51762.fb2
Сеўшы пад дрэвамі, мы пачалі старанна вучыць урокі. Прайшло колькі хвілін. Глядзім — Сяргей носам клюе. Нездарма пра такіх, як ён, кажуць: спіць над кнігаю.
— Прачніся, — таўханула ў плячо Іра.
Сяргей узняў галаву, пазяхнуў:
— Не лезе навука ў галаву.
— Улезе, — сказала Аня. — Ты вучы старанна.
— Усё роўна нічога не выйдзе з гэтай задумы.
— Чаму не выйдзе?
— А Света Мялешка і Пеця Тарасевіч у класе спяць.
— Яны вывучылі. Забыўся, як хваліліся? Таму Баба Яга і дзьмухнула на іх, каб заснулі. Са злосці.
— Што ж, трэба вучыць, — згадзіўся Сяргей.
Цяпер Іра побач з ім села. Адно ён вочы заплюшчыць, а яна яму кулачком у бок. І, ведаеце, дапамагло. Раптам чуем — пошчак пайшоў па лесе, лісцікі, травінкі-былінкі здрыгануліся.
— Ура! — крыкнуў Андрэй Налівайка. — Баба Яга ў балота правалілася.
— Ура! — крыкнулі мы за ім.
Падхапіліся і бягом па сцяжынцы. Глядзім — ускраек засвяціўся. Мы з усіх ног — наша школа стаіць, а каля школы дырэктар Анатоль Лукіч. Непадалёку, на лаўцы, Ігар Аляксеевіч і Іна Аляксандраўна сядзяць, размаўляюць аб чымсьці.
— Дык мы каля самай школы былі, - здзівіўся Дзіма.
— Казка. У казках усякае бывае, — кажу яму.
— Бяжым! Ужо, напэўна, званок празвінеў, - захвалявалася Аня.
Мы дружна выбеглі з лесу.
— А вы чаму спазніліся? — спыніў нас каля дзвярэй Анатоль Лукіч.
— Ён нічога не ведае, — прашаптаў Андрэй. — Расказаць?
— Не трэба, — прыціснула палец да вуснаў Аня.
- Ігар Аляксеевіч! Іна Аляксандраўна! — паклікаў Анатоль Лукіч. — І вы на ўрок ідзіце.
Усміхнуўшыся, мы пабеглі ў клас.
Пасля таго як мы сустрэліся з казачнымі героямі, прайшоў тыдзень. Ні слова анікому пра гэта ніводзін з нас не сказаў. Праўда, у Сяргея Мазаля язык свярбеў. Вельмі хацелася яму пахваліцца, хацелася, каб даведаліся, які ён смелы і дасціпны. «Я раскажу, я раскажу», — штодзень бубніў пад нос. Нарэшце Іра Кавалевіч не вытрымала: «І пра тое, што пад скрыпку музыкі-чарадзея танцаваў, таксама раскажаш?» Сяргей адразу як язык прыкусіў. І да ўрокаў стаў рыхтавацца. Мы таксама стараліся, падручнікаў з рук не выпускалі. Чаму так змяніліся, спытаецеся? Усё-такі страшнавата было. А што, калі зноў які нячысцік у школу завітае? Невядома, што на гэты раз прыдумае. Прыблізна так разважаў цяпер кожны з нас.
Але на гэтым казачная гісторыя не закончылася. Вось як пачаліся новыя прыгоды.
У суботу я прыбег са школы, партфель, як звычайна, пад стол. Няхай паляжыць да нядзелі, яму таксама патрэбен нейкі адпачынак.
— Мама, — крычу, — есці давай. Галодны. Зубы аж ляскаюць.
Мама чамусьці на дыбачках падышла да дзвярэй, зачыніла іх на зашчапку. А твар у яе нейкі не такі, як заўсёды: ці то кіслы, ці то пахмурны. Не разабраць адразу.
Я спачатку падумаў, што з татам пасварылася. У іх часам такое здараецца: зранку пасварацца, а вечарам мірацца.
— Што сёння варыла? — гучна пытаюся.
А мама:
— Цішэй!
І такімі спалоханымі вачамі глядзіць на мяне! Такімі спалоханымі, што перадаць немагчыма. Мне ажно не па сабе стала.
— Мама, што здарылася?
Я адчуў, як міжволі задрыжаў мой голас. Мама прыціснула палец да вуснаў:
— Цішэй. Ён пачуе. Зноў сюды прыпрэцца.
Твар у мяне, напэўна, стаў круглы, як мяч, бо я спачатку набраў у рот паветра, а ўжо пасля выдыхнуў:
— Хто прыпрэцца?
— Ён, — ледзь не са стогнам вымавіла мама.
— Хто ён? — пытаюся, ледзь-ледзь варушачы вуснамі.
— Шар-ла-тан, — па складах прамовіла мама.
— Шарлатан? — перапытваю, чамусьці пазіраючы пад стол.
— Але, шарлатан, абманшчык, па-іншаму, — стала хутка-хутка тлумачыць мама. У яе быццам другое дыханне з'явілася. — Ён спачатку да бабкі Веркі трапіў, пытаўся, у якой хаце школьнікі ёсць. Бабка Верка да нас яго накіравала. Прыходзіла нядаўна. Ці быў, пыталася. Ой, і напалохалася яна! Дый у мяне яшчэ ногі дрыжаць, да сябе не дайду.
Я глядзеў на маму шырока раскрытымі вачамі. Цікава завязка пачынаецца. Вельмі цікава. Нейкі махляр, прыблуда ў нашай вёсцы з'явіўся. Цікавіўся, дзе школьнікі жывуць. Чаму так? Чаму?
Мне вельмі захацелася знайсці яго, паназіраць за ім: здалёку, непрыкметна, як гэта робяць дэтэктывы ў прыгодніцкіх фільмах.
— Мама, а які ён? У што апрануты? — пытаюся, ціснучыся да дзвярэй.
— Не пушчу! І за парог не пушчу! — замахала рукамі мама, адпіхваючы мяне. — Дома сядзі.
— Ну, буду сядзець, — згаджаюся неахвотна. — А ўсё-ткі: які ён?
— Дзіўны, — коратка адказала мама.