51762.fb2 Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 38

Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 38

— У Бабы Ягі павінна быць хатка на курыных нагах, — не вытрымаў Андрэй Налівайка. — І мятла. Без мятлы і хаткі яна і кроку не ступіць.

— Зараз убачыце маю хатку.

Жанчына падышла да акна, перагнулася, пазіраючы ўлева, туды, дзе стаяла школьная сталовая. А пасля як залямантуе:

— Яны майго ката за хвост цягаюць!

І бягом з класа, ляпнуўшы дзвярамі. Аж тынкоўка са сцяны пасыпалася.

Мы, вядома, таксама хутчэй да акна. Акно невялікае, а нас усё-ткі васьмёра. Усім не хапае месца. Піхаемся, кожны наперад пнецца. Нарэшце Дзіма Клімовіч і Андрэй Налівайка здагадаліся: на падаконнік залезлі. Адразу стала вальней.

Каля школьнай сталовай, убачылі мы, стаяла сапраўдная хатка на курыных нагах. З коміна нават дымок ішоў. А на саламянай страсе, выгнуўшы спіну, стаяў чорны кот. Малыя з другога класа доўгаю жэрдкай паролі гэтага ката. «Ён уцёк ад іх, — здагадаўся я. — А цяпер дастаюць са страхі».

«Мяў-мяў», — злосна мяўкаў кот, выпускаючы кіпцюры.

Да малых падбегла гэтая дзіўная жанчына, вырвала з іхніх рук жэрдку, замахнулася:

— Вось я вас!

Малыя з віскам пабеглі ў школу.

— Вось я вас! Пачастую! — крычала жанчына.

Цяпер мы паверылі, што гэта была сапраўдная Баба Яга.

ФОКУС-МОКУС БАБЫ ЯГІ

Успацелая, расчырванелая вярнулася Баба Яга ў клас. Сядзім за партамі, як мышы, вачэй з яе не спускаем. А што, калі і на нас з жэрдкаю кінецца?

— Коціка майго пакрыўдзілі, - прагаварыла Баба Яга, сеўшы на крэсла.

— Што? — спытаўся Сяргей Мазоль. — Не чую.

«Вось напалохаўся, — думаю. — Ажно вушы заняло».

Баба Яга ўсміхнулася:

— У цябе, відаць, у адно вуха ўлятае, а ў другое вылятае.

Тут яна, як гаворыцца, у самую кропку трапіла. Сапраўды, іншы раз на ўроку настаўнікі так ужо стараюцца, так стараюцца, а Сяргей зусім не хоча іх разумець. Сядзіць і вухам не вядзе.

— Салевіч, а яна вясёлая цётка, — таўхануў мяне локцем Андрэй Налівайка. — У казках пішуць, што нядобрая, злая.

— Зашмат фантазіруюць у казках, — згадзіўся я з Андрэем.

— Падабаецеся вы мне, — нечакана прамовіла Баба Яга. — Я за вамі даўно сачу. Вашы настаўнікі на ўрок ідуць, а я ў печку на мятле спушчуся і слухаю, як чытаеце, як рашаеце. Не падабаецца вам чытаць, не падабаецца рашаць, Вы самыя гультаяватыя ў школе. Малайчынкі. Навошта тая навука патрэбна? Ад яе толькі галава баліць. Дый колькі не вучыся, усё роўна мала. Як ні старайся, а бацькам і настаўнікам не дагодзіш. Двойку на тройку выправіш — прымушаюць, каб на чацверку выцягнуў. Пачаў на чацверкі вучыцца — хочуць, каб пяцёркі прыносіў. А пабегаць калі? А пагуляць? Летам? Лета як адзін дзень прабягае. Хіба паспееш за лета нагуляцца, набегацца?

Слухалі мы Бабу Ягу і згаджаліся. Правільна яна кажа. І пра адзнакі, і пра адпачынак. Настаўнікі і бацькі хочуць, каб усе мы пяцёрачнікамі былі. І па спевах каб пяцёркі атрымлівалі, і па матэматыцы, і па фізкультуры, і па мове, і па геаграфіі, і па працы… А калі б усе, да адзінага, пяцёрачнікамі сталі, тады яны, напэўна, новыя адзнакі прыдумалі б. Шасцёркі, а можа, і сямёркі. Зусім дыхнуць не далі б. Яны такія.

Быццам зачаравала нас Баба Яга. Ні разу ніколі ніводнага з настаўнікаў мы так уважліва не слухалі. Нават Аня ажно рот разявіла. А Сяргей Мазоль ажно цвіце. Быццам не за партаю сядзіць, а за святочным сталом на свае імяніны. Задаволены, як кот, які ўволю смятаны наеўся.

— Не слухайце сваіх настаўнікаў, - працягвае Баба Яга. — І бацькоў не слухайце. З сённяшняга дня я сама стану вас вучыць. Я буду ставіць адзнакі наадварот. Хто вывучыў урок, таму двойка. А хто не вывучыў, таму пяцёрка. Згодныя?

— Гэта мне вельмі падабаецца, — падаў голас Сяргей. — Мне мама паабяцала маторны веласіпед купіць, калі дзесяць пяцёрак прынясу.

- І сто прынясеш. І дзвесце, калі спатрэбіцца, — усміхнулася Баба Яга.

— Можна зусім урокі не вучыць? — спытаўся Андрэй Налівайка.

— Можна нават кніжак не адкрываць.

— Ура! — закрычаў Андрэй. — Цяпер я цэлымі днямі буду з татам на трактары катацца.

— Ура! — падхапілі мы за ім.

Толькі Аня Бялько не крычала. Яна сядзела і моргала вачамі. Напэўна, зусім разгубілася.

— Крычы «ўра», — тузануў яе за касу Сяргей.

Мы прыціхлі, пазіраючы на Аню.

Аня ўстала і заявіла, звяртаючыся да Бабы Ягі:

— Наш дырэктар Анатоль Лукіч табе не дазволіць гэтага — адзнакі наадварот ставіць. Ён у нас сур'ёзны.

— Гэта той, у якога чорныя вусы? Дык я зачаравала яго, — сказала Баба Яга. — І настаўнікаў зачаравала, і вучняў. Некаторыя бегалі, над маім катом здзекаваліся, але нядаўна і іх зачаравала. Спяць усе. Акрамя нас.

У Ані ажно твар выцягнуўся.

— Калі так, то і я згодная, — разгублена прагаварыла яна і села за парту.

А Баба Яга, чаго мы ніяк не чакалі, прытупнула і заспявала:

Туфлі модныя надзела,На сто год памаладзела.Буду ўсіх за нос вадзіць,Каб увесь свет перакруціць.

Мы сядзелі як у ваду апушчаныя. Не верылася ў тое, што яна сказала. Хіба можа быць так, каб уся школа адразу заснула?… Чаму раптам так абрадавалася Баба Яга? Спачатку расказвала, выхоўвала, а цяпер танцуе, спявае…

— Штосьці тут нячыстае, — шапчу я Андрэю. — Чуў, як спявае? «Буду ўсіх за нос вадзіць…»

Падбегла Баба Яга да мяне. Слых у яе, відаць, як у дзікай кошкі.

— Нячыстае, хлопчык. Здагадлівы ты. Праўда, зачаравала я вучняў і настаўнікаў, ды праз гадзінку яны прачнуліся б, калі б вы не згадзіліся наадварот вучыцца. Не падзейнічалі б на іх мае чары. А цяпер настаўнікі будуць доўга-доўга спаць.

— А вучні? — не выцерпеў я. — У мяне брацік Міколка ў другім класе вучыцца.

— За Міколку не хвалюйся. Твой Міколка ўстане і пабяжыць дамоў а палове трэцяй, калі ў вашай школе ўрокі заканчваюцца. А назаўтра ён у школу не пойдзе. Навошта ісці? Спіць яго настаўніца.

Зноў устала Аня.

— Я здагадалася. Ты наш клас знарок выбрала. Ты ведала, што згодзімся ні за што пяцёркі атрымліваць. Ведала, што не захочам вучыцца.

— Ведала. Нездарма столькі ў печцы прасядзела, сажу на сабе выносіла. Вось толькі думала, што з табою прыйдзецца паняньчыцца, пакуль на свой лад перавыхаваю. Але і ты адразу згадзілася. Малайчынка. Растанцавалася я ад радасці, не вытрымала. І вы не засмучайцеся. Хіба кепска вам? Гуляйце, весяліцеся, мяне слухайцеся. А цяпер пойдзем са мною. Падзівіцеся, як настаўнікі спяць. Пабачыце мой фокус-мокус.

ЯШЧЭ АДЗІН ФОКУС-МОКУС