51762.fb2 Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 45

Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 45

— Зараз мы напоім, — сказаў Дзіма. — Вы адпачніце.

Барадаты работнік усміхнуўся:

— За гэта вялікае дзякуй скажам.

Не спадабалася мне, што Дзіма згадзіўся ваду насіць.

«Выскачыў як Піліп з канапель, — думаю. — Так мы і да ночы Бабу Ягу не знойдзем».

Пакуль я гэтак разважаў, Дзіма скамандаваў:

— Ланцужком станавіцеся. У шапку не спаць. Каб без затрымкі ваду адзін аднаму перадавалі.

Дзіма стаў каля ручая, за ім — Іра, потым — Андрэй, далей — Сяргей і нарэшце я. Мне выпала каля самага льва стаяць.

— Калі ўволю вады не дасі, то я цябе за нагу ўкушу, — сказаў чалавечым голасам леў.

У мяне пот на ілбе выступіў. Што ж рабіць? Укусіць, гэтая звяруга ўкусіць. Адным вядром яго не напоіш.

— Пачынаем, — крыкнуў Дзіма.

— Пачакай! — галёкнуў я. — Аднаго вядра мала. Трэба яшчэ два. Хутчэй будзе.

— Можна і тры, — азваўся барадаты работнік. — У нас вёдзер хапае.

Ён выцягнуў з куста тры вядры і аддаў Дзіму. Дзіма зачэрпнуў ваду і перадаў Іры, Іра — Андрэю, Андрэй — Ані, Аня — Сяргею і Сяргей — мне.

— Пі, - паставіў я вядро.

Леў пацягнуў ротам і адразу выжлукціў паўвядра, другі раз пацягнуў — да кропелькі асушыў. Скасавурыў вочы:

— Мала.

— Бяры, — падаў Сяргей другое вядро.

— Пустое забяры, — напомніў я.

Леў зноў два разы пацягнуў ротам, забарабаніў хвастом па студні:

— Мала.

Добра, што трэцяе вядро Сяргей падаў. Інакш укусіў бы мяне леў за нагу.

— Пі, халера на цябе.

— А ты не лайся, — сказаў леў і імгненна выжлукціў ваду.

У мяне рукі анямелі гэтыя вёдры без перадыху падаваць, а леў п'е і з мяне вачэй не зводзіць.

— Вось гэта прорва, — выцер пот з ілба Сяргей. — Лье, як у бочку.

— Як у цыстэрну, — паправіў я Сяргея.

Цяжка сказаць, колькі вёдзер вады ён выпіў. Я спачатку лічыў. Да двухсот далічыў, а потым заблытаўся. Дый не дзіва. У мяне кругі перад вачамі пайшлі. Але і леў, заўважыў, стаў памалей піць. Абрадаваўся я, гукаю:

— Хутчэй, хутчэй! Ён здаецца.

Добра, што закрычаў. У маіх сяброў адразу сілы прыбавілася. Ажно замільгалі вёдры ў руках. А леў паціхеньку мне:

— Дай адпачыць. Будзь чалавекам. Я табе падару што-небудзь.

— Не падлізвайся, — кажу. — Мы не збіраемся тут тысячу гадоў сядзець.

— Мы цябе так напоім, што лопнеш, — буркнуў Сяргей.

Упаў леў на бок, хвост адкінуў:

— Усё. Болей не хачу.

Работнікі да нас падбеглі, акружылі, рукі паціскаюць, віншуюць. Быццам на свята якое.

— Далі вы яму жару!

— Вунь які жывот пругкі! Ледзьве дыхае.

— Мы тысячу гадоў поім, ніяк не напоім.

— Працуй дружна — не будзе грузна, — кажу работнікам.

А Дзіма:

— Тысячу гадоў лапцем ваду ад берага адганялі. Думаеце, што людзям дапамагалі? Абманула вас Баба Яга. Цяпер хваробы дактары лечаць. Лепей зямлю аралі б, хлеб сеялі б.

— Няўжо абманула? — не паверыў барадаты работнік.

— Яна не толькі вас, але і нас абманула, — сказала Аня. — Шукаем яе, каб правучыць.

— Мы і самі думалі, што пустое робім, — прагаварыў барадаты работнік. — Абрыдла нам гэтая работа. Ну проста самі рукі апускаліся. Але сумленне не дазваляла пакідаць. Абнасіліся, на вераб'іных харчах сядзім. І дома хлеб з мякінаю ядуць. Дамоў пойдзем. Поле ўзаром, збажыну пасеем, пірагоў напячэм, вас у госці запросім.

— А я куды? — зароў леў.

— У лес ідзі, - параіла Іра.

— Дванаццаццю ланцугамі я прыкуты. Не бачыце? Цар лясны — Цмок мяне прыкаваў.

Да студні падышоў Дзіма, пакратаў ланцугі.

— Э-э-э-э, ды яны даўно паржавелі. Гнілыя. Зараз мы цябе раскуём. Молат у вас ёсць? — спытаўся ён у работнікаў.