51762.fb2
— Дзіма, мяне мама па таблеткі паслала, — прызнаўся сябру. — Як потым ёй у вочы пагляджу.
Дзіма пачасаў патыліцу:
— Так, складаная сітуацыя…
— Дык я пабягу па таблеткі, а пасля назад. Я хутка. Адна нага тут, другая там.
— Невядома, ці адпусціць цябе маці.
— Невядома, — з горыччу прамовіў я.
Цяжка сказаць, што мы прыдумалі б, калі б я не ўбачыў свайго браціка, другакласніка Міколку. Ён са школы выходзіў.
— Міколка, — паклікаў яго.
Міколка падышоў да нас, спыніўся насупраць і… нечакана заплакаў. Плакаў ён не па-сапраўднаму, а, як кажуць, сілаю выціскаючы з сябе слязу.
— Двойку атрымаў? — здагадаўся я.
— Не-а. Пасля ўрокаў сядзеў, - зарумзаў Міколка. — Па чытанню. Я толькі крышачку запнуўся, а настаўніца мяне пакінула.
— Усе пасляўрочнікі кажуць, што толькі крышачку запнуўся, — па-філасофску зазначыў я.
Міколка глянуў на мяне спадылба:
— Не скажаш маме?
Задаволены, я ажно рукі пацёр. Усё-ткі шанцуе мне сёння.
— Міколка, — пачаў знарок строга, — маме сёння галава баліць, ажно расколваецца. Расхвалявалася яна. Яшчэ і ты яе парадуеш.
— Я не хацеў…
«Вось дзівак, — падумаў я. — Каму хочацца, каб пасля ўрокаў пакідалі? Гэткія добраахвотнікі яшчэ не сустракаліся ў маім жыцці».
— Я крышку запнуўся, — цягнуў, не спыняўся Міколка.
— Цаца, цаца, — пагладзіў яго па галаве Дзіма і дадаў: — Хоць валасы доўгія, але розум кароткі.
— Не смейцеся, — мацней захліпаў Міколка. — Не скажаш маме?
Я падміргнуў Дзіму: маўляў, сачы, хутка мой Міколка на ўсё згодзіцца, вяроўкі з яго можна будзе віць.
— Сам не ведаю, што з табою рабіць, — разводжу рукамі.
— Не кажы. Я за цябе падлогу памыю. Мама скажа, каб ты памыў, а я сам памыю.
Нарэшце я вырашыў парадаваць яго:
— Не скажу. Толькі ты да бабкі Веркі сходзіш. Папросіш, каб таблетак ад галавы дала. Маме занясеш. Добра?
Міколка шчасліва ўсміхнуўся:
— Добра.
І пабег, падскокваючы як кураня.
— Перадай маме, што я ў школе затрымаўся, — крыкнуў яму наўздагон.
— Добра.
— А ўсё-ткі нецікава было б на свеце жыць, калі б не было такіх малых, як твой Міколка. Не засумуеш з імі, - задуменна прамовіў Дзіма.
Я паглядзеў на Дзіму, усміхнуўся:
— Калісьці і мы такімі былі.
Правёўшы вачамі Міколку, мы павярнуліся і пакрочылі ў лес.
Як і тады, калі шукалі Бабу Ягу, цёпла грэла сонца, у паветры ляталі лёгкія павуцінкі.
Мы прайшлі па дарозе метраў дзвесце, спыніліся.
— Трэба пагукаць, — прапанаваў Дзіма. — Можа, пачуе нас работнік.
— Давай, — згадзіўся я.
— Дзядзька работнік! — першым гукнуў Дзіма.
Пачакалі, азіраючыся. Ціха вакол.
— Дзядзька селянін! — штосілы гукнуў я. Зноў ціха.
— Цяпер удвух гукнем, — звяртаюся да Дзімы.
— Давай.
Як мага набраўшы ў лёгкія паветра, мы дружна крыкнулі:
— Дзядзь-ка ра-бот-нік? Дзе вы-ы-ы?… Дзе вы-ы-ы?…
«Ы-ы-ы», — пераклікаючыся, панеслася па лесе рэха.
— Няўжо ў казку пайшоў? — уздыхнуў Дзіма.
— Я тут, — нечакана пачулася ззаду.