51762.fb2 Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 37

Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 37

— Не здзіўляйцеся, — сказаў Апельсін. — Іх прывёз сюды Кляйн. Яны тут і прыжыліся. Вось так. А вы, напэўна, стаміліся? Пацярпіце крыху. Хутка «Ластаўчын тунель»…

Зноў падышлі да лесу. І тут, на ўскрайку, я ўбачыў незвычайнае: магутныя дрэвы высока над зямлёю пераплялі галіны, утварыўшы доўгі зялёны тунель.

Мы ўвайшлі ў гэты створаны прыродаю тунель — напэўна, адзіны ў свеце. І тут на нас накінуліся камары… А вакол, ледзь не чапляючы нас крыламі, ляталі ластаўкі, глытаючы камароў.

Вось калі я здагадаўся, чаму гэты тунель назвалі «ластаўчыным тунелем».

Вузкая сцяжынка вяла на ўзгорак. Адмахваючыся ад камароў, мы абагналі Апельсіна і падняліся на ўзгорак. На ўзгорку была роўная расчышчаная пляцоўка.

— Самалёт! — закрычала Наташа. — Глядзіце, самалёт!

— Не, гэта планёр, — сказаў Міхась.

Так, на ўзгорку стаяў двухкрылы планёр, за хвост прымацаваны да зямлі. На насавым круку планёра мы ўбачылі два доўгія гумовыя шнуры.

Наташа пакратала іх рукою.

— Навошта яны?

— Стартавая каманда гэтыя шнуры нацягвае. Пяць — восем чалавек. Пілот адчапляе хвост планёра ад зямлі, і планёр, крыху прабегшы, як камень з рагаткі, вылятае ўперад, — растлумачыў Міхась.

— І мы на ім паляцім?

— Не ведаю. Самастойна падняцца вышэй месца старта планёр не можа. А гэты ўзгорак не вельмі высокі. Дый трэба, каб яшчэ надвор'е спрыяла. Чытала пра лунаючы палёт птушак? Буйныя драпежныя птушкі гадзінамі кружацца ў небе, не варушачы крыллямі, а толькі пагойдваючы імі то ў адзін, то ў другі бок. Яны выкарыстоўваюць струмені цёплага паветра, якія ўзнімаюцца ад нагрэтай сонцам зямлі. Такім спосабам і планёр ляціць.

Да нас падышоў Апельсін.

— Гэты планёр адрозніваецца ад тых планёраў, якія ёсць у вас, — сказаў ён. — Тут матор стаіць. І яго кабіна цяплейшая. Я дапамагаў Кляйну яго рабіць. Разам з Кока-Колам.

— Значыць, мы даляцім дамоў? — абрадавалася Наташа.

— Абавязкова, — усміхнуўся Апельсін. — А спачатку навучу вас кіраваць планёрам.

Не, не думайце, што праз паўгадзіны мы селі і паляцелі. Мы хацелі так зрабіць, ды Апельсін не дазволіў.

Спачатку ён паказаў, як кіраваць планёрам. Амаль не да вечара нас трэніраваў. А потым мы начавалі на ўзгорку. Усю ноч не спалі, размаўлялі. Тады Апельсін і сказаў нам:

— Кока-Кола не хацеў так жыць, як мы жывем. Хацеў з суседзямі пазнаёміцца. Мы ім дапамагалі б, а яны нам. Я пра гэта нашым людзям раскажу.

А на другі дзень, зранку, Апельсін прывёў «стартавую каманду»— сваіх сяброў-індзейцаў. Мы селі ў планёр, індзейцы нацягнулі гумовыя шнуры. Планёр, прабегшы метраў дзесяць, адарваўся ад узгорка.

Мы не крычалі «ура!». Мы разумелі, што многа цяжкасцей чакае нас наперадзе. Але кожны з нас верыў, што адолее іх. Жаданне трапіць дамоў, на Радзіму, верылі, дапаможа адолець гэтыя цяжкасці.

А пакуль планёр бясшумна ляцеў над Эльдарада.

ВЫПРАБАВАННЕ, альбо БАБА ЯГА НА ЎРОКУ ЗААЛОГІІ

Частка першаяДЗІВОСЫ, ДЫЙ ТОЛЬКІ!

У СУБОТУ, ПЕРАД ПЕРШЫМ УРОКАМ…

І ў наш час здараюцца дзівосы. Вы, магчыма, не паверыце мне, ды набярыцеся цярпення, паслухайце, пра што раскажу.

Гэта здарылася ў пачатку восені, калі толькі-толькі пачалася першая чвэрць навучальнага года.

Першым урокам у нас, шасцікласнікаў, была заалогія. Як заўсёды, празвінеў званок. Вось-вось на калідор выйдуць настаўнікі, і біялагічка Раіса Пятроўна накіруецца ў наш клас.

Света Мялешка і Іра Кавалевіч — сяброўкі, якіх і вадой не разліць, — пільнуюць каля дзвярэй, каб крыкнуць, паведамляючы, як надзвычай важную навіну: «Ідзе!» А галасы ў Светы і Іры звонкія. Сёлета іх нават на абласны конкурс запрасілі спяваць.

Пасля гэтага магічнага «Ідзе!» усе мы дружна сядзем за парты, адкрыем падручнікі, будзем хутка-хутка глытаць літары, словы, каб хоць крыху зразумець тое, што ўчора, дома, не паспелі давучыць. А пакуль…

Пакуль, як ужо сказаў вам, Света і Іра пільнуюць каля дзвярэй Раісу Пятроўну, мой сусед па парце Андрэй Налівайка расказвае, як учора з бацькам на трактары катаўся. Любіць Андрэй тэхніку. Калі ўбачыць, што трактар ці грузавік паблізу спыніўся, стрымгалоў туды ляціць. Датуль не адыдзецца, пакуль праехаць не дадуць ці не прагоняць. Другое часцей бывае. «Міхась! — размахвае рукамі Андрэй. — Я як паехаў, а пасля як затармазіў… Тата ажно галавою ў шкло стукнуўся… Не верыш?» — «Веру», — ляніва адказваю я, пазіраючы на Дзіму Клімовіча, які помпаю надзімае футбольны мяч. Сёння пасля ўрокаў мы дамовіліся ў футбол пагуляць. Дзіма — фізорг нашага класа. Ён і мяч з дому прынёс. Мяне чамусьці вельмі цікавіла, колькі качкоў трэба зрабіць Дзіму, каб надзьмуць мяч. «Напэўна, хопіць сорак. А можа, і не хопіць», — разважаў я. Каля Дзімы прымасціўся Пеця Тарасевіч. Пра такіх, як ён, кажуць: вада на ім не ўстоіць, а яшчэ залатыя рукі. Любая работа гарыць у яго руках. Вось толькі крыху не пашанцавала яму: на дзяўчынку з твару падобны. І губы банцікам, і шчокі пульхныя, ружовыя, і валасы кучаравыя, нейкія не хлапечыя.

«Яшчэ раз качні! Яшчэ! Яшчэ!» — дапамагае Пеця Дзіму. Ажно расчырванеўся, так дапамагаючы.

А на пярэдняй парце, затуліўшы пальцамі вушы, выдатніца Аня Бялько прагна прабягае вачамі старонкі падручніка. На секунду адрываецца, штурхае локцем свайго суседа па парце Сяргея Мазаля: «Зноў мухі лічыш? Чытай». А той, шырока раскрыўшы рот, соладка-соладка пазяхае: «Паспею». Сяргею з першага класа ніякая навука ў галаву не лезе. З першага класа з тройкі на двойку перапіхаецца. Яго ўжо некалькі гадоў настаўнікі збіраюцца пакінуць на паўторны год, ды, добра папалохаўшы, пераводзяць. Шкадуюць. Сяргееў бацька, як людзі кажуць, паехаў сабакам сена касіць, а маці не дае яму рады. Сяргей неяк хваліўся нам: «Я на лес гледзячы расту». Лянівы ён стаў, гэтак жывучы — на лес гледзячы.

Вось і ўвесь наш клас. Тры дзяўчынкі і пяць хлопчыкаў. Здзівіцеся: мала. Нашу Вароніцкую васьмігадовую школу малакамплектнай называюць. У кожным класе па сем — дзесяць вучняў.

- Ідзе! — у адзін голас крыкнулі Света і Іра, кінуўшыся за парту. А потым, перавёўшы дух, усхвалявана прагаварылі: — Нейкая цётка да нас ідзе!

— Праверка. З раёна прыехала, — сказала Аня. — Вы хоць павітайцеся як вучні.

Мы, забыўшыся пра тое, што трэба сённяшні параграф давучыць, выцягнуліся каля партаў.

У клас упэўнена зайшла незнаёмая жанчына. Чамусьці адна, без Раісы Пятроўны. Жанчына спынілася каля настаўніцкага стала, усміхнулася нафарбаванымі вуснамі:

— Што, дзеткі, не пазналі мяне? Я Баба Яга.

Ад нечаканасці мы селі. Разам, быццам хтосьці за нябачную вяровачку ўсіх нас таргануў.

— Адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем, восем, — стала лічыць гэтая дзіўная жанчына, тыцкаючы пальцам. Потым прамовіла: — Чатыры дзяўчынкі і чатыры хлопчыкі? Так?

— Вы Пецю Тарасевіча за дзяўчынку палічылі, - устаў з-за парты Дзіма Клімовіч. — Многія так памыляюцца. А вы, напэўна, артыстка, з тэатра прыехалі?

Жанчына села на крэсла, закінула нагу за нагу, паказала пальцам на Пецю.

— Вунь таго, кучаравенькага, як баранчыка, за дзяўчынку палічыла?

Мы так і паехалі са смеху. Вось гэта цётка, вось гэта артыстка! Умее смяшыць. Нездарма ёй грошы плацяць. Цікава: з якога горада яна да нас прыехала?

Мы смяяліся, а Пеця сядзеў, аберуч абняўшы галаву. Так хацелася яму схаваць валасы, як у баранчыка. І яшчэ Аня не смяялася. Што ж, гэтых выдатнікаў цяжка рассмяшыць. Яны толькі сур'ёзнае любяць.

Аня азірнулася, крыкнула:

— Цішэй! — Потым запыталася, звяртаючыся да вясёлай жанчыны: — Хто вы?

— Я вам казала. Баба Яга. Страшна? Аня пабялела, сяброўкі Света і Іра піснулі:

— Боязна.

— Казачкі, - азваўся з-за парты Сяргей Мазоль.

— Я і ёсць з казачкі. Ды не з адной. Мяне ў розных казках паказваюць. Вы думалі, што Баба Яга непрыгожая? Была калісьці непрыгожая: і нос кручком, і шчокі маршчыністыя, і валасы раскудлачаныя. Усе на мяне пальцам паказвалі, нават у госці не запрашалі. Надакучыла хадзіць непрыгожаю. Пайшла ў касметычны кабінет, слязу пусціла. Тры пластычныя аперацыі мне зрабілі, падфарбавалі, падмалявалі.