51762.fb2 Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 53

Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 53

Мы імгненна павярнуліся.

З-за невялікай кашлатай елачкі выглядваў знаёмы барадаты работнік. Той, які льва раскаваў.

— Ура! Знайшлі дзядзьку работніка! Знайшлі! — не вытрымаў я.

— Вы мяне дзядзькам Тодарам клічце, — прагаварыў работнік.

— Дзядзька Тодар, да нас ідзіце, на дарогу, — паклікаў Дзіма.

Дзядзька Тодар, азіраючыся па баках, выйшаў на дарогу.

«Вось драла даваў бы, каб убачыў, што трактар едзе», — падумалася мне.

— Тады, каля студні, я нават не пазнаёміўся з вамі. Сустрэліся і разышліся, — прагаварыў дзядзька Тодар, усё азіраючыся.

— Мяне Міхась зваць, а майго сябра Дзіма, — сказаў я. — А вы чаму за елку схаваліся?

Дзядзька Тодар цяжка ўздыхнуў:

— Каб ведаў, што тут такое робіцца, ніколі не пайшоў бы. У нас не соладка, а ў вас яшчэ мудрэй. Жалезны Цмок проста па вуліцы бегае.

— Дык гэта трактар! — усклікнуў Дзіма. — Ён зямлю арэ. Замест каня. Прычэпяць плугі, а ён цягне. Цмока ў нас ад веку не было. Ён толькі ў вас, у казцы, аціраецца.

— Няўжо тое страшыдла-трактар плугі цягае? — не паверыў дзядзька Тодар.

— У нас яшчэ і камбайн ёсць, — пахваліўся я. — Ён жне і малоціць. У вас цэпам малоцяць, а ў нас камбайн. Лёгка і хутка.

— Шчаслівыя, — зноў уздыхнуў дзядзька Тодар. — А я напалохаўся. Думаў: пасяджу тут да вечара, пачакаю, а як крыху суцішыцца, зноў у вёску пайду. Патрэбныя вы мне.

«Добра, што знайшлі яго, — думаю. — Вось каб ноччу прыйшоў ды ў наша акно пастукаў! Мама, пэўна, здранцвела б, як толькі яго бараду ўбачыла б».

— Дзядзька Тодар, штосьці здарылася ў вас? — спытаўся Дзіма.

— Здарылася, хлопчык. Адгадаў ты. Цмок — цар лясны, пудзіла паганае, — у музыкі-чарадзея скрыпку ўкраў. Не жадае, каб музыка-чарадзей добрых людзей весяліў, радасць ім дарыў. А без скрыпкі музыка-чарадзей як былінка на ветры. Не стала ў яго сілы. Цмок згроб яго ды з сабою пацягнуў. Дзесьці закаваў, хоча голадам замарыць. Няма нашага заступніка. Плачам мы, як дзеці малыя. Рукі апусціліся, і ногі падкасіліся. На вас адно спадзяванне. Вы льва напаілі. Няўжо паганага Цмока не адолееце?

— Дык мы яго ў лес прагналі! — усклікнуў я. — Ён паабяцаў, што будзе ў гушчары сядзець.

Дзядзька Тодар нявесела ўсміхнуўся:

— Такім, як Цмок, паабяцаць, што раз плюнуць. Яны шмат чаго наабяцаюць — толькі вушы развесь. Вылез ён з гушчару, як даведаўся, што вы дамоў пайшлі. Цяпер нам помсціць. Нездарма людзі кажуць: як выбіўся ў паны, так і дзверы стаў адчыняць нагою.

Не думаў я, што гэткае пачую. Няўжо зноў давядзецца з Цмокам сустрэцца? Цяжка сказаць, ці адолеем цяпер. У яго сіла нечалавечая, ды яшчэ чарадзейная скрыпка ў руках. А што ў нас? Кемлівасць. Вось і ўсё. Так, невядома, ці зможам Цмока перамагчы.

Дзіма як адгадаў мае думкі.

— Дзядзька Тодар, — сказаў ён, — а вы папрасіце Цмока, каб музыку-чарадзея адпусціў.

— Хутчэй бусел жарабя народзіць, як ён гэта зробіць, — прагаварыў дзядзька Тодар.

Я зірнуў на Дзіму:

— Дапаможам?

Дзіма некалькі секунд стаяў моўчкі, а потым з сілаю рассек паветра рукою.

— Ах, паганка! Ах, мухаморына! Ашукаў! Нас ашукаў! Дапаможам. Мы яго, мы яго…

— Навучым, як на сабак брахаць, — дакончыў я за Дзіму.

— То пайшлі. Кожная хвілінка дарагая, — сказаў дзядзька Тодар.

І мы, ужо ўтрох, пайшлі па лясной дарозе.

ЯК МЫ ЦМОКУ ЗУБ ВЫРЫВАЛІ

Наезджаная калёсамі дарога скончылася. Пачаўся яловы лес.

— Ужо ў казцы мы, — ціха прамовіў я.

— Угу, — выдыхнуў Дзіма.

Дзядзька Тодар збочыў на вузенькую сцяжынку. Мы моўчкі пацягнуліся за ім. Неўзабаве выйшлі на палянку, дзе некалі сустрэлі трох братоў.

— Не натаміліся? Мо прысядзем? — спытаўся дзядзька Тодар.

— Прысядзем, — сказаў Дзіма.

Мы селі на траву. Не ведаю, пра што думалі дзядзька Тодар і Дзіма, а вось у мяне думкі былі невясёлыя. Успомніў маму. Напэўна, сядзіць, чакае, калі вярнуся. Ведала б, што мы тут, у казцы, — прыбегла б. Абавязкова прыбегла б. І Цмока не збаялася б. Дзе ён цяпер, страшыдла, пудзіла паганае? Мабыць, сядзіць на пні ды на скрыпцы іграе. Ён іграе, а маме галава баліць. Хай наадварот было б.

Я лёг на траву, заплюшчыў вочы. Хацелася адагнаць благія думкі. Ляжаць проста так, адпачываючы. Але адпачыць не прыйшлося. Здалёку, дзесьці з гушчару лесу, данёсся нейкі стогн ці нават енк. Гэткага стогну мне яшчэ ніколі не даводзілася чуць. Спачатку чулася глухое: у-у-у. Пасля рэзка пераходзіла на пісклівую ноту: а-а-а.

Я ўскочыў як падсмалены. Дзядзька Тодар і Дзіма таксама ўсхапіліся.

— Што гэта? — крыкнуў Дзіма.

Я паціснуў плячамі, а дзядзька Тодар няўпэўнена прагаварыў:

— Можа, звер які ў пастку трапіў?

Стогн чуўся ўсё выразней і гучней. Тое, што стагнала, відаць, набліжалася да нас. У мяне чамусьці засвярбелі падэшвы. Ці не таму, што хацелася ірвануцца, каб толькі ад гэтай палянкі далей. Ледзь-ледзь стрымліваў сябе.

Да майго пляча дакрануўся Дзіма:

— Міхась, ты не баішся?

Я і вокам не змаргнуў:

— А чаго мне баяцца?

— А мне крыху не па сабе, — прызнаўся Дзіма.