51762.fb2
— Паказаць? — пытаецца музыка-чарадзей.
— Пакажы.
Узняў музыка-чарадзей скрыпку і рэзнуў полечку. Я адчуў, што мае ногі быццам самі сабою заскакалі. Схапіўся за калені, каб стрымаць, а яны ўсё роўна скачуць. «Дзе маё ні прападала», — думаю. І давай нагамі перабіраць. А затым і спяваць пачаў:
Думаеце, што так толькі са мною сталася? Я хоць адзін танцаваў. А вось Сяргей дык Іру падхапіў і давай каленцы выкідваць. Дый частушку завёў, нават цікавейшую, чым я:
А побач Андрэй Аню круціць, спявае:
Дзіму, як і мне, не дасталася пары. Дык ён адзін упрысядкі пусціўся.
Іграе музыка-чарадзей, а мы танцуем, як ашалелыя. Каб хто гэта на відэамагнітафон запісаў і ў школе паказаў, то ўся школа ад смеху покатам качалася б.
Нарэшце зжаліўся над намі музыка-чарадзей, скончыў іграць. Мы, вядома, адразу танцаваць пакінулі. Сорамна нам стала! Так сорамна, што хоць скрозь зямлю праваліся.
— Бачылі, што можа мая скрыпачка? — смяецца музыка-чарадзей.
Дзіма таўхануў Сяргея локцем у бок:
— Усё з-за цябе.
Маўчыць Сяргей. Як язык праглынуў.
— Вы хоць у школе пра гэтыя танцы не расказвайце, — шэпча Андрэй Налівайка. — Згарым ад сораму.
А Іра, відаць, знарок, каб пазлавалі:
— Я скажу, каб вас у танцавальны гурток запісалі.
— Хадзем, — буркнуў Дзіма. — Не на танцпляцоўку прыйшлі.
Апусціўшы вочы, мы пацягнуліся па сцяжынцы.
Прайшлі сто метраў, не болей — насустрач дзядок тупае. Тоўсценькі, кругленькі, як мячык. На галаве ў яго залатая карона, а на кароне каштоўныя камяні гараць, пераліваюцца. Пад пахаю вялізную кнігу трымае.
- І цар-чараўнік тут! — усклікнуў музыка-чарадзей. — Зараз прапануе вам у хованкі пагуляць.
— Гэты цар з казкі «Сіняя світа налева пашыта»? — пытаюся.
— Адтуль. Перахітрыў дзяцюк Сіняя світа цара-чараўніка. Памятаеце? Птушка Нагай яму дапамагала. Перакінула яго ў пярынку, узяла пад крыло, занесла ў царскі палац і палажыла соннаму цару за пазуху. І сам цар шукаў Сінюю світу, і ягоныя слугі шукалі, ды не знайшлі.
- І тады цар адпісаў яму сваю палавіну царства?
— Спачатку адпісаў, а пасля адабраў. Вы лепей не звязвайцеся з ім.
Падбег цар-чараўнік да нас і адразу:
— Давайце ў хованкі гуляць.
— Некалі нам, — прагаварыў Дзіма.
А цар яму паперку пад нос суне.
— Распішыся.
— Я зусім пісаць не ўмею, — схлусіў Дзіма.
— А ты крыжык пастаў. Калі схаваецеся ад мяне — паўцарства вам, а не — галава з плеч. Пастаў крыжык.
— Не патрэбна нам вашае паўцарства, — азвалася Аня. — Ідзіце сваёю дарогаю.
Цар-чараўнік ажно плячамі перацепнуў.
— Няўжо не патрэбна?
— Не па-трэб-на! — крыкнулі разам.
Думалі, што цяпер адчэпіцца ад нас, што, як казала Аня, пойдзе сваёю дарогаю. Ды памыліліся.
Цар-чараўнік нечакана заплакаў. Вялікія, як боб, слёзы каціліся па яго шчоках, мачылі бараду.
— Не шкадуеце вы мяне. Старога чалавека не шкадуеце, пакрыўдзілі. Вы кепскія. Вельмі кепскія.
«Вырашыў слязьмі праняць, — здагадаўся я. — Не скокам, так бокам. Хітры гэты дзядок, ой хітры! З ім трэба востра вуха трымаць». Хацеў я папярэдзіць сяброў, каб не паддаваліся на яго хітрыкі, ды Аня ні ў пяць ні ў дзесяць:
— Давайце пагуляем. Толькі не плачце.
У цара-чараўніка адразу слёзы высахлі, твар ажно засвяціўся ад шчасця.
Дастаў з кішэні гусінае пяро:
— Распішыся.
Мы думалі, што Аня перавядзе на жарт, і на гэтым усё скончыцца. А яна паважна, як які прафесар, узяла гусінае пяро і распісалася. Цар-чараўнік ажно падскочыў ад радасці.
— Ад мяне Сіняя світа хаваўся. Ён стаяў перада мною добрым малайцом, па двары бег чорным собалем, пад вароты бег белым гарнастаем, па полі бег шэрым зайцам. Забег на вялікі луг у трыдзевятае царства і перакінуўся ў тры кветкі розных колераў, але яго я знайшоў. У другі раз забег за трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства, перакінуўся ў рыбу-акуня і схаваўся ў мохавым балоце — і там яго знайшоў. Вы ад мяне таксама не схаваецеся. Бачыце чароўную кнігу? — цар-чараўнік паказаў на тую вялізную кнігу, якую трымаў пад пахаю. — Гэтая кніга ўсё-ўсё ведае. Яна мне ўсё-ўсё раскажа. Што ж будзе? Як думаеце?
— Крыху пагуляем і разыдземся, — сказаў Сяргей.
Цар тоненька захіхікаў:
— Галовы вам паадсякаю.
Ну й дзядок! Ну й пярэварацень! Спачатку слязьмі заліваўся, а цяпер на сёмым небе ад радасці. І навошта мы спыніліся? Хай бы сам ад сябе і хаваўся. Усё з-за Ані. Пагуляць ёй захацелася…
Цар-чараўнік гучна шчоўкнуў пальцамі, пацёр рукі.