51762.fb2 Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 42

Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 42

Старэйшы брат усміхнуўся:

— Адвык я поле араць. Хай другія аруць. У заморскім царстве малодшая царская дачка залезла на пяты ярус у цераме, села на акенца і абвясціла, што той, хто да яе на кані даскочыць, за таго яна замуж пойдзе.

Тут і я не вытрымаў:

— Да царскай дачкі хочаш даскочыць? У цябе сям'я ёсць. Я гэта добра ведаю. Я ўчора казку чытаў.

— Пакінулі яны свае сем'і, - сказаў Іван-прасцяк.

— А ты маўчы! Табе слова не давалі.

Старэйшы брат парнуў Івана кіем у бок.

— Можа, ты скажаш, па якой сцяжынцы ісці? — спытаўся Андрэй у сярэдняга брата.

Той насунуў капялюш на вочы і прагаварыў, не гледзячы на нас:

— На адным хутары жыве дзед. Схадзіце да яго і вазьміце зрэбную торбачку. Гэтая торбачка чароўная. Як пакладзеш перад сабою і скажаш: «Торбачка, раскаціся, раскруціся, дай піцення, дай ядзення», — дык адразу ўсё будзе. А як наясіся і скажаш: «Торбачка, скаціся, скруціся, піценне, ядзенне, згарніся», — і торбачка зноў стане такой, як была.

Вось гэта дык браты! Адзін за другога разумнейшы! Гульма гуляюць, лёгкага хлеба шукаюць. Іх каб да нас, у вёску. Там навучылі б, як працаваць.

— Пасылаеш, каб ад дзеда торбачку адабралі? — усклікнуў Дзіма Клімовіч. — Той дзед усё жыццё працаваў, поле араў. Ён заслужыў торбачку, ён цяпер на пенсіі. І вы папрацуйце. Будзе ў вас свая торбачка. І напоіць яна вас, і накорміць.

— Што з імі размаўляць, — кажу. — Такія зімою лёду пашкадуюць. Пайшлі куды-небудзь.

— Не куды-небудзь, а прама ідзіце, — азваўся Іван-прасцяк. — Там Баба Яга жыве.

— Дзякую, — сказаў я. — Свет не без добрых людзей.

А старэйшы брат зноў кіем Івана ў бок.

— Прасцяк і ёсць прасцяк. Хто цябе за язык цягнуў?

Іван адышоўся ўбок і заіграў на дудцы.

— Ты ім не вер, — сказаў Івану Андрэй. — Яны цябе прададуць і грошы палічаць.

- Ідзіце, пакуль не паказаў дзе ракі зімуюць, — агрызнуўся старэйшы брат.

— Каб вас Баба Яга ўсіх у печ пасаджала! — пажадаў на развітанне сярэдні брат.

СУСТРЭЧА З ЦМОКАМ — ПУДЗІЛАМ ПАГАНЫМ

Ідзем па сцежцы, смяемся, жартуем. Вельмі здзівілі нас два браты: старэйшы і сярэдні. Такіх тыпаў яшчэ ніколі не страчалі. Як у нас у вёсцы заведзена? Сусед суседу дапаможа і сена прывезці, і агарод узараць. А дарогу паказаць? Любы пакажа, толькі спытайся. Нездарма прыказку прыдумалі: язык і да Кіева давядзе.

Насмяшылі яны нас. Нават Іра і тая павесялела.

— Гэтых братоў-лайдакоў каб у музей паставіць, — сказала яна. — Каб прыходзілі людзі і дзівіліся.

— Такія без карысці і палец у ваду не абмочаць, — дадаў Дзіма.

— Бародамі па самыя вушы зараслі, а царэўну шукаюць, — засмяяўся Андрэй. — Зусім здзяцінелі.

— Невядома, з кім яшчэ сустрэнемся, — азваўся Сяргей. — Каб хоць з чалавекам. А то вылезе якое страшыдла лупатае. У гэтых казках усякая ўсячына ёсць.

Толькі прамовіў ён так, чуем: крычыць хтосьці ззаду:

— Стойце! Стойце!

Азірнуліся. Сапраўды, страшыдла лупатае ляціць, даганяе нас. Валасы ў яго, як кудзеля нячэсаная, вусы рэдкія, як у ката, тырчаць.

— Баюся, — заплакала Іра.

Хоць і ў самога як іголкамі ў пяты кальнула, але вырашыў супакоіць яе:

— Не бойся. Гэта Цмок з казкі «Пакацігарошак». У яго жалезны язык.

Лепей не ўспамінаў бы пра жалезны язык. Яшчэ мацней заплакала Іра.

— Баюся. Ён паб'е нас жалезным языком.

— Не плач, — кажу. — Гэты Цмок хоць і дужы, але розуму мае на адну столку. Ён ніколі ў школе не вучыўся. Мы яго вакол пальца абвядзём.

— Ён, відаць, прымусіць нас жалезны боб есці, - прагаварыў Андрэй Налівайка. — У каго ёсць цукеркі?

— У мяне, — выцерла слёзы Іра. — У партфелі ляжаць. Мятныя. Нават кавалачак цукру ўзяла. Ты хочаш Цмока пачаставаць? Каб не чапаў нас?

— Хай пакуль паляжаць. Цмоку і жалезнага бобу хопіць.

Мы здагадаліся, што Андрэй нешта такое прыдумаў, каб Цмока — пудзіла паганае — перахітрыць. Ды пытацца пра гэта не было калі. Цмок падляцеў да нас і радасна закрычаў:

— Я чалавечы дух за сто вёрст чую. Хадзем да мяне.

— Пусціце нас, дзядуля, — звярнулася да Цмока Аня. — Мы спяшаемся.

«І ў Ані душа ў пятках сядзіць, — падумаў я. — Цмока — пудзіла паганае — дзядулем называе. Вось да чаго дайшло!»

— Хадзем, — лыпнуў вачамі Цмок. — Я блізка жыву. Я вас доўга не пратрымаю. Магчыма, сто гадоў. Магчыма, крыху болей.

На сто гадоў да сябе запрашае… Лічыць, што нядоўга гэта. Жартаўнік…

Цмок збочыў з дарожкі, і мы пасунуліся за ім. А што было рабіць? Не згаджацца? У паганага Цмока сіла нечалавечая. Памятаеце, як з Пакацігарошкам дужаўся? «Дзьмухнуў ён — стаў медны ток». Калі б не згадзіліся, то ён нас адным пальцам за вуха ды на сонейка. З нячыстай сілай жарты кепскія.

Мы думалі, што Цмок прывядзе нас да дзівоснага палаца, у якім казачныя багацці ўбачым. Але ж не. Ні палаца, ні казачных багаццяў, як пазней даведаліся, у Цмока не было.

На лясной паляне сіратліва стаяў будан, зроблены з жэрдак, лісця, травы. Непадалёку гарэла цяпельца. У закопчаным чыгунку, які стаяў проста на вуголлях, булькатала вада.

— Вось тут я жыву, — паказаў Цмок рукою на будан.

— Ды ў нас куратнікі лепшыя робяць, — не вытрымаў Сяргей Мазоль.