51762.fb2 Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 43

Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 43

— Быў у мяне калісьці палац. З чалавечых касцей збудаваны, чалавечымі касцямі пакрыты… Пакацігарошак яго разбурыў.

Цмок скрывіўся, як з'еўшы чагосьці горкага-горкага.

— Дом сабе пабудаваў бы, — кажу. — З бярвення. У лесе жывеш.

— Вы мне пабудуеце.

«Яшчэ адзін прывык на дарэмшчыну жыць», — думаю.

— Не ўмеем мы палацаў будаваць.

— Нічога. За сто гадоў чаму-небудзь навучыцеся.

— Пан Цмок, — прагаварыў Андрэй, — чаму нас жалезным бобам не частуеш? Мы з дарогі, прагаладаліся.

Я няласкава зірнуў на Андрэя. Бач, жалезнага бобу яму захацелася. Цікава: як ён есці той боб будзе? Грызці ці цалкам глытаць?

З-пад ядлоўцавага куста Цмок выцягнуў драўляную міску з жалезным бобам, жменяю зачарпнуў і ў рот насыпаў.

«Хрумсь, хрумсь» — затрашчаў жалезны боб.

Цмок скрывіўся:

— Зуб баліць. Болей не хачу. Частуйцеся.

— А ў нас свой боб ёсць, — сказаў Андрэй. — Яшчэ цвярдзейшы.

Ён расшпіліў Ірын партфель, дастаў адтуль драбок цукру, цукеркі, высыпаў сабе ў кішэню, а потым пачаў вымаць па адной і есці. Мятныя цукеркі хрумсцелі на зубах у Андрэя, як жалезны боб.

У Цмока вочы на лоб палезлі.

- І зубы табе не баляць?

— Не-а. Я такога бобу магу цэлую скрынку з'есці.

Цмок раптам усхапіўся і палез у будан. Глядзім — цягне перад сабою драўляную скрынку. А ў той скрынцы розныя гайкі ляжаць.

— Во, — пахваліўся. — Знайшоў на дарозе.

Я ажно здрыгануўся. Няўжо прымусіць нас гайкі есці?

Таго б сюды, хто гэту скрынку згубіў. Хай хрумстаў бы па адной.

— Я іх на запас трымаю, буду есці, калі зуб перастане, — сказаў Цмок. — Бобу зусім мала засталося.

Мы з палёгкаю ўздыхнулі. «Еш на здароўе, — думаю. — Можа, трактарам станеш».

А Цмок, паставіўшы скрынку, зноў палез у будан. На гэты раз вялізную сукаватую калоду выкаціў.

— Калі хто-небудзь з вас без сякеры яе пасячэ, без агню спаліць, тады ўсіх дамоў адпушчу, — заяўляе.

— А ты пасячэш без сякеры, без агню спаліш? — смела спытаўся Андрэй.

— Я цар лясны. Я толькі мезеным пальцам да яе дакрануся, дык яна рассыплецца на дробныя трэскі. А як дзьмухну, дык ад трэсак і пылу не астанецца.

— Гэта яшчэ віламі па вадзе пісана, — сказаў Андрэй. — А вось мне дык і дзьмухаць не трэба. Глядзі, што з тваёй калодай магу зрабіць.

Андрэй дастаў з кішэні драбок цукру, зняў з цяпельца гаршчок, крыху пачакаў і кінуў цукар у гарачую ваду.

Цмок нахіліўся над чыгунком.

— Знікае! — крыкнуў. — Знікае!

Мы здагадаліся, што цукар растае ў гарачай вадзе. Гэткага цуда Цмок яшчэ ніколі не бачыў.

— Няхай ведае нашых! — усміхнуўся Андрэй.

Нарэшце Цмок адышоўся ад гаршчка і прапанаваў:

— Давайце падужаемся.

Андрэй пачасаў галаву. Пэўна, не чакаў гэткага.

— Хлопцы, што рабіць? — прашаптаў. — Ён нас у парашок сатрэ і па ветры развее.

— Кінемся знянацку, за ногі ўчэпімся і пакоцім, — кажу паціхеньку.

А Цмок закасаў рукавы, дужацца сабраўся.

— Пан Цмок, ты спачатку з нашым малодшым братам падужайся, — нечакана прапанаваў Дзіма, паказваючы на футбольны мяч. — Толькі не рукамі з ім дужайся, а нагамі.

Дзіма падкінуў мяч угору і стаў падбіваць яго нагамі, не даючы апусціцца на зямлю.

— Бачыш, як паслухмяна брат у мяне скача? — Паспрабуй і ты так.

Дзіма моцна стукнуў па мячы, і мяч высока-высока паляцеў угору. Цмок падняў нагу, чакаючы, калі мяч апусціцца. І, калі мяч падаў на зямлю, са ўсяе сілы махнуў нагою. Нага прасвістала каля мяча, і Цмок грукнуўся на спіну.

— Ой-ё-ёй! — заенчыў. — Баліць!

— Так можна і нагу адарваць, — пырснула са смеху Аня.

«Падпілавалі рогі, - думаю. — Болей не захоча дужацца».

Напэўна, так і было б, калі б Сяргей Мазоль Цмока не падцкаваў:

— Цар лясны, наш малодшы брат цябе пакрыўдзіў. Трэсні яму па ілбе. Другою нагою.

Твар у Цмока наліўся чырванню.