51762.fb2
— Я цябе паламлю, раструшчу. Калі не мне, то і нікому.
З крыкам «Спыніся, паганы Цмок!» Дзіма выскачыў на паляну. Я пабег за ім.
Нам здавалася, што Цмок, убачыўшы нас, пакіне скрыпку і ўцячэ. Два разы ўцякаў жа як падмецены. Ды цяпер чамусьці не стаў уцякаць. Стаіць, пазірае на нас, рот да вушэй.
— Чаму ты ад нас не ўцякаеш? — кажу, зусім разгубіўшыся.
Цмок пачасаў за вухам, пазяхнуў:
— А куды мне ўцякаць? Тут мой дом. Вы ўцякайце. Паспрабуйце.
У апошнім — «паспрабуйце» — чулася пагроза. Так, у гэтую хвіліну мы не пазнавалі Цмока. Нядаўна на каленях стаяў, слёзы ліў, а цяпер нахабна пазірае.
Чаму адразу змяніўся? Штосьці тут не так. Не так…
Але разважаць не было калі.
— Дык што скажаце? — усміхнуўся Цмок.
Наперад выступіў Дзіма:
— Скрыпку аддай. Мы табе зуб вырвалі, а ты нам скрыпку аддай.
Цмок хуценька падняў скрыпку, прытуліў да грудзей:
— Аддам, калі мільён золатам заплаціце.
У мяне вочы на лоб палезлі, як пачуў гэткае. «Мільён золатам заплаціце…» Ды мы такіх грошай і ў вочы не бачылі. Не Цмок, а сапраўдны замежны камерсант.
- І не брыдка табе? — з дакорам прагаварыў я. — Грошы ў школьнікаў пытаеш.
А з Цмока як з гусі вада.
— А мне ўсё роўна, хто вы: школьнікі ці чэрці паласатыя. Абы плацілі.
— Няўжо табе не брыдка? — усклікнуў Дзіма.
— Ніколечкі…
— Зараз мы…
Дзіма не паспеў дагаварыць, Цмок перапыніў:
— Што, падужацца са мною захацелася? А вы спачатку на турніку падцягніцеся.
Толькі цяпер мы заўважылі, што за буданам стаіць новенькі металічны турнік.
— Навошта табе турнік? — пацікавіўся я.
— Падцягваюся. Каб дужэйшым быць. На днях кавалі мне яго зрабілі. Самі прынеслі, самі і ўкапалі. Чаго сталі? Падцягвайцеся.
Не чакаў я, што прыйдзецца на турніку падцягвацца. Гэты турнік і ў школе стараўся абыходзіць. Праўда, разоў пяць падцягваўся пад прымусам. А вось Дзіма на турніку нават сонца навучыўся круціць. Таму цяпер і падштурхнуў яго:
— Давай, Дзіма. Пакажы клас.
Дзіма ступіў наперад.
— Не, — замахаў галавою Цмок. — Спачатку хай той падцягнецца, кірпаты.
І паказаў пальцам на мяне.
Што было рабіць? Я моўчкі паплёўся да турніка. Стаў пад перакладзінай, папляваў на рукі, падскочыў, ухапіўся.
— Пачынай, — каля самага вуха галёкнуў Цмок.
«Каб табе ўсе зубы зараз забалелі», — пажадаў я яму, павольна падцягваючыся ўгору.
— Адзін, — пачаў лічыць Цмок.
Я падцягнуўся другі раз.
— Два.
Рукі сталі слабнуць. Я вырашыў схітрыць. Падцягнуўся, толькі-толькі датыкаючыся галавою да перакладзіны.
— Трэба вышэй! — заверашчэў Цмок. — Трэба, каб барада за перакладзіну чаплялася.
Злосць мяне разабрала. «Ну, — думаю, — падцягнуўся вышэй і нагою ў зубы. Быццам незнарок».
Паволі-паволі стаў падымацца ўгору…
— Рукі дрыжаць, як у старэнькага дзеда, — зайшоўся ад смеху Цмок.
Гэты смех мяне, як гаворыцца, і даканаў. Пальцы быццам самі сабою расшчапіліся, і я ўпаў на зямлю. Было нясцерпна брыдка. Нават вачэй не хацелася падымаць.
— Што, зарыў носам у зямлю? — дакрануўся да пляча Цмок.
Я ўсхапіўся на ногі. А Цмок нечага пабег у будан. Праз хвіліну вылецеў адтуль, трымаючы ў руках тонкі шаўковы шпагат. Даволі вялікі кавалак, наматаны на паленца.
— Ану, — падштурхнуў Дзіму да мяне, — памерайцеся: хто з вас большы?
Дзіма падышоў да мяне, а Цмок у гэты момант абхапіў нас аберуч, як два снапы, прыціснуў і пачаў хутка-хутка абкручваць шпагатам.
Цяпер я адчуў, якую ён меў сілу. Мы з Дзімам ляталі ў яго руках, як дзве бязважкія перынкі.
Не паспелі і рота адкрыць, а ўжо стаім, прыціснуўшыся адзін да аднаго, як два родныя браты-баравікі.