіналу, не чакаў, што Кляйн сам сябе загубіць. Калі мы ляцелі сюды, то думалася, што здзейснім штосьці гераічнае. Будзе пагоня, перастрэлка, як у сапраўдных дэтэктывах. Але ні пагоні, ні перастрэлкі не было. Праўда, было цяжка. Вельмі цяжка. Ці можна ўсё гэта гераічным назваць? Пакуль на гэтае пытанне я не мог адказаць.
— Мне дамоў хочацца, — прагаварыла Наташа. — Мяне мама чакае.
— У нас цяпер вясна, — прамовіў я.
— Як мы дамоў дабярэмся? — зноў азвалася Наташа.
— Калі Кока-Кола з тымі бандытамі — Бананам і Кальмарам — у «Яшчарцы» барукаўся, то крыкнуў мне, каб да «Ластаўчынага тунеля» ішлі,— нясмела сказаў я.
— Да «Ластаўчынага тунеля»? — зацікавіўся Апельсін.
— Але, я добра памятаю. А дзе той тунель, не ведаю.
Апельсін ўстаў з зямлі.
— Я завяду вас туды. Хадзем.
І мы пайшлі за Апельсінам. Спачатку ішлі лесам, потым выйшлі на бераг возера.
Я заўважыў, што над намі лятаюць ластаўкі. Іх было многа, вельмі многа.
— Ластаўкі ў Эльдарада? — здзівіўся я. — Яны жывуць толькі ў нас, у Еўропе, а на зіму ў Афрыку адлятаюць.
Міхась не згадзіўся са мною:
— Ёсць і такія, якія заўсёды ў Паўночнай Афрыцы жывуць. У іх нават крыло на чатырнаццаць міліметраў меншае, чым у нашых ластавак. Афрыканскім ластаўкам, дзе клімат сухі і гарачы, лятаць лягчэй. Таму і крыло ў іх карацейшае.
— Але чаму ў Эльдарада ластаўкі? Як яны сюды трапілі?