51762.fb2
— Так, Міхась, так. Сапсавалася. Таму і сеў каля вёскі. Добра, што на вёску не ўпаў.
Я ажно трымцеў ад хвалявання. Касманаўт каля вёскі, ракета. Вось каб палятаць хоць крыху!
— Міхась, ты можаш заставацца ў хаце. Можаш нават мой сняданак з'есці. А я ўсё-такі пабягу.
Калі б Міхась не схапіў мяне за руку, я, напэўна, выбег бы з хаты.
— Пачакай. Куды бегчы? Куды вочы глядзяць? Так мы яго не хутка знойдзем. Казалі, што яго бабка Тэкля бачыла. Спытаемся ў яе, дзе бачыла, у якім месцы. Там і будзем шукаць.
— А я думаў, што касманаўт каля самай вёскі. Значыць, да бабкі Тэклі цяпер?
— Не, — сказаў Міхась. — Трэба Наташу пачакаць. Яна ў горад паехала. Маці хоча ёй паліто купіць.
— Да самага вечара давядзецца чакаць, — кажу Міхасю. — Хадзем без Наташы!
— Не. Я слова даў, што пачакаю яе. Прыйдзецца пацярпець.
— Калі даў слова, то прыйдзецца, — неахвотна згадзіўся я.
Вечарэла, калі мы ўтраіх пайшлі да бабкі Тэклі. Бабка Тэкля жыла не ў самой вёсцы, а воддаль ад яе. Як у нас кажуць, наводшыбе.
Жыла яна адна. Муж пасля вайны ад ран памёр, а сыны параз'язджаліся. Старэйшы служыў афіцэрам у арміі, а малодшы працаваў ажно на Поўначы.
Бабку Тэклю мы вельмі любілі. Каля яе хаты рос вялікі сад, і яна не раз частавала нас яблыкамі.
Сама стрэне на дарозе, прывядзе ў сад: «Збірайце ападкі. Частуйцеся». Бывала, і ў кішэні накладзеш, і за пазуху. Ні крыку, ні лаянкі мы ад яе аніразу не чулі.
Нам пашанцавала. Бабка Тэкля была дома. Яна сядзела на парозе, падпёршы рукамі галаву.
Мы адчынілі веснічкі.
— Бабка Тэкля, добры вечар, — здалёку гукнуў я.
— Не ведаю, ці добры ён будзе, — уздыхнула бабка Тэкля.
— Чаму?
— А што, калі той страхалюд да мяне прыпрэцца?
— Вы пра касманаўта кажаце? — вырвалася ў мяне.
— А пра каго ж яшчэ.
— А вы яго бачылі?
— Як цябе цяпер. Каля Дворнага Саду гэта было. Ужо шарэць пачало. І тут вылазіць з кустоў. Ну рыхтык жаба. Вочы пукатыя, сам зялёны. Як жабарэння на сябе начапіў. Я адразу змікіціла, што адзежа такая ў яго. Лыпнуў на мяне вачыма і назад у кусты. Ажно затрашчала, як паляцеў. А я, каб болей страху яму нагнаць: «Ого-го-о-о… О-гу-г-у-у…»
— А самі не спалохаліся? — пацікавіўся Міхась.
— Задрыжэлі ногі,— прызналася бабка Тэкля. — Гэта ж не жартачкі: такога страхалюд а ўбачыць!
— Можа, хто хацеў напалохаць вас? — пытаюся.
— Каму я патрэбная. Я ж не дзеўка. А перад гэтым яшчэ некі апарат ляцеў. Ціха-ціха ляцеў. Я перш падумала, што мо шар, якім надвор'е мераюць. Пасля дайшло, што той страхалюд на ім прыляцеў.
«Апарат ляцеў…» Бабцы Тэклі здалося, што шар, — разважаў я. — Але ж яна добра не прыглядалася, дый цямнець пачало. Хіба магла заўважыць, якой ён формы? Што ж там было? А калі лятаючая талерка? Лятаючая талерка. Талерка… Так і ёсць. Лятаючая талерка. Вось і ў газетах пішуць, што не раз людзі бачылі лятаючыя талеркі. І ў нас бачылі, і Ў другіх краінах. Думаюць, што іншапланецяне на такіх талерках ляцяць. Памыляюцца яны. Няма іншапланецян. Гэта, відаць, жыхары Эльдарада прылятаюць. Чамусьці не хочуць нам паказвацца. Прылятаюць, як у разведку. Паглядзяць, паглядзяць — і назад. Зноў у Эльдарада. А цяпер нейкая бяда ў іх. Нездарма запіску падкінулі. Хочуць, каб мы дапамаглі, і ўсё роўна хаваюцца. Асцярожныя. Вось і бабка аднаго напалохала. Яна думае, што амерыканца. Не. З Эльдарада той чалавек усё-такі…»
Спяшаючыся, я расказаў пра сваю здагадку Міхасю, Наташы і бабцы Тэклі.
— Я таксама думаю, што ён з Эльдарада, — падтрымала мяне Наташа. А бабка Тэкля разважала па-свойму:
— Мне без разніцы, хто ён. Але чаму па кустах брындаецца? Скора гэтыя касманаўты некаму на голаў сядуць.
— Раней, напэўна, спакайней было? — пацікавіўся я.
— Раней другое было. Вадзянікі, русалкі, лесавікі. Людзі газет, як цяпер, не чыталі. Ва ўсялякіх нячысцікаў верылі. Вось і лезлі розныя страхі ў вочы. Помню, мая маці расказвала, як вадзянога быка стрэла. Траву на балоце жала. Раненька было, туман, як малако, па балоце разліўся. Нажала маці травы, напхала ў мех. Толькі кранулася, каб ісці,— чуе: «У-у… у-у…» Працяжна гэдык, глуха. Глянула ўбок — вадзяны бык каля куста. Невысокі, на нізенькіх нагах. А ногі ў яго, як лапы ў жабы. Галава вялікая-вялікая. Быццам калода ці цэбар. Перавярнуўся на спіну і гэтымі нагамі-лапамі па жываце сябе шлёпае: шлёп-шлёп. І крычыць: «У-у… у-у…» Маці казала, што зашлёпаў бы, каб не ўцякла.
— Дык гэта ж лягушка-жарлянка, — здагадаўся я. — Яна гэтак крычыць. Нам пра яе на ўроку заалогіі расказвалі.
— Але, — падхапіла Наташа, — жывот у яе чырвоны, у сініх кропках. Ен атрутнаю сліззю пакрыты. Убачыць жарлянка бусла і на спіну перакочваецца, жывот свой паказвае. Маўляў, не кранай мяне.
— Бабка Тэкля, можа і вам цяпер падалося, як некалі вашай мацеры? — запытаўся Міхась.
— А хто яго ведае, — нечакана прамовіла бабка Тэкля. — У мяне сёння ўсё ў галаве пераблыталася. Пайду свінчо пакармлю. Зусім забылася.
— Бачылі вы яго ці не бачылі?
— Адчапіцеся, саколікі. Сама не ведаю. Бабка Тэкля ўстала і пайшла ў хлеў.
— Ен каля Дворнага Саду выскачыў? — гукнула Наташа.
— Не ведаю. Усё пераблыталася, — пачулі мы ў адказ.
— Чулі? — звярнуўся да мяне і Наташы Міхась. — Са страху бабцы Тэклі здалося, што таго страхалюда ўбачыла.
— Старэнькай бабцы паверылі,— ўздыхнуў я.
Мы хацелі ісці дамоў, але Наташа распачала спрэчку:
— Дык не верыце, што ёсць Эльдарада, што касманаўты ёсць, што бутэлечная пошта ёсць?
— Табе толькі з бабкай Тэкляй сябраваць, — сказаў Міхась Наташы.
Пакрыўдзілася Наташа. Яшчэ як пакрыўдзілася!
— Не верыце? — яна ледзь не плакала. — Я цяпер жа пайду ў Дворны Сад і знайду таго невядомага. Дакажу…