51762.fb2
У гэты момант адчыніліся дзверы. Мы ўбачылі Бабу Ягу.
— Ой! — войкнулі Света і Іра.
— За дзвярамі стаяла. Падслухоўвала, — прамовіў Андрэй.
— Падслухоўвала. Хочаце сваім розумам жыць? Супраць мяне бунтаваць? Зараз пакажу вам яшчэ адзін фокус-мокус.
Баба Яга падскочыла да Пеці Тарасевіча і дзьмухнула на яго са ўсяе сілы:
— Фу-у-у-у…
Пецева галава кіўнулася і быццам сама сабою ўпала на парту. Мы пачулі ў цішы, як ён мерна засоп у нос.
— Спіць! — усклікнула Іра.
А Баба Яга дзьмухнула другі раз, на Свету Мялешка. І Света Мялешка нахілілася да парты і засапла ў нос.
— Хай не хваляцца, што ўсе ўрокі вывучылі, - прамовіла Баба Яга.
А потым… Потым усё адбылося імгненна. Дзіма Клімовіч падбег да класнай дошкі, схапіў мокрую анучку і з крыкам «Бі нячыстую сілу!» шпурнуў у Бабу Ягу.
— Ну, зараз… — працадзіла праз зубы Баба Яга, чамусьці нагінаючыся каля маёй парты.
Я, не доўга думаючы, рэзнуў ёй лінейкаю па ілбе. Баба Яга адскочыла, наставіла рукі, як бы рыхтуючыся кінуцца на мяне.
— Толькі падыдзі! — са страху закрычаў я.
Баба Яга ступіла крок наперад, і тут Дзіма Клімовіч, размахнуўшыся, кінуў у яе футбольным мячом. У самую галаву трапіў. Пругкі мяч адскочыў ад галавы, стукнуўся ў шыбіну. Шыбіна звонка дзынкнула і разляцелася на кавалкі.
— Без нажа зарэзалі! — галёкнула Баба Яга.
— Не давайце ёй ачухацца! Не давайце! — заверашчэў Сяргей Мазоль, кідаючыся на Бабу Ягу з цыркулем.
Баба Яга незвычайна лёгка ўскочыла на падаконнік, з падаконніка скокнула на зямлю і, як сарваўшыся з прывязі, панеслася да школьнай сталовай.
Мы кінуліся да акна і ўбачылі, як яна забегла ў хатку на курыных нагах. Праз хвіліну хатка пакульгала ў лес.
Мы засталіся адны: ні настаўнікаў, ні Бабы Ягі. Пеця Тарасевіч і Света Мялешка соладка спяць. Добра ім, ніякіх думак у галаве. А палове трэцяй усхопяцца і дамоў. А што нам цяпер рабіць? Па пустой школе, як па спячым царстве, сноўдацца? Чамусьці не хочацца. Дамоў ісці? Дома адразу спытаюцца, чаму так ран'а вярнуліся. Давядзецца пра Бабу Ягу казаць, пра тое, што згадзіліся адзнакі наадварот атрымліваць. За гэта дома нас па галоўцы не пагладзяць. Вось як выйшла: і ў школе нам месца няма, і дома.
— Што будзем рабіць? — парушыў маўчанне Дзіма.
— Я лічу, што трэба ў раён пазваніць, — нясмела прамовіла Аня. — Паведамім, што настаўнікі заснулі.
— Не, не, не, — закрычаў Андрэй Налівайка. — Толькі пусці погаласку — з розных канцоў вучоныя з тоўстымі партфелямі панаязджаюць. Яны яшчэ ні разу не бачылі, каб настаўнікі як адзін заснулі. Гэта ж сенсацыя веку! Пабяруць настаўнікаў і павязуць з сабою. Стануць вывучаць, даследаваць. Калі нават і прачнуцца, то не хутка назад адпусцяць. Хто нас будзе вучыць? Закрыюць школу.
— У мяне знаёмы хлопец у горадзе ёсць, — прагаварыў Дзіма. — Ён каратэ займаецца. Пазваню, каб прыехаў. Ён гэтай Бабе Язе раз рукою, раз нагою, і накаўт. Прымусіць, каб настаўнікаў разбудзіла.
— Не кліч каратыста, — сказала Іра. — Баба Яга як дзьмухне, дык ён і засне. Нават нагу не паспее падняць.
— А я так думаю: хай яшчэ крыху паспяць настаўнікі, - азваўся Сяргей Мазоль. — Ім трэба адпачыць. Яны ж не жалезныя.
Вось дык сітуацыя! Куды ні кінь, усюды клін. Завязала Баба Яга вузельчык! Тоненькімі капронавымі ніткамі яго захліснула. Голымі рукамі, як гаворыцца, яго не развяжаш. Лепей дзесяць урокаў адседзець, чым такое. Не ведаю, што рабілі б, калі б не Андрэй Налівайка.
— Не вешайце носа, — гучна сказаў ён. — Трэба нам у лес ісці. Баба Яга, відаць непадалёку схавалася. Яна думае вярнуцца сюды. Усё-ткі цікавіць яе, чым гэты эксперымент закончыцца. Хоча, каб сядзелі склаўшы рукі. А мы самі ў атаку пяройдзем. Знойдзем яе хатку і ката ўкрадзем. Схаваем дзе-небудзь і з ультыматумам да яе. Так і так, нячыстая сіла, мы табе ката аддамо, а ты нашых настаўнікаў разбудзі.
— Не згодзіцца, — прамовіла Іра.
— Згодзіцца, — крыкнуў Дзіма Клімовіч. — Вунь як яна свайго ката шануе!
Дзіма моцна паціснуў Андрэю руку. І я Андрэю руку паціснуў, пахваліў:
— Такіх, як ты, трэба апельсінамі карміць. Вельмі спадабалася мне Андрэева прапанова.
Я даўно марыў у нейкае незвычайнае падарожжа адправіцца. Каб з прыгодамі, каб ажно дух займала! І вось яно, пачынаецца…
— Не пайду ў лес, — падала голас Іра.
— Не йдзі, заставайся ў класе, — кажу ёй. — Баба Яга хутка прытупае.
— Ой! — войкнула Іра. — Пайду.
— Я не пайду, — якнуў Сяргей Мазоль.
Вырашыў і Сяргея напалохаць:
— Сядзі. Баба Яга як дзьмухне, так ты разам з партай у трыдзесятым царстве апынешся.
Анічуць не спалохаўся Сяргей:
— Усё роўна не пайду. Не хочацца. Хай яшчэ крыху настаўнікі паспяць.
Мы яму і так, і гэтак, а ён на сваім стаіць.
— Не пайду. Я Бабы Ягі не баюся.
— Ты хочаш са школы ўцячы, — нарэшце здагадаўся Дзіма Клімовіч. — Я цябе наскрозь бачу. Мы за парог, а ты сабак ганяць. Не выйдзе. Я цябе рамянём да парты прывяжу.
— Няўжо прывяжаш?
— Прывяжу. Ты мяне ведаеш. Я словы на вецер не кідаю.
Уздыхнуў Сяргей:
— Было не было. Пайду…
— Партфелі возьмем, — прапанавала Аня. — Хай Баба Яга думае, што мы дамоў пабеглі, што выйшла, як яна хацела.