51762.fb2
Я хацеў бегчы ў лес, знайсці там якое дупло, залезці ў яго, да самай ночы не вылазіць. Дзіма, Андрэй і Іра таксама, заўважыў, нарыхтаваліся навастрыць лыжы. Галава з плеч — гэта не жартачкі. Але Аня спыніла нас:
— Пачакайце. Не разбягайцеся.
Яна расшпіліла партфель, дастала тэрмас. «Апошні раз хоча чаем напаіць», — нявесела падумаў я.
— Я з ручая вады набрала. Запас бяды не чыніць, — чамусьці пахвалілася, адкруціўшы крышку.
— Жывой вады? — ажно напяўся цар-чараўнік.
— Звычайнай, — усміхнулася. — А пасля пытаецца ў нас:
— Хлопчыкі, у каго сцізорык з сабою ёсць?
— У мяне, — прамовіў Андрэй.
— Зрэж, калі ласка, бярозавую галінку.
Паціснуўшы плячамі, Андрэй падышоў да маладзенькай бярозкі, коса зрэзаў галінку, падаў Ані.
Мы не разумелі, навошта ёй гэтая галінка спатрэбілася. Цара-чараўніка галінкаю па спіне пасцёбаць, каб глупствам не займаўся? Дык для яго трэба было б не галінку зрэзаць, а добрую ляшчыну. Каб скура пісягамі пакрылася. Інакш не дойдзе да яго.
Аня ўзяла галінку, зрэзаным канцом апусціла ў тэрмас з вадою, крыху патрымала і асцярожна выняла.
— Глядзі, - паказала цару-чараўніку. — На зрэзаным канцы кропелька.
— Кропелька, — шмаргануў носам цар.
— А хутка кропелькі не стане. Знікне. Ты хацеў, каб мы схаваліся. Спачатку адгадай, куды кропелька схаваецца. Згодны?
— Згодны. Гэта я і без чароўнай кнігі адгадаю.
Цар-чараўнік, не зводзячы вачэй, пазіраў на кропельку, якая крышталікамі пералівалася на сонцы.
Нечакана кропелька знікла.
— Дзе яна? — усклікнуў цар-чараўнік.
— Шукай, — сказала Аня. — Сам гульню прыдумаў.
Цар-чараўнік выхапіў з Аніных рук галінку, стаў хутка-хутка круціць яе.
- І тут няма. І тут няма. Куды падзелася кропелька?
Схамянуўшыся, разгарнуў кнігу, паклаў на траву і, укленчыўшы, пачаў чытаць, смешна, як заяц, перабіраючы губамі.
Устаў, як збянтэжаны Саўка.
— Пра кроплю ў чароўнай кнізе не напісана. Яшчэ раз апусці.
— Можна яшчэ раз.
Цяпер цар-чараўнік кроплю далонямі закрыў. Напэўна, каб у бяздоннае неба не паляцела.
— Няма! — крыкнуў. — Зноў знікла. Дзе ж яна?
— Здаешся? — спыталася Аня.
Цар-чараўнік сарваў з галавы карону, кінуў вобзем.
— Прапала кароўка — хай прападае і вяроўка. Прыйдзецца аддаць гэтым злыдням паўцарства! І чароўная кніга мне не дапамагла.
— Супакойся, — сказала яму Аня. — Тваё паўцарства хай у цябе застаецца. На чароўную кнігу спадзяваўся? Законы прыроды трэба ведаць. Фізіку. Перад фізікай твая чароўная кніга нішто. Хочаш даведацца, дзе кропля? Няма яе.
— Зусім няма? — не паверыў цар-чараўнік.
— Зусім няма. Яе паглынулі капіляры дрэва, а потым па гэтых капілярах вада паднялася да лісцяў і выпарылася ў прастору.
— Давай яшчэ ў што-небудзь пагуляем, — прапанаваў цар-чараўнік.
— Мае загадкі адгадай, — сказала Аня.
Цар-чараўнік сеў на траву, скрыжаваўшы ногі:
— Загадвай.
— Якое значэнне маюць пругкія валаскі на падэшвах ног зайца?
— Яны ў яго, каб іголкі ў падэшвы не калоліся, — хуценька адказаў цар-чараўнік.
— Пругкія валаскі аслабляюць сілу ўдара ў час скачка.
Цар-чараўнік пачасаў бараду, скрывіўся:
— Яшчэ загадвай.
— Для чаго лісе патрэбен вялікі хвост?
— Каб зімою сляды за сабою замятаць.
— Не так. Хвост дапамагае лісе рэзка паварочвацца. Ён у яе быццам паветраны руль.
— Яшчэ адну.
«Вось ліпучка, — падумаў я. — Трэба ўцякаць ад яго. Ён тут нас да самага вечару пратрымае».
— Чаму пялёсткі руж нават пасля моцнага дажджу застаюцца заўсёды сухімі? — спыталася Аня.