51762.fb2
— Мне яго, напэўна, не падняць, — вінавата ўсміхнуўся Дзіма.
— А я сам раскую, — сказаў барадаты работнік. — Я калісьці ў кузні для асілкаў паліцы каваў. На дванаццаць пудоў і болей.
Барадаты работнік размахнуўся з-за пляча і гахнуў раз, другі. Леў са страху ажно на зямлю прысеў. Але і гнілыя ланцугі на кавалкі рассыпаліся.
— Вось і ўсё, — прамовіў барадаты работнік. — Бяжы ў лес, цар звяроў.
Пачасаў леў лапаю за вухам:
— Не хачу ў лес. Не прывык я ў лесе жыць. Загіну там. Я прывык, каб мяне паілі, каб кармілі.
— Вось да чаго цябе Баба Яга давяла! — паспачувала Іра.
— Што мне цяпер рабіць? Лепей я на ланцугах сядзеў бы.
Бываюць жа такія дзівакі на свеце. Яго з путаў вызвалілі, а ён зноў у путы просіцца.
— Ды не скуголь ты! — з пагардаю прамовіў Дзіма. — Табе трэба было катом нарадзіцца.
Шкада мне стала гэтага няшчаснага льва. Я вырашыў дапамагчы яму.
— Ты куляцца ўмееш? — пытаюся. Леў махнуў галавою:
— Умею.
- І танцаваць умееш?
— Умею. Навучылі работнікі.
— А пераскочыць праз вогнішча зможаш?
— Змагу.
— А дзецям лапу будзеш падаваць?
— Буду.
— Тады ў цырк ідзі. У цырку з такімі задаткамі цябе з рукамі… Не, з нагамі адарвуць, — паправіўся я.
- І накормяць мяне, і напояць?
Я ўсміхнуўся:
- І накормяць, і напояць. Вядома, поседам сядзець, як тут, не будзеш. Давядзецца на арэне выступаць. Ідзі ўверх па гэтай сцяжынцы. Як выйдзеш з лесу, табе кожны хлопчык і кожная дзяўчынка скажа, дзе цырк знаходзіцца. Зразумеў?
— Усё зразумеў, - адказаў леў.
Мы развіталіся з ім, потым паціснулі ўсім работнікам рукі і разышліся. Леў паклыпаў па сцяжынцы ўверх, мы пайшлі налева, а работнікі падаліся дамоў: поле араць.
Ідзем няспешна і бачым: сядзіць каля сцежкі хлопец і на скрыпцы іграе. Сам прыгожы: ружовашчокі, светлавалосы. На вышыванай сарочцы васількі цвітуць. А скрыпка, быццам жывая, гаворыць. Дрэвы і кусты замерлі — лістком не варухнуць, хмаркі на небе прыпыніліся — слухаюць, зайка каля елачкі прысеў, вушы натапырыў.
— Дзівосы, дый толькі, - прагаварыў Андрэй Налівайка. — Дзе ён так іграць навучыўся?
— У музычнай школе, — сказаў Сяргей Мазоль. — Уцёк адтуль, бо надакучыла. Цяпер па лесе ходзіць, іграе.
— Вярзеш абы-што, — з папрокам прамовіла Іра. — Гэта ж музыка-чарадзей.
Так, цяпер і мы здагадаліся, што гэты незвычайны хлопец — казачны музыка-чарадзей, які па свеце ходзіць, добрых людзей весяліць, а ліхім панам без нажа сэрца рэжа.
Заўважыў нас музыка-чарадзей, устаў, павітаўся:
— Дзень добры. Хто вы і адкуль, дазвольце пацікавіцца?
- Ідзем мы з-за зялёных лясоў, - неяк па-казачнаму пачала Аня. — Бабу Ягу шукаем. Хочам правучыць яе, каб зла добрым людзям не рабіла.
— Тваімі вуснамі толькі мёд піць, — сказаў музыка-чарадзей.
Як зарагоча Сяргей Мазоль:
— Ха-ха-ха… Мёд піць… Ха-ха-ха… Яе вуснамі мёд піць…
Дзіма Клімовіч Сяргею кулаком у бок:
— Сціхні. А Сяргей:
— Ха-ха-ха… Дзіўна ён гаворыць… Ха-ха-ха…
— Перакладчык табе патрэбен? — прашаптаў са злосцю Андрэй Налівайка. — Спадабалася яму, што мы Бабу Ягу шукаем. Вось і гаворыць.
— Спадабалася, што Бабу Ягу шукаем… Ха-ха-ха…
Яшчэ болей рассмяшыў Сяргея. Ажно прысеў ён, рагочучы.
— Сціхні. Каму кажу? Вось як дам нагою, дык на хвойку заскочыш, — прагаварыў Дзіма.
Нарэшце дайшло да Сяргея. Адразу перастаў смяяцца. Як вады ў рот набраў.
Падышоў да яго музыка-чарадзей, пацікавіўся:
— Чаму ты так звонка смяяўся?
— Ён радаваўся, што цябе, музыку-чарадзея, сустрэў, - апярэдзіў Сяргея Андрэй Налівайка.
— У небяспечную дарогу вы выправіліся, — прагаварыў музыка-чарадзей. — Трэба і мне з вамі пайсці. Магчыма, мая дапамога спатрэбіцца.
А Сяргея як хто за язык пацягнуў: